Ліса ў Бабруйску. Скрын відэа выдання «Вячэрні Бабруйск»

Ліса ў Бабруйску. Скрын відэа выдання «Вячэрні Бабруйск»

Відэа ў выданне «Вячэрні Бабруйск» даслала жыхарка дома № 44 па вуліцы Ванцэці. На ім відаць, як увечары ліса спакойна разгульвае па гарадскіх вуліцах.

— Відэа зняла мая дачка Элі падчас прагулкі (14 кастрычніка. —заўв. аўт.) увечары на скрыжаванні Ванцэці і Пушкіна, — распавяла Алена Генадзеўна. — Дачка гуляла з сяброўкай, ліса правяла іх да пад'езда нашага дома, а затым пайшла за сяброўкай дачкі на Скрыпачку. Там, кажуць, нарабіла перапалоху — напалохала мясцовых курэй. Людзі сустракаюць лісу ў нашым раёне ўжо не першы раз. Яна нікога не кранае, толькі назірае…

Чаму дзікая жывёла з'явілася ў горадзе? Як паводзіць сябе людзям пры сустрэчы з ёй? 

— Імаверна, ліса заражаная шаленствам, але дакладна вызначыць гэта можа толькі ветэрынар, — кажа намеснік начальніка Бабруйскай гаррайінспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету Ігар Рыжык. — Ні ў якім разе нельга з лісой кантактаваць! Трэба звярнуцца ў МНС або ў САП («Спецаўтапрадпрыемства»), каб яе забралі. Праходзіць гэты працэс звычайна пад кантролем Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

— Чаму дзікая жывёла сябе так паводзіць? Часта з цікаўнасці, але не выключана, што жывёла хворая, — кажа намеснік начальніка Бабруйскай гаррайінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Ігар Салановіч. — Таму людзям лісу чапаць не варта адназначна, прагназаваць паводзіны жывёлы складана.

Дарэчы, у апошні час з'яўленне лісы ў горадзе — з'ява нярэдкая. Так, жыхары Гродна сёлета неаднаразова заўважалі гэтых жывёл на вуліцах. Сустракалі лісу і ў Магілёве (пазней яе знайшлі мёртвай. Аналіз паказаў: ліса была хворая на шаленства).

Прычын, чаму звер набліжаецца да жылля чалавека, некалькі, кажа Павел Велігураў, навуковы супрацоўнік лабараторыі папуляцыйнай экалогіі наземных пазваночных і кіравання біярэсурсамі Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па біярэсурсах.

Напрыклад, голад або тое, што звер ужо паспеў прывыкнуць да людзей. Найбольш небяспечны варыянт — хвароба. 

Лісы часцей за іншых звяроў пакутуюць на шаленства. Нездарма іх лічаць чысцільшчыкамі лесу, бо яны даядаюць загінулых жывёл, якія, цалкам верагодна, заражаныя.

«У хворых асобін адсутнічае пачуццё страху, таму яны і заходзяць у гарады, таксама здольныя без прычыны нападаць на людзей, наносіць ім траўмы, — адзначае Павел Велігураў. — Калі ўбачылі лісу, паспрабуйце яе адагнаць: шуміце, крычыце, размахвайце рукамі, словам, рабіце ўсё, што перашкодзіць зверу наблізіцца».

Як адзначае эксперт, адрозніць хворых насельнікаў лесу можна па іх упэўненых паводзінах і нахабным позірку. Калі з пашчы капае сліна, у абсалютнай большасці выпадкаў гэта сведчыць, што ліса заражаная шаленствам.

Калі вам насустрач бяжыць звер (нават самы мілы, пухнаты і ласкавы), варта насцярожыцца. Здаровая жывёла ніколі не пойдзе на кантакт з чалавекам і не будзе браць ежу з яго рук. Глядзець лісе прама ў вочы ці шырока ўсміхацца не рэкамендуецца: драпежнік можа ўспрыняць гэтыя дзеянні як выклік і ашчэр. Аптымальны выхад са становішча — трымаць сувязь з лісой бакавым зрокам і павольна адступаць, не паварочваючыся да яе спінай.

Клас
4
Панылы сорам
0
Ха-ха
2
Ого
5
Сумна
0
Абуральна
3