Калаж: «Наша Ніва»

Калаж: «Наша Ніва»

Тэлеграм-бот «Мае паведамленні ў чатах» знаходзіць вашы паведамленні ў розных чатах і прапануе вам, як іх можна выдаліць. Паведамленні шукаюцца па «пратэсных» чатах, якія стваральнікі бота ўнеслі ў сваю базу. Калі запусціць бот, можна адшукаць каментары толькі свайго акаўнта. Бот дапамог тысячам людзей.

Аднак учора тэлеграм канал «Кулуары Kyky» апублікаваў інфармацыю пра тое, што беларускія сілавікі выкарыстоўваюць бот гродзенскіх праваабаронцаў для таго, каб шукаць каментары беларусаў пры надглядах тэлефонаў, у тым ліку пры перасячэнні мяжы.

Чалавека адводзяць у бок, просяць адкрыць тэлеграм і актывуюць бот. Калі ў чалавека ёсць нявыдаленыя каментары, бот гэта паказвае.

На ініцыятыву ў каментарах на некаторых рэсурсах вылілася шмат негатыву. Асобныя каментатары нават заклікалі закрыць бот.

«Наша Ніва» пагутарыла са стваральнікамі пра тое, што яны змянілі ў боце і як ім зараз карыстацца.

«Цяпер бот выдае інфармацыю праз некалькі гадзінаў пасля запуску. Гэта зробіць праверку на мяжы нашым ботам бессэнсоўнай — так доўга ніхто чакаць не будзе. А для людзей, якія з яго дапамогай выдаляюць свае каментары, гэта няважна. Калі паведамленні віселі з 2020-га, то пару гадзінаў пачакаюць», — мяркуюць стваральнікі бота «Мае паведамленні ў чатах».

На думку гэтых гродзенскіх актывістаў, у губазікаўцаў ёсць уласныя базы, якія тыя пачалі збіраць раней.

Што да запушчанай інфармацыі аб праверцы ботам, яны бачаць у гэтым перадусім кампанію па заблытванні людзей і дыскрэдытацыі ініцыятывы. «Маўляў, бот дапамагае арыштоўваць людзей, хоць насамрэч ён дапамагае абараніцца ад арыштаў», — тлумачаць стваральнікі бота.

«Калі ў вас вісяць каментары ў адкрытых чатах і спецслужбісты запісалі ваш ID, то вы ў любым выпадку ў небяспецы, — нагадваюць яны. — Наш бот не павялічвае гэтай небяспекі, небяспека ў тым, што каментары вісяць. Не варта заплюшчваць вочы на гэтую рызыку, падумайце пра гэта загадзя і выдаліце каментары да праверкі на мяжы», — кажуць стваральнікі бота.

Бот не захоўвае каментароў, пасля выдалення ён пакажа, што паведамленняў не адшукалася. А вось калі вы нешта каментавалі нават тры гады таму і не выдалілі, то вас могуць арыштаваць. 

«Мы раім усім беларусам, якія знаходзяцца ў краіне або збіраюцца туды вяртацца, скарыстацца ботам і выдаліць свае каментары ў адкрытых чатах, прынамсі, з небяспечных акаўнтаў.

Пасля гэтага трэба націснуць кнопку «Выйсці з бота» — усе звесткі выдаляцца, а па слове «бот» ён шукацца не будзе. Праз суткі, нават калі вы не зробіце нічога, ён пачысціцца сам», — тлумачыць суразмоўца.

Распрацоўшчыкі «Партызанскага тэлеграма» сказалі «Нашай Ніве», што яны лічаць бот добрым і давяраюць яму.

«Па-першае, бот фактычна не дае сілавікам нічога новага, бо ў іх ёсць свае базы даных. А, па-другое, мы бачым, што распрацоўшчыкі бота дадалі таймер на 5 гадзін, што ўскладняе затрыманне на мяжы».

Больш таго, бот будзе неўзабаве інтэграваны ў «П-тэлеграм», кажуць распацоўшчыкі. «Мы хочам зрабіць, каб у іх боце можна было націснуць на адну кнопку і выдаліць усе каменты аўтаматычна. Усё будзе працаваць праз гэты бот. Даныя не пойдуць ні на якія іншыя серверы».

Мы запыталіся ў ініцыятывы CyberBeaver пра тое, што рабіць, калі інструментамі для бяспекі карыстаюцца і мусаўцы, калі інструкцыі па бяспецы могуць дапамагчы ім шукаць беларусаў.

«Нагадвае сітуацыю з тэлеграм-айдзі. Спецслужбы карыстаюцца вызначэннем ID для сваіх мэтаў. Мы пра гэта ведаем і кажам людзям, каб звярталі ўвагу і выдалялі акаўнты, калі бачаць небяспеку.

І калі інструмент дазваляе выдаліць небяспечныя каментары, то варта ім карыстацца. Гэта дазволіць знайсці гэтыя каменты раней за сілавікоў.

Як і ў выпадках са слабымі месцамі Telegram, мы не кажам усім проста зараз выдаляць свае акаўнты і ніколі не карыстацца мэсэнджарам. Лепш думаць пра тое, якія інструменты забяспечваюць бяспеку і аналізаваць тое, якія выклікі актуальныя цяпер для кожнага канкрэтнага чалавека. Калі, напрыклад, у чалавека няма ніякіх небяспечных каментароў у тэлеграме, то выкарыстанне гэтага бота спецслужбамі і не з'яўляецца пагрозай».

Калі вам важна тое, што робіць «Наша Ніва», то падтрымайце нашы працу праз Патрэон па спасылцы ніжэй. Дзякуючы гэтаму мы зможам рабіць больш.

Чытайце таксама:

Беларусы стварылі бот, які дапаможа адшукаць паведамленні ў чатах. Вось як ён працуе і чаму гэта важна для бяспекі

Kotatogram: губазікаўцы паказалі, як яны аналізуюць пратэсныя чаты. Вось што варта ведаць

Што новага правяраюць у тэлефонах на мяжы пры вяртанні ў Беларусь

Клас
36
Панылы сорам
6
Ха-ха
5
Ого
5
Сумна
1
Абуральна
7