Вольга Рытус (злева) і Вольга Скрашчук (справа). Фота: mostmedia.io

Вольга Рытус (злева) і Вольга Скрашчук (справа). Фота: mostmedia.io

Да вымушанай эміграцыі жыццё жанчын складалася па-рознаму. Вольга Рытус займалася бізнэсам, Вольга Скрашчук працавала спачатку ў Нацыянальным банку, а потым у АРІП. Але ў выніку яны абедзве сталі палітзняволенымі.

Вольгу Скрашчук затрымалі ў 2021 годзе па «справе Зельцэра» — за каментарый у фэйсбуку жанчыне далі два гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Яна поўнасцю адбыла свой тэрмін і ў пачатку 2023 года выехала з сям'ёй у Польшчу.

Вольгу Рытус затрымалі ў 2022 годзе па «народным» 342 артыкуле і прысудзілі тры гады хатняй хіміі. Яна таксама выехала з радзімы — спачатку ў Беласток, а потым у Варшаву.

Пра тое, як пачынаўся сумесны бізнэс, «Нашай Ніве» распавяла Вольга Скрашчук.

«Здаецца, пачалося ўсё з таго, што пачалі ствараць Асацыяцыю беларускіх палітвязняў — так мы з Вольгай апынуліся ў адным чаце. Ён патрэбны для падтрымкі, дапамогі, каб людзі не адчувалі сябе самотнымі, таму што не ўсе эмігруюць з сям'ёй. Але ж, вядома, мы не ведалі адна адной, бо ў мэтах бяспекі шмат хто выкарыстоўвае нейтральныя нікнэймы замест імёнаў і нейкія абстрактныя аватары».

Калі з’явіліся звесткі пра трагічную смерць беларускага мастака-палітвязня Алеся Пушкіна, шмат хто з дыяспары паехаў на акцыю да беларускай амбасады. Там жанчыны і пазнаёміліся.

«Потым мы з Вольгай пачалі збіраць пасылкі для тых палітвязняў, якія цяпер за кратамі — сабралі грошы, закупілі ўсё неабходнае. Нам спадабалася працаваць разам. Мы пачалі думаць пра тое, як мы можам болей дапамагаць, і зразумелі, што зрабіць гэта магчыма, калі мы пачнём зарабляць так, каб фінансаў хапала не толькі на ўласныя сем’і, але і на дабрачыннасць».

Ідэя адкрыць менавіта хостэл з’явілася таму, што ў Вольгі Рытус ужо быў досвед працы ў гэтай сферы. Тое, што адбывалася далей, сапраўды можна лічыць цудам: літаральна за тры дні трапіўся будынак, у якім, да таго ж, раней існаваў хостэл, — а гэта значыць, былі атрыманыя ўсе неабходныя дазволы на тое, каб выкарыстоўваць памяшканне такім чынам. Інакш, канешне, гісторыя б магла б зацягнуцца на некалькі месяцаў.

Фота: mostmedia.io

Фота: mostmedia.io

Вольга Скрашчук нават кажа, што яны маральна рыхтаваліся да таго, што ўсё зойме з год, а памяшканне трэба будзе шукаць з дапамогай рыэлтара, бо здаваць будынак пад хостэл не шмат ахвочых:

«Кажуць, вось вы сюды заселіце эмігрантаў, яны ўсё выпацкаюць, паломяць, і нам потым давядзецца поўны рамонт рабіць».

Але ж зоркі сышліся. На тое, каб хостэл пачаў прымаць гасцей, спатрэбілася ўсяго два тыдні — гэта ад з'яўлення ідэі да першага занятага нумара.

Вольга пасміхаецца: пра свой бізнэс яна казала яшчэ ў турэмнай камеры:

«Пакуль я сядзела ў СІЗА, было шмат часу на розныя думкі. У мяне з’яўляліся ідэі і планы наконт будучага жыцця і таго, як яго будаваць. Канешне, я не ведала, што займуся хостэлам. Умею добра шыць і думала пра бізнэс у гэтай сферы».

Хостэл знаходзіцца на ўскрайку Варшавы на першым паверсе трохпавярховага будынку: у васьмі пакоях могуць жыць да дваццаці чалавек. Працуе О2Н два месяцы. Поспехамі ўладальніцы пакуль задаволеныя:

«Атрымаць прыбытак атрымалася ўжо пасля першага месяца працы. Мы не толькі адбілі арэнду і камуналку, але ж атрымалі і грошы звыш гэтага».

Складанасці ўзніклі з тым, каб знайсці персанал: цяпер жанчыны па чарзе самі выконваюць ролю адміністратара, займаюцца пытаннямі засялення і высялення.

Вольга Скрашчук у хостэле. Фота: mostmedia.io

Вольга Скрашчук у хостэле. Фота: mostmedia.io

«Цяжка знайсці адміністратара: мы вельмі патрабавальныя да сябе, таму і ад іншых патрабуем шмат. Хочацца знайсці чалавека, які б стаў сапраўдным гаспадаром ці гаспадыняй. Каб ён не толькі думаў пра тое, што можна зрабіць лепей, але і мог паразмаўляць з гасцямі. А большасць ставіцца да такой працы суха, без душы. Калі пачынаецца «За гэта мне плацяць, а за гэта не плацяць», гэта не вельмі падабаецца».

Канфліктных сітуацыі, адзначае Вольга, было няшмат. Напрыклад, аднойчы госця, які злоўжываў алкаголем, прыйшлося высяляць з дапамогай паліцыі. Але гэта выключэнне.

Партрэт сярэднестатыстычнага пастаяльца такі: гэта мужчына ва ўзросце ад 30 да 40 гадоў, які працуе ці ў транспарце, ці ў будоўлі. Як правіла, гэта замежнік (людзі з Азербайджана, Узбекістана, Грузіі, беларусаў і ўкраінцаў таксама нямала), які зарабляе ў Польшчы грошы і адпраўляе сям'і на радзіму.

«Шмат хто ў нас застаецца з-за добрых чалавечых адносін. Мы заўсёды імкнёмся ўлічваць пажаданні. Напрыклад, калі муж з жонкай засяляюцца ў трохмясцовы пакой і просяць не падсяляць трэцяга чалавека, мы так і зробім. Калі размяркоўваем людзей па пакоях, стараемся ўлічваць іх інтарэсы».

Цяпер бізнэсвумен знайшлі будынак для свайго другога хостэла — кажуць, энергіі на гэта хопіць. Але працаваць ён будзе для іншай мэтавай аўдыторыі.

«Гэта будзе ўжо хостэл у цэнтры Варшавы для турыстаў. А яшчэ ў нашых планах стварыць шэлтар для былых беларускіх палітвязняў, якім часова недзе жыць. Бо для нас вельмі важна рабіць свой нейкі сацыяльны ўнёсак».

У абедзвюх жанчын ёсць дзеці, яны спалучаюць бізнэс і мацярынства. 

«Спалучаць усё не вельмі проста. Трэба ж улічваць і тое, што мы гадуем дзяцей у эміграцыі — а гэта значыць, трэба не проста праверыць хатнія заданні, а дапамагчы вывучыць новую мову, асвоіцца на новым месцы. Але мы імкнёмся падтрымліваць адна адну. Мы сапраўды каманда. Мая партнёрка казала, што дзеці — гэта не перашкода, а стымул рухацца далей. І я з гэтым згодная.

А яшчэ вельмі прыемна слухаць, як твой сын табой захапляецца: «Мама, ты такая крутая, у цябе ёсць свой гатэль!» Мне дае шмат сілаў тое, што сын мной ганарыцца».

Чытайце таксама:

«Уклалі 30 000 даляраў». Беларусы больш за 10 гадоў аднаўлялі пад Мінскам старажытную капліцу

«Не хапіла майго жыцця, каб нешта самавітае зрабіць». Фермер расказаў, ці можна ў Беларусі разбагацець, гадуючы авечак

«Паўтарыць у нас смак сыру, зваранага ў Італіі, — з галіны фантастыкі». Баранавіцкі сыравар расказаў, што самае цяжкае ў гэтым бізнэсе

Клас
29
Панылы сорам
0
Ха-ха
3
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
2

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?