Юрый Шышкоў Юрий Шишков Yuri Shishkov

Юрый Шышкоў. Скрыншот відэа minsepultury / YouTube

Пра Юрыя Шышкова з Гомеля ў Беларусі не ведаюць, затое пра яго пішуць у The New York Times, а яго працы каштуюць дзясяткі, калі не сотні тысяч даляраў.

Шлях да поспеху

Юрый яшчэ падлеткам зацікавіўся музыкай, але абставіны для заняткаў ёй не спрыялі. Інструменты савецкай вытворчасці былі дрэннай якасці. А каб набыць нармальную гітару неабходна было аддаць чатыры месячныя заробкі. Таму Шышкоў вырашыў зрабіць гітару самастойна. Ён пачаў з гітары сваёй мары.

«Мне падабаўся Рычы Блэкмар, гітарыст Deep Purple. У мяне была яго фатаграфія з гітарай Fender Stratocaster. Я павялічыў выяву, перанёс на паперу і зняў усе памеры. Так атрымалася ўзнавіць выгляд. Потым я сабраў электрычную начынку. Гэта не было вельмі цяжка: у большасці дзяцей у СССР не было цацак, таму мы былі майстрамі на ўсе рукі і рабілі іх сабе самі», — распавядаў майстар у інтэрв'ю газеце The New York Times.

майстэрня мастерская workshop

Майстэрня Юрыя Шышкова ў падвале ў Гомелі. Скрыншот відэа minsepultury / YouTube

На момант, калі Юрый зрабіў сваю першую гітару, яму было 22 гады. Майстэрню ён аформіў у падвальчыку, дзе звычайна ўзімку захоўвалі гародніну. Але справа была вельмі запатрабаваная, бо музычныя гурты ў часы позняга СССР зʼяўляліся адзін за другім.

Наступная гітара Шышкова была стылізаваная пад Jackson. Спецыялісты кажуць, што якасць таго інструмента была фантастычная. Шышкоў нават зрабіў надпісы на грыфе так, што яны падаваліся надрукаванымі на прынце.

грыф гітары neck of the guitar гриф гитары

Грыф гітары, стылізаванай пад Jackson. Скрыншот відэа minsepultury / YouTube

Праца ў ЗША

У 1990 годзе Юрый скарыстаўся магчымасцю выехаць у ЗША. На той момант у яго там не было ні сямʼі, ні знаёмых. Мову ён таксама вельмі дрэнна ведаў. Але з сабою Шышкоў узяў партфоліа — чорна-белыя здымкі інструментаў, якія ён зрабіў. З гэтымі здымкамі і новым сябрам з рускамоўнай дыяспары ў якасці перакладчыка Шышкоў пайшоў у офіс кампаніі Washburn, якая была заснавана ў Чыкага.

«Кампанія ўзяла мяне ў якасці гітарнага тэхніка. Гэта значыць, што я настройваў гітары. Крыху пазней яны зразумелі, што я здольны на большае, чым настройваць гітары, і перавялі ў майстры. Там я заставаўся 10 гадоў, пакуль не даведаўся пра вакансію ў Fender», — згадваў майстар у інтэрвʼю The New York Times.

Падчас працы ў Washburn у Шышкова зʼявіліся першыя зорныя кліенты, якія ацанілі яго ўзровень. Адным з такіх кліентаў былі Джымі Пэйдж і Роберт Плант. А самым удзячным кліентам быў Даймбэг Дарэл з гурту «Пантэра». Ён называў Юрыя «Crazy Russian» і лічыў, што Шышкову па сілах зрабіць інструмент самага высокага ўзроўню. Па меркаванні Дарэла, майстар мог перадаць не толькі дызайн і асноўныя параметры старых гітар Dean з асабістай калекцыі музыканта, але і іх душу.

У кампанію Fender Юрый Шышкоў пайшоў не на серыйную вытворчасць, а на стварэнне ўнікальных інструментаў у спецыяльны дэпартамент, дзе займаюцца вырабам кастамных гітар для кліентаў, якія хочуць нешта незвычайнае — Fender Custom Shop.

Там ёсць два кірункі: інструменты ўзроўню Team Built, якія каштуюць адносна танна, і Masterbuilt, якія вырабляюцца адным спецыялістам і зʼяўляюцца ўнікальнымі. Такія вырабы каштуюць вялікіх грошай. Менавіта інструментамі ўзроўню Masterbuilt займаецца Шышкоў.

Блюзмен Бадзі Гай з гітарай Telecaster. Скрыншот відэа minsepultury / YouTube

Сярод кліентаў майстра быў легендарны блюзмен Бадзі Гай. Уладальнік пяць Грэмі звярнуўся ў Fender у 2005 годзе, каб яму зрабілі Telecaster. Прычым вельмі хутка, бо Бадзі збіраўся на гастролі ў Індыю. Справу даручылі Шышкову, бо ён ужо працаваў з блюзменам. У выніку выйшаў інструмент, які капіяваў Telecaster 1972 года, і, па водгуках тых, хто трымаў яго ў руках, нічога не важыў. Нібыта ў корпусе гітары пуста. Але на самой справе гітара зроблена з вельмі лёгкага ясеню.

Аднойчы Шышкоў натхніўся дызайнам камеры Kodak Bandam Special 1936 года і на 30-годдзе Fender Castem Shop зрабіў гітару, інкруставаную тысячаю брыльянтаў. Сам Юрый назваў яе Studio Liner.

гітара Studio Liner гитара Studio Liner Studio Liner guitar

Гітара Studio Liner. Скрыншот з відэа minsepultury / YouTube

На 60-годдзе фірмы Fender Юрый Шышкоў зрабіў гітару Hermitage Stratocaster, якая каштуе 850 тысяч даляраў. На ёй 556 брыльянтаў, 281 смарагд, 100 рубінаў, 70 сапфіраў, 75 футаў разьбы з 18-каратнага золата.

Гітара Hermitage Stratocaster Гитара Hermitage Stratocaster Hermitage Stratocaster guitar

Гітара Hermitage Stratocaster. Скрыншот з відэа minsepultury / YouTube

Гітара для Прынса

Адным з найбольш вядомых інструментаў, якія вырабіў Шышкоў, зʼяўляецца электрагітара для спевака Прынса. Увесь інструмент пакрыты ліставым золатам. Як распавядаў сам майстар у інтэрвʼю The New York Times, будучая праца над гітарай яму прыснілася:

«неяк мне прыснілася, што раблю гітару, цалкам пакрытую тонкім ліставым золатам. Але ідэя здалася занадта крыклівай, занадта вычварнай, і я адклаў яе. А аднойчы ў 2010 годзе чалавек з аддзела працы з кліентамі прыйшоў у маю кабінку і спытаў, ці магу я зрабіць Stratocaster, пакрыты ліставым золатам. Я спытаў, хто кліент. І атрымаў адказ, што Прынс. Аказалася, яму таксама прыснілася, што ён іграе на такім інструменце падчас свайго тура Welcom 2 America».

Пра самую гітару газета The Los Angeles Times пісала: «За тыдзень да таго, як у Fender звярнуўся Прынс, падчас экскурсіі па Custom Shop кіраўнікі фірмы спыніліся на працоўным месцы Шышкова і спыталі аб працэсе ачысткі золата, з якім ён працаваў для замовы іншага кліента.

«Я згадаў, што ніколі не ствараў гітару, якая была б цалкам пакрытая сусальным золатам. Мяне спыталі: «Чаму ты ніколі гэтага не рабіў?» Я адказаў: «Ніхто ніколі гэтага не прасіў». Праз тыдзень да Шышкова прыйшоў дырэктар па маркетынгу Fender Дэль Брэкенфельд і сказаў: «Я думаю, у нас ёсць кліент для тваёй залатой гітары».

Певец Принс с гитарой Goldfinger Спявак Прынс з гітарай Goldfinger Singer Prince with Goldfinger guitar

Спявак Прынс з гітарай Goldfinger. Скрыншот відэа minsepultury / YouTube

У выніку гітару назвалі Goldfinger. Прынс граў на ёй тры гады, пакуль у яго былі сусветныя гастролі. А пасля гітара была прададзена на аўкцыёне ў падтрымку бедных сямей Гарлема. Яе набыў кіроўца Формулы-1 Люіс Хэмільтан (Lewis Hamilton) за 100 тысяч долараў.

Як адзначае музычны аглядальнік Аляксандр Чарнуха, тое, што робіць Шышкоў, які пачынаў з майстэрні ў падвале ў Гомелі, гэта фантастыка. Так пра гэта кажуць тыя, хто трымаў у руках яго інструменты. Юрый да гэтага часу жыве ў ЗША і працуе ў Fender.

Чытайце яшчэ:

Самы папулярны беларускамоўны гурт у свеце — хто гэтыя хлопцы?

Пяць беларускіх артыстаў, якіх вы можаце не ведаць, але іх слухаюць сотні тысяч

«Што там Чарнуха не раіць?» Пра дэгенератыўнае мастацтва і найлепшыя трэкі распыталі знаўцу беларускай музыкі

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?