Дамен Tut.by усё гэтак жа зарэгістраваны праз ТАА «Надзейныя праграмы». Аднак цяпер ён не належыць ТАА «Тут бай медыя».

Раней інфармацыя выглядала так:

У web.archive.org можна выявіць актыўнасць, звязаную з сайтам на дамене tut.by. Сайт практычна без перапынкаў архіваваўся са снежня 2000 года па 18 мая 2021 года. Гэта дзень, калі ўлады зладзілі пагром у офісе праекта. Затым ніякай актыўнасці не назіралася да 7 сакавіка 2023 года.

У сакавіку 2023 года з 7 па 15-га новыя ўладальнікі спрабавалі запусціць сайт на сістэме кіравання кантэнтам «Бітрыкс», а затым з'явіўся шаблон мэблевай крамы без назвы. Новы праект размяшчаўся ў дата-цэнтры «Белтэлекама».

У чэрвені 2021 года саўладальнік кампаніі «Тут бай медыя», якому належаў дамен і таварны знак, Кірыл Валошын, які застаўся на волі, каментаваў чуткі аб перадачы дамена новым уладальнікам — нібыта там будзе створана прапагандысцкае СМІ на чале з Раманам Пратасевічам.

«На гэты момант даменнае імя, гандлёвы знак і праграмнае забеспячэнне, натуральна, належаць кампаніі. Сваю інтэлектуальную ўласнасць ТАА «Тут бай медыя» не збіралася і не збіраецца аддаваць; ніякіх угодаў у дачыненні да гэтага быць не можа», — заявіў тады ён.

18 жніўня 2021 года Tut.by унеслі ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. У адпаведнасці з гэтым, распаўсюд любой прадукцыі парталу, у тым ліку лагатыпу, улады сталі лічыць адміністрацыйным правапарушэннем. 14 чэрвеня 2022 года рашэннем эканамічнага суда Мінска ТАА «Тут бай медыя» было прызнана экстрэмісцкай арганізацыяй, а яго дзейнасць на тэрыторыі Беларусі забароненая. Была забароненая яго сімволіка і атрыбутыка.

Reform.by звярнуўся да дачкі, спадчынніцы заснавальніка партала Юрыя Зісера, які памёр у маі 2020 года, але адказу пакуль не атрымаў.

Tut.by быў разгромлены ўладамі 18 мая 2021 года, калі ў рэдакцыю ў Мінску, рэгіянальныя прадстаўніцтвы і дахаты да супрацоўнікаў прыйшлі з ператрусамі. Тады былі затрыманыя 15 чалавек. 17 сакавіка 2023 года галоўны рэдактар Tut.by Марына Золатава і гендырэктар Людміла Чэкіна былі асуджаныя на 12 гадоў калоніі.

Клас
2
Панылы сорам
6
Ха-ха
2
Ого
2
Сумна
9
Абуральна
52