Юрась Папоў Юрий Попов Yuri Popov

Юрый Папоў у сваёй лабараторыі. Скрыншот AlesChakhouski / YouTube

Ураджэнец Гродна Юрый Папоў па спецыяльнасці біяхімік, прафесар Гарвардскага ўніверсітэта. Ён жыве ў ЗША ўжо 18 гадоў. Цяпер загадвае лабараторыяй эксперыментальнай гепаталогіі Гарварскага медыцынскага інстытута і з'яўляецца дырэктарам даследавання пячонкі ў гарвардскім шпіталі.

Пра шлях у навуку

Юрый пачаў шлях у навуку яшчэ ў сярэдняй школе ў часы СССР. Ён патрапіў у лабараторыю пры Доме піянераў. Менавіта там падлетку прывілі цікавасць да навукі.

Папоў з вялікай павагай згадвае Інстытут біяхіміі біялагічна актыўных злучэнняў НАН Беларусі, які існуе ў Гродне. Ён адзначае, што «энтузіязм быў непадробны і сапраўдны». Але ў 1990-я гады ўсе супрацоўнікі лабараторыі сышлі ў кааператывы. Адзін з кааператываў, які называўся «Біятэст», стаў уладальнікам і захавальнікам музея-аптэкі ў Гродна.

Папоў адзначае, што ў часы яго юнацтва навука ў Беларусі была на вельмі высокім узроўні:

«У той галіне біямедыцыны, якой займаўся Інтытут біяхіміі, ён быў перадавым. Ён рабіў рэчы на міжнародным узроўні. Прафесар Астроўскі і шмат хто з яго лабараторыі, а потым інстытута былі прызнаныя ў свеце як велічыні».

Юрый Папоў з вялікай павагай згадвае свайго навуковага кіраўніка падчас напісання кандыдацкай дысертацыі Вячаслава Буко:

«Ён нядаўна сышоў на пенсію. Гэты чалавек быў самым з самых вядомых гепатолагаў у постсавецкай прасторы. Дзе б потым у Еўропе я ні ездзіў на канферэнцыі, усюды яго ведаюць. Мне пашчасціла з ім працаваць у той час, калі шмат хто з амбіцыйных, вельмі разумных і смелых людзей сышоў з навукі пасля развалу Савецкага Саюза. Ён застаўся і паказаў прыклад, як не дзякуючы сістэме, а насуперак ёй пабудаваць свой асабісты поспех. Яго лабараторыя ў той час была адзінай, якая трымалася і рабіла харошую навуку ў асноўным дзякуючы шырокім сувязям з заходнімі лабараторыямі і асабістым якасцям Вячаслава Ульянавіча Буко».

Юрый адзначае, што часткова дзякуючы сувязям яго лабараторыі з замежнымі калегамі ён апынуўся за мяжою адразу пасля таго, як абараніўся. Ён паехаў працаваць у Германію.

Чаму зʼехаў за мяжу

На рашэнне зʼехаць паўплывала становішча ў навуковай сферы Беларусі таго часу: «Гэта калапс навукі, які адбыўся адразу пасля развалу Савецкага Саюза. Быццам бы разетку выцягнулі. Да нас прыязджалі людзі з урада. Выдатныя, добрыя людзі, але глядзелі вачыма, якія не разумеюць, навошта гэта ўсё патрэбна.

І ў гэты момант стала зразумела, што перспектывы ў Беларусі «схлопваюцца». А тады Лукашэнка трывала замацаваўся ва ўладзе. І стала зразумела, што прыярытэты будуць больш, скажам так, на полі, а не ў высокатэхналагічных галінах».

Пра сваю спецыялізацыю

Папоў адзначае, што быў першым усходнім еўрапейцам, які выйграў прэстыжны грант ад Еўрапейскай асацыяцыі па хваробах пячонкі. «Гэта мне дало магчымасць «заразіцца» хваробамі пячонкі як справаю свайго жыцця», — заўважае навуковец.

Па словах Папова, большасць хваробаў пячонкі вельмі добра лечацца зменаю лада жыцця ў бок здаровага. Гэта тычыцца як ужывання алкаголю, так і хваробаў, якія звязаныя з атлусценнем. Менавіта апошнія зʼяўляюцца галоўнымі прычынамі хваробаў пячонкі пасля таго, як вылечаны вірусны гепатыт.

«Яшчэ пару гадоў назад была такая тэорыя, што чырвонае віно да аднаго бакала ў дзень дае карысць, а больш — шкодзіць. Насамрэч гэта не пацвердзілася навукай. Любое ўжыванне алкаголю не карыснае», — падкрэслівае навуковец.

У гарвардскай лабараторыі Папоў разам з калегамі займаецца эксперыментамі на жывёлах: «Мы мадэлюем хваробы пячонкі і тэсціруем новыя лекі. Таксама выкарыстоўваем жывёльныя мадэлі для таго, каб вывучыць, якім чынам адбываецца рубцаванне пячонкі».

Вучоны гаворыць, што лабараторыі праводзяць невялічкія аперацыі на жывёлах, і дадае: «Зразумела, пад наркозам. Даследаванні на жывёлах часам рэгламентуюцца больш жорстка, чым на людзях».

Юрый распавядае, што яго інстытут спрабуе стварыць інавацыйную культуру клетак чалавека («арганоідаў»), якая б дазволіла выкарыстоўваць чалавечыя тканкі і рабіць над імі даследаванні, напрыклад, новых лекаў ці механізмаў хваробаў, без выкарыстання жывёлаў.

Чаму выбраў навуку, а не медыцыну

У навуцы Юрый знайшоў тое, што шукаў, а менавіта каб ад яго працы было як мага болей карысці: «Калі ты выбіраеш лекарскую прафесію, то ўзнікае пытанне, а чым трэба займацца — навукай ці лячыць людзей? Я выбраў навуку.

Можна дапамагчы канечнай колькасці людзей, дапамагчы добра і выратаваць некаму жыццё, калі ты займаешся клінічнай медыцынай.

Але калі ты займаешся той навукай, якая клінічна важная, то ты можаш выратаваць жыцці нашмат большай колькасці людзей. І гэта закладвае цэглу ў падмурак шмат якіх іншых адкрыццяў, што будуць зроблены іншымі».

Пра навуку ў ЗША і заробкі амерыканскіх навукоўцаў

У Гарвардзе, па словах Папова, ён знайшоў максімальную карысць.

«Тут сапраўды вельмі дынамічная навука. Пастаянна трэба даказваць, што ты самы лепшы. Атрымаць званне акадэміка і расслабіцца тут не атрымаецца. Тут так не прынята»,

— распавядае Юрый і адзначае, што ў іх вельмі разнастайная мультынацыянальная каманда, бо людзі прыехалі з усяго свету. У той жа час, «адзіныя месцы, адкуль у мяне не было супрацоўніка, гэта Беларусь, Расія і Украіна».

Юрый Папоў тлумачыць, што ў ЗША няма адзінай сістэмы аплаты для ўсіх:

«Нават з адным і тым жа ўзроўнем, з адным і тым жа званнем людзі зарабляюць па-рознаму. І гэта залежыць у асноўным ад тваіх вынікаў. Калі ты атрымаў больш грантаў, то можаш у перамовах са шпіталем прызначыць сабе большы заробак».

Для сваіх даследаванняў Юрыю даводзіцца самому шукаць грошы: «У шпіталях навука арганізавана такім чынам, што фактычна шпіталь табе толькі дае месца, інфраструктуру і, уласна, клінічную базу. А ўсе сваё фінансаванне мы прыносім самі.

Сам падаеш на гранты, сам іх атрымліваеш, наймаеш людзей, сам ім плаціш. І ў тым ліку і свой заробак таксама. Тут якім бы ты ні быў паспяховым і знакамітым, назаўтра табе давядзецца зноў даказваць, што ты самы лепшы, што ты варты свайго месца і гэтак далей».

Па словах Юрыя Папова, у сферы біямедыцыны заробак прафесара ў Амерыцы складае ад 120 да 200 тысяч далараў у год да выліку падаткаў.

Пра беларускасць і сорам

Юрый Папоў распавядае, што да пачатку 2020 года ён асабліва нікому не распавядаў пра тое, што ён беларус. Ён казаў, што «рускі з Беларусі». Большая частка яго сямʼі мае рускія карані.

«Мне здаецца (а я гэта шмат ад каго чуў), калі людзі ў 90-я гады ўбачылі, з якой лёгкасцю Лукашэнка прыйшоў да ўлады, яе ўзурпаваў і стаў рабіць рэчы, якія, зусім відавочна, прывялі да таго, да чаго мы прыйшлі зараз, яны былі вельмі расчараваныя (уключаючы мяне) тым, наколькі гэта лёгка атрымалася. Гэта было зроблена пры абсалютнай маўклівай згодзе народу. Зразумела, што для гэтага былі свае перадумовы, постсавецкія траўмы.

Гэта быў час, калі ў мяне былі сумневы ў тым, што беларуская нацыя ўвогуле існуе. Калі такое можна рабіць з насельніцтвам нейкай тэрыторыі, то гэта насельніцтва, а не нацыя. Калі нацыя так спакойна прымае ўзурпацыю, пануканне і згвалтаванне ўсяго народу»,

— тлумачыць навуковец, чаму так прадстаўляўся.

Папоў дадае, што ўсё, што ён бачыў за апошнія 20 гадоў, было «паступовай дэградацыяй, стагнацыяй, якое пачуцця гонару не дадавала». «Таму я, шчыра кажучы, саромеўся казаць, што я беларус».

Але ўсё змянілася ў 2020-м. Вучоны лічыць, што эпідэмія каранавіруса вырашыла вынікі прэзідэнцкіх выбараў: «Тая самаарганізацыя, сістэма гарызантальных сувязей, якая была пры COVID, стала перадумовай таго, што фактычна адбылося зараджэнне нацыі ў вельмі кароткі перыяд».

Юрый адзначае, што 2020-ты стаў першым годам, калі ён прыняў удзел у выбарах:

«Давялося ўзяць усю сямʼю, бо не было з кім пакінуць дзяцей. Мы ўсе разам селі ў машыну. Паехалі ў Нью-Ёрк. Калі я прыйшоў да пасольства, гэта было незабыўнае ўражанне. Нацыя, у існаванні якой ты сумняваўся, яна маніфеставала. Гэта было вельмі відавочна, як відавочна было на вуліцах пратэснага Мінска ці Гродна пасля выбараў. Дакладна таксама гэта былі відавочна на выбарах, куды прыехала палова беларускай Амерыкі. І стала вельмі заўважна, колькі беларусаў у Амерыцы».

Юрась распавядае, што далучыўся да беларускай суполкі Бостана на Дзень волі ў 2021-м. І цяпер дзейнасць у суполцы займае вялізную частку яго жыцця і часу.

«Я думаю, што беларусы — гэта тая нацыя, у якой ёсць вялізны патэнцыял усярэдзіне і якая толькі-толькі яго ў сабе знаходзіць. І знаходзіць той голас, каб пра сябе заявіць на ўвесь свет. Беларусы ўражваюць з аднаго боку сваёй сціпласцю, а з другога — сваёй таленавітасцю, працаздольнасцю, патэнцыялам і цяпер смеласцю».

Чытайце яшчэ:

Як амерыканцы рэагуюць на беларускі рок

Беларуская мастачка піша карціны па вядомых кнігах. Ёсць твор і на аповесць «Па што ідзеш, воўча?»

«Беларускі вайб» — новы праект Алеся Чахоўскага

Клас
29
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
1
Абуральна
2