Фота: Alessandra Tarantino / AP

Фота: Alessandra Tarantino / AP

Правы ўрад Джорджы Мелоні мае намер пакласці канец практыцы італьянскіх школ, якія адмаўляюцца ад каляднай сімволікі і традыцыі рэлігійнай разнастайнасці. Прэм'ер-міністарка Італіі заявіла, што спыненне хрысціянскай практыкі з меркаванняў мультыкультуралізму — гэта атака на нацыянальныя каштоўнасці, піша Бі-бі-сі.

Законапраект, прадстаўлены сенатарамі ад яе партыі «Браты Італіі», прадугледжвае штрафы для кіраўнікоў навучальных устаноў і выкладчыкаў, якія, нягледзячы на просьбы бацькоў або вучняў, забараняюць, у прыватнасці, калядныя батлейкі — цацачныя мадэлі, якія паказваюць нараджэнне немаўляці Хрыста — паўсюдна распаўсюджаныя калядныя інсталяцыі ў Італіі і па ўсёй каталіцкай Еўропе.

Унесены ўрадам законапраект накіраваны на абарону «культурных каранёў» краіны шляхам заахвочвання «традыцыйных святкаванняў» Калядаў і Вялікадня.

Згодна з гэтым законапраектам, штрафам могуць падвергнуць дырэктараў, якія вырашылі адмовіцца ад правядзення калядных святаў.

«Ужо некалькі гадоў мы назіраем непрымальныя і ганебныя рашэнні некаторых школ, якія забараняюць калядныя сцэны або змяняюць глыбінную сутнасць Каляд, ператвараючы іх у непраўдападобныя «зімовыя святы», каб не абразіць пачуццяў вернікаў іншых рэлігій», — сказала Лавінія Менуні, сенатарка ад партыі «Браты Італіі», якая прадставіла законапраект.

У адпаведнасці з законапраектам, школы не змогуць перашкаджаць «ініцыятывам бацькоў, вучняў або ўпаўнаважаных школьных органаў, накіраваным на мерапрыемствы, звязаныя з традыцыйнымі святамі, такімі як Каляды і Вялікдзень, напрыклад, усталяванне сцэн Раства, спектаклі і іншыя мерапрыемствы, звязаныя з імі».

«Дазвол ператварэння хрысціянскіх святаў у іншы безаблічны від святкавання будзе ўяўляць сабой дыскрымінацыю ў дачыненні да навучэнцаў і іх сем'яў, якія вызнаюць рэлігію большасці, а таксама замах на каштоўнасці і найглыбейшыя традыцыі нашага народа», — гаворыцца ў праекце закона.

Гэты крок падвергнуўся бурнай крытыцы з боку левых партый і школьных прафсаюзаў.

Сама Мелоні не раз падкрэслівала, што каталіцызм ляжыць у аснове яе італьянскай ідэнтычнасці.

У 2019 годзе яна сказала: «Я Джорджы, я жанчына, я маці, я італьянка, я хрысціянка. Ніхто не адбярэ гэтага ў мяне».

Чытайце таксама:

Упершыню частка беларускіх праваслаўных будзе адзначаць Каляды 25 снежня па новым стылі

Расклад святочных імшаў на Каляды ў беларускіх суполках у Польшчы і Літве

Клас
65
Панылы сорам
5
Ха-ха
2
Ого
5
Сумна
5
Абуральна
2