«Нават у рукі дакумент ніхто не браў»

«Наша Ніва» пагаварыла з некалькімі людзьмі, якія маюць замежны ДНЖ і пераходзілі мяжу на гэтым тыдні. Большасць расказалі, што ніякіх змен на сабе не адчулі.

«Выязджаў з Беларусі праз «Прывалку» тры дні таму, падаў пашпарт і дакументы на аўто, памежніца нават не пацікавілася, чаму ў мяне няма візы і на якіх падставах я планую трапіць у ЕС», — кажа мужчына з польскім ДНЖ.

Іншы чалавек, які ехаў праз «Брэст», кажа, што беларускія пагранічнікі спыталі ў яго, ці мае той другі пашпарт або ДНЖ.

«Я адказаў, што ў мяне ДНЖ, папрасілі паказаць, але нават у рукі яго ніхто не браў і не пытаўся, ці падаваў я звесткі», — кажа мужчына.

Без дадатковых пытанняў

Адна з нашых суразмоўцаў падала звесткі пра польскі ДНЖ праз амбасаду. А калі вярталася з Польшчы ў Беларусь, то беларускія памежнікі не прасілі яе паказаць дакумент.

Іншая жанчына, якая ехала ў Беларусь з Польшчы, таксама кажа, што ніхто не цікавіўся наяўнасцю ДНЖ або грамадзянства Польшчы.

«Звесткі пра ДНЖ яшчэ не падавала, а на мяжы ніхто не цікавіўся. Заязджала па звычайным беларускім пашпарце без візы», — кажа жанчына.

Праз мяжу паехаў з даведкай аб пастаноўцы на ўлік

Дальнабойшчык, які днямі ехаў на кадэнцыю ў Літву і мае ДНЖ гэтай краіны, кажа, што на выездзе памежнікі спыталі яго, на якой падставе ён збіраецца трапіць у Літву.

«Сказаў, што маю працоўны ДНЖ і што ўжо падаў звесткі ў МУС. Але паказаць карту (ДНЖ) не прасілі, як і даведку пра пастаноўку на ўлік, якую я на ўсялякі выпадак браў з сабой, каб не было лішніх пытанняў», — кажа мужчына.

«Памежніца спытала, ці падалі мы звесткі»

Сям'я беларусаў, якія даўно жывуць у Польшчы і маюць польскае грамадзянства, кажа, што на ўездзе ў Беларусь праз пункт пропуску «Катлоўка» ад іх патрабавалі паказаць пашпарт або ДНЖ.

«Ад пачатку лета мы ўжо трэці раз едзем у Беларусь і кожны раз у нас пытаюць пра замежныя дакументы. Да гэтага разу паказвалі id-карты і гэтага было дастаткова, але цяпер сказалі, што патрэбны папяровы пашпарт.

Памежніца параўнала даныя і фоты з беларускімі пашпартамі, спытала, ці падалі мы звесткі. Мы шчыра адказалі, што не падаваліся. У выніку гэта ніяк не паўплывала, бо нас без праблем пусцілі ў Беларусь», — кажа суразмоўца.

Мужчына выказвае здагадкі, што павышаная цікавасць да замежных дакументаў у іх выпадку абгрунтаваная тым, што яны маюць беларускія пашпарты серыі РР.

11 ліпеня 2023 года ўступілі ў сілу змены ў закон «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь». Згодна з імі, грамадзяне Беларусі, якія маюць замежны дакумент (грамадзянства, дазвол на жыхарства, іншы дакумент, які дае права на льготы), абавязаныя паінфармаваць пра гэта органы ўнутраных спраў або дыпламатычнай службы на працягу трох месяцаў з дня ўступлення ў сілу закона. 

Чытайце таксама: 

«Амаль гадзіну прасядзеў у чарзе». Як беларусы падавалі звесткі пра ДНЖ

Клас
25
Панылы сорам
13
Ха-ха
17
Ого
14
Сумна
17
Абуральна
54