Vartagram. Фота: «Кіберпартызаны»

Vartagram. Фота: «Кіберпартызаны»

Што такое Vartagram і якія ў яго ёсць унікальныя функцыі?

Vartagram — гэта тэлеграм-кліент для iOS ад «Кіберпартызан». Вось што ён умее ў параўнанні са стандартным:

  • Кліент дазваляе аўтаматычна схаваць акаўнты і сакрэтныя чаты, калі тэлеграм неактыўны. Ад іх не будуць прыходзіць паведамленні або апавяшчэнні. Дзеля таго, каб яны зноўку паказваліся, давядзецца ўвесці сакрэтны код.
  • Можна выкарыстоўваць да дзесяці акаўнтаў адначасова. Таксама можна перакладаць змесціва каналаў, групаў і чатаў без Telegram Premium — праўда, элементы з выдзяленнем (напрыклад, курсіў або тлусты шрыфт) без прэміума перакладацца не будуць. А яшчэ можна будзе пераўтвараць галасавыя ў тэкст без падпіскі Telegram Premium.
  • Таксама ён дазваляе наладжваць пад сябе шмат якія элементы тэлеграма: напрыклад, у каналах можна будзе схаваць каментары або рэакцыі, адключыць апавяшчэнні пра лайкі вашых паведамленняў, зрабіць так, каб публікацыі адлюстроўваліся на ўвесь экран. Можна змяняць камеру па змоўчанні для «кружочкаў» у праграме — з франтальнай на тылавую і наадварот.
  • Кліент пашырыць функцыі стандартнага Telegram. Да прыкладу, можна будзе бачыць у профілі ID людзей або каналаў, а таксама дату іхняга стварэння. А нумар тэлефона і ID будуць схаваныя ад чужых вачэй ва ўкладцы «Налады», каб іх не мог паглядзець выпадковы чалавек, каб вы яе адкрыеце. Каб іх зноўку паказаць, трэба пацягнуць уніз.
  • Калі ў вас Telegram Premium, то ўсе функцыі будуць працаваць і ў Vartagram.
  • Vartagram не будзе знешне ідэнтычны арыгінальнаму, як на Android — у iOS гэта немагчыма.

Ці надзейны новы кліент?

«Кіберпартызаны» расказалі «Нашай Ніве», што цяпер адбываецца тэсціраванне кліента. Яны запрашаюць беларусаў замежжа дапамагчы з гэтым. Калі вы здольныя тэсціраваць праграмы і выехалі з Беларусі, то напішыце ў бот «Кіберпартызанаў» і вам дадуць доступ да TestFlight. Калі вы распрацоўшчык, то можаце праглядзець зыходны код праграмы і напісаць свае заўвагі ў бот або на Github.

Таксама плануецца аўдыт кода. «Кіберы» пакуль не рэгістраваліся на яго, але будуць гэта рабіць.

Калі ён будзе даступны для ўсіх?

«Кіберпартызаны» кажуць, што пакуль прагназаваць гэта дакладна немагчыма. Па-першае, мусіць прайсці тэст кода праграмы. Па-другое, трэба прайсці аўдыт. Па-трэцяе, яны хочуць улічыць пажаданні тых, хто прыме ўдзел у тэсце.

Складанасць яшчэ і ў тым, што ў iOS больш абмежаванняў і распрацоўшчыкі залежныя ад App Store і ягонай палітыкі. Тое, каб патрапіць у App Store, таксама зойме час.

Чытайце таксама:

Тлумачым, якім чынам сілавікі знаходзяць карыстальнікаў Telegram і як гэтага пазбегнуць

Кіберпартызаны — пра выкачаныя базы, агентаў рэжыму, Пазняка і КДБ. Новы «Ток» з Юліянай Шаметавец

Стала вядома імя адміністратара таксічных гомельскіх паблікаў — расследаванне «Флагштока»

Клас
7
Панылы сорам
2
Ха-ха
3
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
2