Багдан і Валерыя пасля перасячэння беларуска-ўкраінскай мяжы. Фота: інстаграм адвакаткі Кацярыны Баброўскай

Багдан і Валерыя пасля перасячэння беларуска-ўкраінскай мяжы. Фота: інстаграм адвакаткі Кацярыны Баброўскай

Багдан стаў сіратой, яшчэ калі яму было восем гадоў. Яго стрыечная сястра Валерыя (таты дзяцей — родныя браты) у той час таксама была занадта юнай для таго, каб аформіць апеку. Дзяўчыне было 16 гадоў. Потым Валерыя з’ехала з роднага Марыупаля вучыцца ў Адэсу.

«Спачатку Багдан жыў у прыёмнай сям’і, потым — у дзіцячым доме сямейнага тыпу, — распавяла Валерыя. — Якраз перад пачаткам вайны брат хацеў прыехаць да мяне ў Адэсу, але не выйшла. Дзесьці ў красавіку 2022 года — Багдан кажа, што гэта адбылося каля Вялікадня — яго разам з тымі бацькамі і іншымі дзецьмі з таго дзіцячага дома сямейнага тыпу расійскія вайскоўцы вывезлі ў акупаваны Данецк. Ім абяцалі, што яны змогуць вярнуцца ў Марыупаль, калі там скончыцца «зачыстка» — так вайскоўцы казалі пра тое, што адбывалася з горадам».

Валерыя разам са сваім маленькім дзіцём пасля трох тыдняў вайны эвакуіравалася ў Турцыю.

Час ішоў, і расійскія ўлады прапанавалі вывезеным дзецям адпачыць у падмаскоўным санаторыі «Паляны» для псіхалагічнай рэабілітацыі. І дзеці паехалі — бо шчыра верылі, што потым ім удасца вярнуцца ў Марыупаль. А эмацыйнае становішча сапраўды было цяжкім. Валерыя кажа, што ніякіх дакументаў у Багдана з сабой не было.

«Мы з братам маглі толькі перапісвацца ў інстаграме, — адзначае Валерыя. — Ён адказваў заўсёды аднаскладова. Таму я ўсім казала, што ў мяне такое ўражанне, што Багдан знаходзіцца ў небяспецы. Імкнуліся не гаварыць на нейкія цяжкія тэмы. Мне было вельмі цяжка стрымліваць сябе і не пісаць пра ўсё тое, што я адчуваю з-за расійскай агрэсіі. Але ж, што было рабіць».

Пасля адпачынку ў санаторыі высветлілася, што вяртаць дзяцей ва Украіну ніхто не спяшаецца.

«Шчыра кажучы, я не ведаю ўсіх падрабязнасцей таго, што адбывалася. Я так зразумела, што Марыя Львова-Бялова, упаўнаважаная па абароне правоў дзяцей у Расійскай Федэрацыі, пачала размяркоўваць дзяцей па прыёмных сем’ях».

У 2023 годзе міжнародны суд у Гаазе выдаў ордар на арышт Львовай-Бяловай — яе абвінавачваюць у незаконным перамяшчэнні дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны ў Расію. Сабе ў сям’ю Львова-Бялова таксама забрала падлетка-сірату з Марыупаля, якога завуць Філіп Галаўня — яго цяпер часта выкарыстоўваюць у прапагандысцкіх сюжэтах, каб паказаць, як украінскія дзеці любяць Расію.

Багдан жа апынуўся ў сям’і даволі вядомай у Расіі актывісткі Ірыны Рудніцкай, пра якую СМІ часта пішуць, што яна — паплечніца Львовай-Бяловай. Але Валерыя з павагай называе жанчыну Ірынай Львоўнай і кажа, што тая заўсёды была на баку Багдана і выступала за тое, каб хлопцу дазволілі вярнуцца на радзіму.

«Для мяне было ўвогуле дзіўна, што Ірына Рудніцкая падтрымлівала нас у гэтай сітуацыі. Я памятаю, яна арганізавала для мяне анлайн-дыялог з Таццянай Мікалаеўнай Маскальковай, упаўнаважанай па правах чалавека ў Расійскай Федэрацыі (Маскалькова нарадзілася ў Віцебску. — НН). Ірына Львоўна набрала мяне па відэасувязі, калі была ў кабінеце ў Маскальковай. Тая спытала ў мяне, ці сапраўды я хачу забраць брата. Я адказала: «Так». Тады Таццяна Мікалаеўна сказала, што зробіць усё магчымае для таго, каб вярнуць Багдана».

Валерыя кажа, што ёй было складана аформіць апеку над братам з-за былога мужа.

«Ва Украіне — я думаю, што і ў Беларусі прыкладна такая ж сітуацыя, — каб узяць дзіця пад апеку, трэба пісьмовая згода мужа і жонкі. А мы з мужам на той момант ужо некалькі гадоў не бачылі адно аднаго — з 2020 года ніяк не камунікавалі. Таму аформіць апеку над Багданам я змагла толькі пасля цяжкага працэсу разводу. У нас жа яшчэ маленькае дзіця — з-за гэтага ўсё адбывалася не вельмі хутка».

Але і пасля таго, як Валерыя афіцыйна стала апекуном стрыечнага брата, забраць яго з Расіі не атрымлівалася. Дапамагаць ім вырашыць пытанне стала ўкраінская адвакатка Кацярына Баброўская. Яна займалася справай Багдана і іншых дзяцей з так званага «спісу 31» — сірот, якіх вывезлі з Марыупаля ў Расію.

Багдан двойчы спрабаваў збегчы ва Украіну, але яго кожны раз лавілі — адбывалася гэта недзе каля беларускай мяжы.

«Разумееце, ён жа дзіця, яму хацелася як мага хутчэй апынуцца на радзіме, — кажа Валерыя. — У брата быў цяжкі эмацыйны стан. У каледжы яго цкавалі іншыя падлеткі — за тое, што ён сірата, што ён «хахол». Але ж ён не мог суткамі знаходзіцца дома побач з прыёмнай мамай. А соцыум вельмі ціснуў на Багдана».

Першая спроба адбылася ў сакавіку 2023 года. Пра гэта адвакатка Кацярына Баброўская распавядала ў інтэрв’ю «Новай газеце»:

«Ён увесь час мне казаў, што хоча дадому, ва Украіну. У сярэдзіне сакавіка мы абмяркоўвалі, як будзем гэта рабіць. Але ў нейкі момант ён мне патэлефанаваў ужо ў дарозе і сказаў: «Каць, я еду. Без дакументаў». Я ўскочыла ў машыну і панеслася да яго з боку Нямеччыны. Усе яго дакументы былі ў мяне на руках, пашпарт, даверанасці — усё, што патрабуецца для перамяшчэння дзіцяці…»

Як сцвярджае «Новая газета», Багдана і Кацярыну затрымалі ў Беларусі прыкладна адначасова: яе ў заходняй частцы Беларусі, яго — ва ўсходняй. Пра дэталі таго затрымання Кацярына не стала распавядаць журналістам. Валерыя кажа, што адвакатку вельмі доўга дапытвалі і прыём быў даволі нядобры, але на суткі адпраўляць не сталі і дазволілі вярнуцца ў Еўрасаюз.

Расійскія прапагандысты ў гэты час расказвалі, быццам бы хлопец стаў ахвярай украінскіх спецслужбаў, якія падманам і шантажом паспрабавалі выманіць яго на радзіму. Багдан жа запісваў відэазвароты да прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага з просьбай дапамагчы вярнуцца ва Украіну.

Амаль за два тыдні да свайго васямнаццатага дня нараджэння Багдан атрымаў позву ў ваенкамат на 19 лістапада 2023 года. У сацсетках адвакатка пісала, што Багдана сапраўды могуць адправіць у расійскую армію.

10 лістапада Львова-Бялова ўсё ж такі афіцыйна паведаміла пра тое, што Багдана вернуць. Хлопец напісаў адмову ад таго, каб яму здалі на спецыяльных умовах кватэру ў Маскоўскай вобласці.

Але яшчэ 13 лістапада Багдан казаў у сацсетках, што не ведае нічога пра свой ад’езд і патрабаваў паведаміць яму дэталі. Валерыя кажа, што таксама мала што ведала:

«Для мяне ўсё было максімальна незразумела. Казалі толькі, што сустрэча з Багданам адбудзецца недзе на тэрыторыі трэцяй краіны. Літаральна за некалькі дзён мне сказалі, што трэба будзе ехаць у Мінск. Я вельмі баялася ехаць у Беларусь. Ведаеце… У мяне адзін дзядуля пахаваны ў Беларусі: і ўвогуле я добра стаўлюся да гэтай краіны, але ў той сітуацыі, якая склалася цяпер… Для мяне Беларусь была такой самай краінай-агрэсарам, як і Расія.

Вось шчыра: для мяне яна не з’яўлялася «трэцяй краінай». Вобразна кажучы, Беларусь за руку з Расіяй ходзіць». 

У Беларусь з тэрыторыі Украіны Валерыя трапіла праз наземную мяжу. Дзяўчыне падалося, што памежны кантроль быў больш жорсткім, чым звычайна. Але яна дадае: «Можа, для Беларусі гэта звычайная працэдура».

На беларускім баку дзяўчыну сустракалі жанчына з Чырвонага Крыжа, украінскі консул і прадстаўнікі Дзіцячага фонду ААН. Далей яна паехала ў беларускую сталіцу, дзе некалькі гадзін чакала брата ў гатэлі.

«Мы засталіся пераначаваць у Мінску. Але горада я не бачыла. Не, не падумайце, што мне забаранялі кудысьці хадзіць. Але я сама вельмі хвалявалася і баялася, мяне ўсю трэсла. Ніяк не магла паверыць у тое, што сапраўды пабачу Багдана. Столькі ж усяго было да гэтага моманту — і позва гэтая ў ваенкамат, і ў бальніцу яго раптоўна хацелі пакласці невядома навошта. Цягнулі час як толькі магчыма».

Багдана суправаджалі прадстаўнікі Расіі. Яны непрыемна ўразілі Валерыю.

«Калі мы стаялі ў гатэлі на рэсэпшыне, яны павіншавалі брата з днём нараджэння і папрасілі зрабіць з ім фота. Казалі, быццам бы гэта патрэбна толькі для нейкай іх унутранай справаздачы і абяцалі, што фота нікуды не пойдуць далей. Але, вядома, здымак апублікавалі розныя расійскія СМІ з аповедам пра тое, як быццам бы Расія дапамагае ўкраінскім дзецям вярнуцца на радзіму. Цяпер я нават не крыўджуся на тое, што тыя людзі так сябе павялі. Дзякуй ім за тое, што вярнулі ўсё ж Багдана».

Ніхто з беларускіх уладаў з Ярмохінымі не сустракаўся, беларускія прапагандысты таксама не сталі распавядаць пра гэту гісторыю.

Багдан Ярмохін са стрыечнай сястрою Валерыяй ва Украіне. Фота: ermaka2022 / Telegram

Багдан Ярмохін са стрыечнай сястрою Валерыяй ва Украіне. Фота: ermaka2022 / Telegram

У дзень свайго васямнаццацігоддзя — 19 лістапада — Багдан нарэшце перасек мяжу Украіны.

Ëн займаецца музыкай — слухачам хлопец вядомы пад псеўданімам Dispo. Нядаўна прэзентаваў свой трэк «Батьківщина в мережі». У сторыс хлопец распавядае пра збор грошай для ЗСУ.

Валерыя кажа, што ўсе імкнуцца не турбаваць Багдана, каб даць яму магчымасць ачуцца.

 Чытайце таксама:

Падлетак з Марыупаля, якога вывезлі з Расіі і хацелі забраць у расійскае войска, вярнуўся дадому

Украінскі падлетак, якога вывезлі з Марыупаля і хацелі прызваць у расійскае войска, знаходзіцца ў Беларусі

Падлетка, вывезенага ў Расію з Марыупаля, спынілі на мяжы з Беларуссю. Ён спрабаваў вярнуцца ва Украіну

Клас
50
Панылы сорам
2
Ха-ха
0
Ого
5
Сумна
14
Абуральна
10