Ілюстрацыйны здымак. Фота: vecteezy.com

Ілюстрацыйны здымак. Фота: vecteezy.com

Нам з жонкай крыху больш за 30 гадоў, у Польшчу прыехалі каля двух гадоў таму — не хацелі жыць у краіне, дзе «не да законаў». Спачатку як у доўгі адпачынак, потым зразумелі, што надоўга.

У студзені 2023 года даведаліся, што хутка запусцяць праграму Bezpieczny Kredyt 2%, і вырашылі дзейнічаць.

Не магу сказаць, што мы марылі аб куплі жылля ў Польшчы, але я дастаў калькулятар і палічыў.

На той момант мы плацілі 3000 злотых за арэнду еўрадвушкі. Плацеж па крэдыце, згодна з маімі разлікамі, выходзіў ад 2 600 злотых да 3 000. Гэта значыць, пры спрыяльным збегу абставінаў выходзіла тая ж сума арэнды, толькі ты паступова становішся ўладальнікам гэтага жылля (якое пры гэтым мае фіксаваную цану).

А яшчэ было ясна, што з-за гэтай праграмы попыт на жыллё павялічыцца (і цэны таксама). Таму калі, як не цяпер?

Мы нагледзелі кватэру мары ў блізкім прыгарадзе (15 км да цэнтра горада, 7 км да найбліжэйшага вялікага ГЦ). Гэта была двухпавярховая 70-метровая кватэра-таўнхаус з сонечнымі панэлямі і сучаснай сістэмай ацяплення за $110 тысяч.

Мы даведаліся ў банку, што нерухомая маёмасць не ў Польшчы не зʼяўляецца перашкодай. У нас ёсць кватэра ў Беларусі, якая проста прастойвае — арэнда ў нашым горадзе вельмі танная, а рамонт добры. Прадаць яе не можам праз новаўвядзенні, так што будзе чакаць нас на выпадак, калі ў Беларусі нешта зменіцца.

Фармальна ў нас нават не было першапачатковага ўнёску. Мы прасілі ў банка ўсю суму кватэры (430 000 злотых) і рамонт (90 000 злотых). А яшчэ аплацілі спадарожныя выдаткі:

10 000 злотых — за рэзервацыю забудоўшчыку (пайшлі ў кошт аплаты);

10 700 злотых — правізія банка за выдачу крэдыту;

2 000 злотых — страхавы ўнёсак у BGK за гарантыю (замест 20% унёску).

Дамову з забудоўшчыкам падпісалі ў канцы красавіка на ўмовах, што заплацім 10 000 злотых у якасці першага ўнёску, а да 31 жніўня забудоўшчык атрымае ўсю суму. Калі мы не паспяваем у тэрмін і паказваем хоць адну адмову ад банка, нам вяртаюць грошы.

У нас быў крэдытны агент, з якім мы размаўлялі на польскай мове. Але адзіны пазітыўны момант ад яго той, што ён мог патэлефанаваць у банк сваім людзям і спытаць там: «Ну што чуваць?» і «Што яшчэ трэба данесці?». А яшчэ з-за яго мы «праляцелі» з акцыяй «Аліёра», таму што яны раздавалі 4000 злотых, калі падаешся сам, без агента.

Дзяцей у нас няма, даход — каля 24 тысяч брута, абое — ІП.

Мы даведваліся ўмовы ў некалькіх банкаў.

Pekao ўхваліў крэдыт толькі на загараджальных умовах, што азначае «мы дамо вам крэдыт, як вы прасілі, але вы павінны 20% ад гэтай сумы аплаціць забудоўшчыку». Мы адмовіліся.

PKO доўга дурыў галаву ўсялякімі пытаннямі і выпіскамі (пры тым, што ў нас рахункі там асноўныя). Патрабавалі паказаць, з якога менавіта рахунку мы плацім за ZUS, і зрабіць усе выпіскі, хацелі дэталёвае эсэ на тэму «Што я раблю на працы». А потым адмовілі, таму што ў мяне быў побыт часовы, а не сталы.

У выніку крэдыт мы ўзялі ў Alior Bank.

Патрабаванняў па страхаванні жыцця банк не выстаўляў. Неабходна было толькі застрахаваць жыллё хоць бы самай мінімальнай страхоўкай («толькі сцены»), нам яна абышлася ва Uniqa ў 75 злотых. Асобна мы зрабілі нармальную страхоўку на сваю карысць за 650 злотых за год, якая ўключае пашкоджанні маёмасці і грамадзянскую адказнасць нават за межамі дому.

Крэдыт узялі тэрмінам на 25 гадоў, але пастараемся хутчэй закрыць яго пасля заканчэння льготнага перыяду. У сярэднім, мяркуючы па графіку выплат на найбліжэйшыя пяць гадоў, штомесячны плацеж будзе вагацца паміж 2400 і 2800 злотых.

Ключы ўжо ў нас, мы нават пачалі рамонт. 

Спадзяёмся заехаць да канца снежня, хоць польскія работнікі не асабліва спяшаюцца: яшчэ на самых першых этапах рамонту мы сутыкаемся з тым, што калі ў дамове напісана «ад двух да пяці тыдняў», гэта значыць, што яны пачнуць нешта рабіць толькі на чацвёртым тыдні.

Чытайце таксама:

Чаму ў Беларусі адбываецца бум на рынку нерухомай маёмасці? Тлумачыць эканаміст

Калі лепш набываць дамок на вёсцы і якія ёсць варыянты?

Рэкорд за ўсю гісторыю. Што адбываецца з кватэрамі ў рэгіёнах

Клас
46
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
5
Сумна
2
Абуральна
6