Алена Жываглод і Аляксандр Дабравольскі. Фота: архіў Алены Жываглод і фэйсбук Аляксандра Дабравольскага

Алена Жываглод і Аляксандр Дабравольскі. Фота: архіў Алены Жываглод і фэйсбук Аляксандра Дабравольскага

«Мы выкарыстоўваем палітычнае шоу рэжыму Лукашэнкі як нагоду абмеркаваць сітуацыю ў краіне»

Ініцыятыва «Чэсныя людзі» прапануе ў адзіны дзень галасавання выкарыстаць «актыўны байкот» — прыйсці на ўчасткі і паставіць у бюлетэні птушачку «супраць усіх».

«Вынік гэтай кампаніі — не пратэсты або працэнты галасавання. Гэта новыя людзі, новыя ідэі, новыя абмеркаванні і дадатковая ўвага да кораню ўсіх праблем Беларусі — палітычнай сістэмы, выбудаванай вакол дыктатара, а не людзей», — адзначаецца ў звароце ініцыятывы «Чэсныя людзі».

Лідарка суполкі Алена Жываглод тлумачыць: «Мы выкарыстоўваем гэтае палітычнае шоу рэжыму Лукашэнкі як нагоду абмеркаваць сітуацыю ў краіне з новымі людзьмі, атрымаць асабісты досвед і ўмацаваць грамадзянскую супольнасць, — тлумачыць яна. — Расказаць знаёмаму ў чарзе пра тое, што нам жадаюць прызначыць дэпутатаў, і растлумачыць, чаму вы плануеце паставіць супраць усіх — гэта і ёсць актыўны байкот».

Алена Жываглод. Фота: архіў Алены Жываглод

Алена Жываглод. Фота: архіў Алены Жываглод

Па словах Алены Жываглод, сэнс актыўнага байкоту ў тым, каб пашыраць кола паплечнікаў і выказаць нязгоду з дыктатурай праз даступныя метады.

«Адзіны дзень «галасавання» — гэта не фінальны пункт, — даводзіць Алена Жываглод. — Гэта нагода для агульных дзеянняў. Размаўляць з сябрамі ды блізкімі пра выбары, ставіць «супраць усіх» — усё гэта пра дзеянне, пра тое, каб не пагаджацца з дыктатурай».

Алена Жываглод настойвае, што стратэгія «Чэсных людзей» не разыходзіцца з офісам Святланы Ціханоўскай.

«Гэта магчымасць апавесці больш шырокаму колу людзей пра тое, што адбываецца ў краіне, з правамі чалавека, палітвязнямі, як Лукашэнка дапамагае Пуціну ў вайне і гэтак далей, — тлумачыць яна. — Дыктатуры толькі і трэба, каб мы былі ў апатыі, сядзелі дома і сумавалі. А мы павінны рабіць, наколькі гэта бяспечна: захоўваць сябе, аб’ядноўвацца, абменьвацца навінамі, не адварочвацца ад палітыкі».

Алена Жываглод заўважае, што без актыўнага ўдзелу грамадзян не будзе ніякай дэмакратыі.

Што да розніцы ў стратэгіях, то, паводле яе меркавання, гэта «цалкам натуральна для дэмакратычнага працэсу», бо «дапамагае больш шырокаму абмеркаванню».

«У сітуацыі, калі «адзіны дзень галасавання» не з'яўляецца рэвалюцыйным і вынік вядомы загадзя, то рознасць у тактыцы не шкодзіць дэмакратычнаму руху», — падкрэслівае Жываглод, якая таксама з'яўляецца сябрам Каардынацыйнай рады.

«Няма сэнсу ўдзельнічаць у імітацыі»

Святлана Ціханоўская заклікала байкатаваць выбары. Яе старшы палітычны дарадца Аляксандр Дабравольскі падкрэслівае: цяпер няма ніякіх умоваў для выбараў у Беларусі. Кожны дзень арыштоўваюць 15 — 20 чалавек, нават за лайкі ў сацыяльных сетках. У турмах тысячы людзей па палітычных матывах. Ліквідаваны ўсе апазіцыйныя партыі, незалежныя СМІ і тысячы грамадскіх арганізацый. Тых, хто ўдзельнічаў у назіранні ці ставіў подпісы за незалежных кандыдатаў, звальняюць з працы ці арыштоўваюць.

«Сістэма фальсіфікацый засталася ранейшай, вынік вядомы загадзя, — даводзіць ён. — Нам прапануюць па сутнасці бязвыбары, дэманструючы пагарду да права людзей выбіраць. Але мы пакідаем за сабой права з не меншай пагардай ставіцца да падману. Мы не маем намеру дапамагаць «перагарнуць старонку», выдаўшы безвыбары за галасаванне».

Таму, працягвае палітык, «мы заклікаем адмовіцца ад удзелу ў гэтым падмане і імітацыі, у любых мерапрыемствах, з ім звязаных».

Калі насуперак сваёй волі нехта прыйдзе на выбарчы ўчастак, рэкамендуюць галасаваць супраць усіх.

Аляксандр Дабравольскі. Фота: фэйсбук Аляксандра Дабравольскага

Аляксандр Дабравольскі. Фота: фэйсбук Аляксандра Дабравольскага

Аляксандр Дабравольскі тлумачыць, што дае такая стратэгія на прыкладзе гульні з шулерам.

«У вас просты выбар: уступіць у гульню ці адмовіцца. У ашуканца вы выйграць не можаце, аднак можаце не даць выйграць яму. Для гэтага проста не трэба ісці на яго ўмовы, — адзначае ён. — Уявіце сабе: вашай маме па тэлефоне хтосьці кажа, што ёй трэба аддаць камусьці свае грошы. Першае, што трэба зрабіць — гэта адмовіцца. Вядома, ашуканец павінен панесці адказнасць, але найперш трэба не паддацца на падман».

Паводле слоў палітыка, пазіцыя Офісу Ціханоўскай і ініцыятывы «Чэсныя людзі» супадаюць у галоўным: «трэба выказаць недавер ашуканцам і пратэст супраць падману».

Розніца аднак у тым, што Офіс не заклікае ісці на выбарчыя ўчасткі.

«На наш погляд, няма сэнсу ўдзельнічаць у імітацыі, — кажа Аляксандр Дабравольскі. — Аднак мы ведаем, што многіх людзей прымусяць прыйсці пагрозамі. У такім выпадку мы прапануем прагаласаваць супраць усіх кандыдатаў. Такім чынам, мы ўсе заклікаем выказаць свой пратэст супраць ашуканства, прапануючы хоць і розныя, але блізкія па сэнсе формы пратэсту».

Глядзіце таксама:

Рэжым пачаў адбіраць кадры ў выбаркамы на Адзіны дзень галасавання. Але не тое, каб людзі туды рваліся

Як у Беларусі могуць адбыцца перамены? Апазіцыя разглядае чатыры варыянты

Дзяржпрапаганда абвінавачвае дэмсілы ў раз’яднанасці. А як на самай справе?

Жываглод з «Сумленных людзей»: З намі звязалася ўжо 150 членаў камісій

Клас
19
Панылы сорам
28
Ха-ха
5
Ого
2
Сумна
4
Абуральна
4

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?