«Трыбуна» нагадвае, што ў 2010-я гады бізнэсмен быў пастаянным прадстаўніком топ-200 самых паспяховых прадпрымальнікаў Беларусі, і ягоныя пазіцыі толькі ўмацоўваліся.

Але ў канцы 2018 года на жыццё і дзейнасць Дзялендзіка аказала вялікі ўплыў ДТЗ са смяротным зыходам. Тады бізнэсмен за рулём «Ягуара» на скрыжаванні вуліц Арлоўскай і Нававіленскай у Мінску сутыкнуўся з «Фальксвагенам», у выніку чаго загінула 69-гадовая пасажырка гэтага аўтамабіля, а ейная дачка, якая была за стырном, трапіла ў лякарню. Дзялендзіка тады прызналі вінаватым у аварыі, яму пагражала да пяці гадоў за кратамі. Але ўлетку 2019-га 67-гадовага бізнэсмена вызвалілі ад адказнасці, падвёўшы пад амністыю.

У 2020 годзе Дзялендзік некалькі разоў выказваўся на грамадска значныя тэмы: выступаў супраць аб'яднання з Расіяй, абвінавачваў у бяздзейнасці і бескарыснасці БРСМ і «Белую Русь», гаварыў, што на месцы Лукашэнкі выпусціў бы Віктара Бабарыку з турмы, хоць пры гэтым і не выступаў супраць яго адкрыта.

Пасля жнівеньскіх выбараў 2020 года Дзялендзік знік з публічнай прасторы. Нават ягоная да таго дастаткова актыўная старонка ў Facebook замерла — апошні пост датаваны 27 снежня 2020-га.

Як удалося высветліць «Трыбуне», бізнэсмен пакінуў Беларусь. Як кажуць яе суразмоўцы, «Дзялендзік зразумеў, да чаго ўсё ідзе, як будзе развівацца сфера бізнэсу пасля ўсіх паслявыбарчых падзеяў, і прыняў рашэнне зʼехаць».

Па звестках «Трыбуны», бізнэсмен цяпер жыве ў Іспаніі, дзе да гэтага ўжо пасялілася ягоная дачка Наталля.

Таксама, як удалося даведацца, Дзялендзік па-ранейшаму па дакументах зʼяўляецца адным з заснавальнікаў прадпрыемства «Дарыда», маючы пэўную долю ў ім, што дазваляе бязбедна жыць на Пірэнеях і нічым не займацца, маючы штомесячны пасіўны даход. Афіцыйна пасаду гендырэктара Дзялендзік пакінуў даўно — яшчэ ў 2016-м.

Таксама нібыта Дзялендзік перавёз у Іспанію і сваю абранніцу (невядома, ці аформлены іх адносіны афіцыйна). Гаворка пра дачку футбольнага трэнера Уладзіміра Пігулеўскага Вольгу. Сам Пігулеўскі памёр у канцы 2020-га ва ўзросце 71 года, а датуль шмат гадоў кіраваў РЦАР па футболе БДУ, на базе якога існуе клуб «Энергетык-БДУ».

Як расказалі «Трыбуне» суразмоўцы са свету футбола, яшчэ ў 2006-2007 гадах «Дарыда» фінансава дапамагала клубу «Зорка-БДУ» выступаць у другім дывізіёне, а дачка Пігулеўскага часта суправаджала Дзялендзіка ў яго камандзіроўках. З часам пара пачала жыць разам, што і працягвае рабіць.

Чытайце таксама:

Беларускія 1990-я: згадваем герояў эпохі

«Гэта быў час магчымасцяў». Як развіваўся беларускі бізнэс у 90-я

Бізнэсовец Уладзімір Дзялендзік: Я б ліквідаваў «Белую Русь» і БРСМ. А дзеянні АМАПа дапамагаюць людзям ненавідзець уладу

Салігорцы абвінавацілі Дзялендзіка ў «рэйдарскім захопе» іх бізнэсу. Дзялендзік: Хай аддаюць мне 11 мільёнаў еўра!

Клас
49
Панылы сорам
5
Ха-ха
5
Ого
9
Сумна
8
Абуральна
7