«Плакаць хацелася»

Паліна:

— Пра тое, што я буду нянькай, бабулі мне казалі, здаецца, гадоў з трох-чатырох — недзе з такога ўзросту я сябе памятаю. Казалі, што вось бацькі вырашаць нарадзіць яшчэ адно дзіця і я буду яго гадаваць. Мяне гэта вельмі і вельмі пужала. Увогуле не хацела дзяліць бацькоў з кімсьці, а тым больш станавіцца нянькай.

Калі мама нарадзіла брата, мне было ўсяго дзевяць гадоў. Калі яму было каля года, мама вырашыла выйсці на палову дня на працу. У мяне была якраз другая змена ў школе. Таму да абеду сядзела з братам, а пасля бегла на заняткі. Дамашку рабіла позна ноччу — бо я ж была выдатніцай, ад мяне чакалі поспехаў у школе.

Калі брат пачаў размаўляць, то называў мяне «няня Паліна» — і дарослым гэта здавалася вельмі смешным. А мне кожны раз хацелася плакаць. Я сапраўды адчувала сябе прыслугай у сям'і. 

Калі брат падрос, ад мяне сталі патрабаваць, каб я брала яго ўсюды з сабой. Памятаю, як нават на дзень нараджэння найлепшай сяброўкі мяне не хацелі адпускаць без брата. Добра, што сяброўка паставілася да гэтага з паразуменнем — хаця нехта з аднакласніц закочваў вочы.

Я шукала магчымасць паехаць вучыцца ў іншы горад — матывацыя ў мяне сапраўды была высокая. Толькі б адпачыць ад «працы» нянькай. Потым, калі брат таксама паступаў у ВНУ, ён патэлефанаваў і сказаў, што будзе жыць у мяне — нават не спытаў, ці згодна я. Я адмовіла і стала ворагам народу для ўсіх. Бо як жа так, я жыву адна ва ўласнай трохпакаёўцы, а роднага брата не хачу пусціць. Але я ведала, што ён зноў сядзе мне на шыю. Дзякуй, праходзілі. Ён жа прывык, што ад мяне патрабуюць зрабіць усё, што ён хоча.

Год пасля бацькі са мной не размаўлялі. Цяпер мы стэлефаноўваемся па святах. Брата я нават чуць не хачу.

«Мне тады падавалася, што яго больш любяць»

Святлана:

— У мяне з братам шэсць гадоў розніцы. Да нейкага моманту я вельмі актыўна дапамагала маме —

магла памыць малога, пераадзець, пагуляць з ім. Можна сказаць, што гэта былі мае абавязкі. Калі стала падлеткам, мне ўсё гэта стала не надта цікава. Асабліва напружвала тое, што бацькі прасілі браць брата з сабой на вуліцу.

Плюс да гэтага брат часта хварэў, час ад часу трапляў у бальніцы. Вядома, бацькі надавалі яму больш увагі. Але мне тады падавалася, што яго больш любяць.

Я рэгулярна чула: «Ён маленькі, ён хварэе — саступі яму», — і гэта таксама ўспрымала негатыўна.

Мабыць, гэта паўплывала на тое, што ў нас былі не самыя блізкія адносіны.

Нашы інтарэсы сталі перасякацца, толькі калі брат стаў падлеткам, а я ўжо вучылася ва ўніверсітэце. Мне тады стала цікава размаўляць з ім. Калі я пачала працаваць, то нават па ўласнай ініцыятыве аддавала брату 10% сваіх заробкаў, каб у яго былі грошы на нейкія падлеткавыя выдаткі.

Цяпер у нас вельмі цёплыя адносіны. Мы жывём у розных краінах, але часта спісваемся, стэлефаноўваемся, дзелімся нечым асабістым. Хутка ён павінен прыехаць у госці, і я ўжо не магу дачакацца, калі змагу яго абняць.

«Бацькі казалі, што нарадзілі сястрычку для мяне»

Віталь:

— Мая малодшая сястра нарадзілася, калі мне было пятнаццаць гадоў. І з гэтага моманту я страціў права на дзяцінства. Лічылася, што ўсё, я ўжо дарослы. Асабліва я злаваўся з-за таго, што бацькі казалі: «Мы нарадзілі сястрычку для цябе!» Падавалі гэта ўсё так, быццам бы гэта мне патрэбна было маленькае дзіця. Але ж ніхто не пытаўся, хачу я сястрычку ці не!

Акей, я згодны з тым, што прымаць рашэнне аб колькасці дзяцей у сям’і павінны дарослыя — але ж менавіта яны павінны несці адказнасць, а не перакідваць яе на дзяцей.

Мне ж усё падавалася так, быццам бы тата з мамай пайшлі на вялікую ахвяру толькі дзеля таго, каб у мяне быў «самы блізкі чалавек». Казалі, што я павінен вельмі гэта шанаваць і быць шчыра ўдзячным за такі падарунак лёсу, як сястра.

На мяне павесілі сапраўды шмат пытанняў па клопаце за маленькім дзіцём. Мне нават прыйшлося кінуць футбольную секцыю для таго, каб дапамагаць маці. Было сорамна катаць каляску па двары, бо хлопцы са школы рагаталі і жартавалі, быццам бы гэта мая дачка. У мяне амаль не засталося сяброў, бо я ніколі не меў магчымасці проста пайсці пагуляць.

Лічылася, што мой святы абавязак даваць па выхадных бацькам адпачываць і адпускаць іх у кіно, кафэ ці да сяброў. Быццам бы мне не было ўсё гэта патрэбна!

Плюс бацькі не жадалі больш траціць на мяне грошы, бо «маленькай жа столькі ўсяго патрэбна». Даходзіла да абсурду: першы дзень нараджэння сястры святкавалі ў кафэ, запрасілі шмат сваякоў. Ды яна гэтага нават не запомніла! А мне на дзень нараджэння падарылі новы чахол на тэлефон і выдалі смешную суму на паход у «Макдональдс» з сябрамі — памятаю, што не хапала нават на тое, каб на пяць чалавек купіць бульбу фры, гамбургеры і колу.

А суцяшалі мяне так, калі я спрабаваў бунтаваць: «Сястрычка будзе сядзець з тваімі дзецьмі». Па-першае, гэта так сабе аргумент для падлетка. Па-другое, не сядзіць мая сястра з маімі дзецьмі. Цяпер ёй ужо дваццаць гадоў, яна жыве з бацькамі.

Я неяк пажартаваў наконт таго, што сястра магла б адпусціць нас з жонкай у кіно, як я адпускаў сваіх бацькоў. Пакрыўдзіліся на мяне адразу ўсе. Тата сказаў, што не трэба на сястру вешаць сваіх дзяцей — бо ў яе цяпер маладосць, яна хоча тусіць, а не памперсы мяняць і соплі выціраць.

«І цяпер я для яго аўтарытэт»

Антон:

— Я старэйшае дзіця ў сям’і — у мяне ёсць два малодшыя браты. З сярэднім у мяне розніца сем гадоў, з малодшым — васямнаццаць. Глядзеў я больш сярэдняга.

Мая мама старалася не перакладаць шмат абавязкаў на мяне. Таму даглядаў брата, калі дарослых не было дома. Мог нешта прыгатаваць, але часцей за ўсё нам пакідалі ежу і мне трэба было толькі разагрэць яе і пакарміць малога. Мог памыць яго, пераапрануць, ну і пайсці з ім гуляць.

Як я да гэтага ставіўся? Мне ў гэты перыяд было прыкладна сем-трынаццаць гадоў. Канешне, мне гэта не падабалася. Мабыць, як усім дзецям. Ніхто ж не хоча мець нейкія дадатковыя абавязкі, калі можна было ў гэты ж час, напрыклад, пагуляць з сябрамі ці проста пабыць аднаму і рабіць нешта свае.

Я тады не вельмі любіў брата, бо ён быў трошкі раздураны і перашкаджаў мне жыць. Здаецца, ён таксама мяне недалюбліваў, бо яму заўсёды было трэба падысці, неяк падчапіць, а мне абавязкова было здагнаць і пакараць. Выйшла так, што брат быў аторвай, пачаў паліць, не вельмі добра сябе паводзіў, а я быў больш правільным хлопцам. Таму калі брат пайшоў у 9 клас, мы вельмі аддаліліся, бо ён лічыў, што я нічога не разумею ў гэтым жыцці.

Але цяпер мы вельмі добра сябруем. Часам прыязджаем адзін да аднаго, бо жывём у розных гарадах. Ён часта тэлефануе, распавядае нейкія цікавосткі са свайго жыцця, раіцца па нейкіх пытаннях, калі яму патрэбна падтрымка. Цяпер мне 29 гадоў, брату 22 — і я магу сказаць, што я для яго аўтарытэт.

«Маці казала: нармальна, што малодшых любяць больш, чым старэйшых»

Карына:

— Мне яшчэ нават не было трох гадоў, калі нарадзілася сястра. Але я адразу стала «дарослай»: ад мяне патрабавалі, каб я несла адказнасць за ўсё, што робіць малая. Не мела значэння, хто з нас нешта зрабіў не так — сварыліся толькі на мяне. Мяне і ўдарыць маглі, а сястру — ніколі, таму што яна любімая маміна салодкая булачка.

Мама ніколі не абдымала мяне, затое любіла пры мне абдымаць-цалаваць сястру. Яна казала, што гэта цалкам нармальна, што малодшых заўжды любяць больш, чым старэйшых. Можа, вядома, рэч у тым, што ў нас розныя бацькі. Але ж чаму я павінна была адказваць за тое, што з маім татам у маці адносіны не склаліся?!

Шчыра магу сказаць, што я ненавідзела сястру і імкнулася зрабіць ёй нейкую шкоду. Пакуль мы былі маленькія, я магла штурхнуць яе ці ўскубнуць. У школьныя гады магла схаваць яе сшытак з хатняй працай або выкінуць у акно падручнік, ведаючы, што ў сястры заўтра кантрольная і трэба рыхтавацца. Гэта пры тым, што рабіць з сястрой урокі таксама прымушалі мяне. І калі яна атрымоўвала тройку, то мяне ж і адчытвалі.

Я плёткі пра сястру ў школе распускала. Потым неяк хлопцу яе распавяла, быццам бы сястра сустракаецца яшчэ з некалькімі. Ці сорамна мне за гэта цяпер? Не магу сказаць. Я лічу, што для нелюбімага дзіцяці гэта былі цалкам нармальныя і лагічныя паводзіны.

На дзіва, добрыя адносіны з сястрой мы змаглі пабудаваць недзе пасля трыццаці гадоў, калі маці памерла. Сястра сказала, што ёй заўсёды было сорамна за тое, што мяне прымушалі займацца ёй. А яшчэ за тое, што мама любіла яе болей.

«Я хуліганіла! Магла разліць алей па ўсёй падлозе і зрабіць коўзанку»

Ліна:

— Мая сястра нарадзілася яшчэ пры Брэжневе ў пачатку 80-х. Мы жылі ў Мінску ў цэнтры ў прыватным сектары. Яна нарадзілася ў лістападзе, то маме было вельмі складана. Бо ў прыватным сектары не было вады, каналізацыі, у доме была печка. Па ваду трэба было хадзіць да калонкі.

Дзіця спавівалі ў некалькі пялёнак — адна фланэлевая, другая з бавоўны і яшчэ самаробны падгузнік, які таксама трэба было мыць. Уявіце сабе, колькі гэта працы, перамыць усё гэта шмат разоў на дзень. Мне на той момант было сем гадоў і, канешне, мне давялося дапамагаць маці.

Потым мы пераехалі ў больш цывілізаванае жыллё. Маці працавала ў гандлі і прыходзіла дадому даволі позна, тата ўвесь час прападаў у камандзіроўках.

Таму пасля школы сястра была поўнасцю на мне. Трэба было забраць яе з садочку, пагуляць з ёй, пакарміць, пакупаць ды пакласці спаць. Прычым пракантраляваць мяне ніхто не мог, бо хатняга тэлефону не было. Часам здараліся непрыемнасці: сястрычка магла збегчы ад мяне, а я вельмі хвалявалася.

Тады быў іншы час — многія дзеці даглядалі сваіх меншых братоў ці сясцёр. Так было заведзена ў сем’ях маіх аднакласнікаў. Таму я не думала, што гэта нешта надзвычайнае.

Я вельмі любіла сястру, ставілася да яе быццам да лялькі. Мне падабалася яе апранаць, прыдумваць нейкія цікавыя строі, рабіць прычоскі. А вось ёй гэта не заўсёды падабалася. Вядома, у дзяцінстве было не без канфліктаў. Але ж усё роўна мы былі блізкімі людзьмі.

Я таксама была дзіцём і прыдумляла розныя хуліганскія забавы. Напрыклад, магла разліць алей па ўсёй падлозе і зрабіць каток. Мы коўзаліся. Да прыходу бацькоў падлога была вымытая з мылам і сястра таксама.

Цяпер мы вельмі моцна сябруем. Я магу сказаць, што сястра — мая найлепшая сяброўка. Ці паўплывала на гэта тое, што я шмат займалася сястрой у дзяцінстве? Лічу, што вельмі.

Чытайце таксама:

Дзеці растуць здаравейшыя і разумнейшыя, калі прывязаныя не толькі да мамы, але і да таты — даследаванні

«Ад нечаканасці я ўдарыла яе па руках». Маладыя маці пра заўвагі, якія іх раздражняюць

«Чыноўнікі ў імпатэнты б запісалі». Гісторыі тых, хто вырашыў не заводзіць дзяцей

Клас
11
Панылы сорам
5
Ха-ха
2
Ого
6
Сумна
9
Абуральна
4

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?