Начальнік Генштаба Арміі абароны Ізраіля Герцы Халеві. Фота: Maya Alleruzzo, Pool / AP Photo

Начальнік Генштаба Арміі абароны Ізраіля Герцы Халеві. Фота: Maya Alleruzzo, Pool / AP Photo

«Армія абароны Ізраіля нясе адказнасць за бяспеку краіны і яе грамадзян. І ў суботу [7 кастрычніка] у населеных пунктах, якія мяжуюць з сектарам Газа, мы не выканалі нашых абавязкаў. Мы разбяромся, чаму так адбылося, але зараз час ваяваць», — заявіў Халеві, выступаючы з прамовай на базе недалёка ад мяжы з Газай.

У сваёй заяве начальнік Генштаба арміі Ізраіля заявіў, што лідары сектара Газа сутыкнуцца з наступствамі – і будуць «знішчаны». Акрамя таго, у сваёй заяве Герцы Халеві заклікаў прыхільнікаў «Хезбалы» не ўмешвацца ў канфлікт.

Халеві выказаў спачуванні сем'ям загінулых і сказаў: «Кошт вайны высокі і цяжкі. Мы зробім усё, каб вярнуць палонных дадому».

Пры нападзе ХАМАС на Ізраіль 7 кастрычніка пацярпелі раёны на поўдні краіны, якія мяжуюць з сектарам Газа. 

Баевікі забілі і выкралі ўдзельнікаў музычнага фестывалю Universo Paralello, які праходзіў паблізу кібуца Рэім, таксама атакавалі кібуцы Кфар-Аз і Беэры, дзе забілі сотні жыхароў, некаторых людзей абезгаловілі.

Па апошніх даных, у Ізраілі ў выніку нападу баевікоў ХАМАС загінулі 1300 чалавек, каля 3300 пацярпелі. У сектары Газа, паводле звестак палесцінскіх улад, у выніку ўдараў арміі Ізраіля загінулі 1417 чалавек, пацярпелі больш за 6200.

Клас
8
Панылы сорам
5
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
21
Абуральна
3