Мікалай Лукашэнка. Скрыншот відэа расійскага ТБ

Мікалай Лукашэнка. Скрыншот відэа расійскага ТБ

Знаёмства з Мікалаем Лукашэнкам

Павел Слюнькін згадаў пра сваё знаёмства з Мікалаем Лукашэнкам падчас аднаго з мерапрыемстваў за межамі Беларусі.

«Мы з ім прыкладна паўгадзіны знаходзіліся ў адным пакоі і елі марозіва з адной баначкі. Гэта было мерапрыемства, якое вельмі доўга цягнулася. У мяне тады не было часу, каб паснедаць. Я прачнуўся а 4-й раніцы. А ўжо быў дзень. У мяне ўзнікла паўза. Я зайшоў у пакой, дзе знаходзяцца часткі дэлегацый, людзі, якія дапамагаюць правядзенню перамоваў. І там быў таксама Мікалай».

Слюнькін адзначае, што памятае гісторыі, у якіх распавядалася пра тое, што Мікалай — вельмі дрэнна выхаваны хлопец. «Хартыя», здаецца, у 2011 годзе, пісала пра тое, што ён кусаў сцюардэсу, крычаў, што ўсіх расстраляе». Але пры сустрэчы ён пабачыў зусім іншага чалавека, і ўражанні былі пазітыўныя:

«Тады ён быў зусім малым хлопцам. Ён еў марозіва і падзяліўся са мною, бо я нічога не еў. Ён быў маўклівым. І я не скажу, што хтосьці перад ім там «вытанцоўваў». Калі трэба было яму нешта сказаць, з ім не пагадзіцца, яму спакойна пра гэта казалі. І інтанацыя была такая, як у бацькоў да дзіцяці.

Ён расце ў атачэнні людзей, якія пастаянна знаходзяцца з ім. Гэта служба бяспекі. Вось яна таксама зʼяўляецца часткай яго сямʼі. І я думаю, што яны таксама вельмі моцна ўплываюць на тое, якім ён стаў.

Мае ўражанні за гэтыя паўгадзіны былі вельмі моцна адрозныя ад тых, якія нам могуць здавацца — як прынца нейкага выхоўваюць, усе цалуюць ручкі. Не, гэта звычайнае стаўленне як да звычайнага дзіцяці, якому можна казаць «не». Я не ведаю, сварацца на яго ці не. Але гэта чалавек, які паважае аўтарытэт тых людзей, што знаходзяцца побач. Таму мае ўражанні былі пазітыўныя. Што ён за чалавек, пра што ён думае, што яму падабаецца, я не ведаю».

Апазіцыянер у сям'і?

Заявы Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што яго малодшы сын зʼяўляецца апазіцыянерам у сямʼі, Слюнькін успрымае з іроніяй:

«Гэта ж Аляксандр Лукашэнка. Ён вельмі любіць прэзентаваць некаторыя рэчы. Ён жа і сваіх падначаленых чыноўнікаў часам называе апазіцыянерамі. Таму я бы вельмі скептычна гэты ўспрымаў.

Але я магу зразумець, калі, уявім, Мікалай падыходзіць і кажа Аляксандру Лукашэнку, што не трэба закрываць ютуб ці што інтэрнэт гэта не толькі сметніца, то гэта для Аляксандра Лукашэнкі ўжо апазіцыянер. Бо хто яму яшчэ гэта скажа, калі не родны сын, які можа сабе дазволіць бяспечна пярэчыць Аляксандру Лукашэнку.

Ён малады чалавек, які рос на заходняй культуры, заходніх гаджэтах. Ён карыстаецца ўсімі тымі сучаснымі мабільнымі тэлефонамі. Ён, магчыма, у дзяцінстве глядзеў заходнія мульцікі. У яго героі былі з коміксаў, якіх ён таксама, хутчэй за ўсё любіў. Апранаецца ён таксама відавочна не ў «Беллегпраме», а ўсё ж такі ў больш якасныя рэчы, якія зробленыя ў заходніх краінах.

Я думаю, што ён чытаў навіны і атрымліваў інфармацыю не з БелТА, а як малады чалавек хацеў атрымліваць усё ж больш якасную інфармацыю. І таму, я думаю, што погляды паміж ім і яго бацькам, улічваючы таксама і розніцу ва ўзросце, могуць быць вельмі рознымі.

Ці робіць гэта яго апазіцыянерам? Безумоўна, не». 

Ці перадасць Лукашэнка ўладу малодшаму сыну

Палітычны аналітык мяркуе, што калі б у Аляксандра Лукашэнкі былі лепшыя ўмовы для таго, каб прывесці Мікалая да ўлады, ён бы спрабаваў гэтым карыстацца:

«Яшчэ да пачатку вайны, дзесьці ў 2020 ці 2021 годзе, напярэдадні рэферэндуму былі аналітыкі, якія казалі, што, магчыма, ён пасля гэтага збіраецца сысці. Я ў гэта ніколі не верыў. Лічу, што для Аляксандра Лукашэнкі нічога важнейшага за ўладу няма. Жыццё ніводнага чалавека для яго не вартае яго асабістай улады. Таму, як мне падаецца, варыянт перадачы ўлады як у Казахстане яму проста не падыходзіць.

Павел Слюнькін Pavel Slyunkin Павел Слюнькин

Павел Слюнькін лічыць, што Аляксандр Лукашэнка будзе трымацца за ўладу да канца. Скрыншот відэа TOK_talk / YouTube

Ён хутчэй глядзіць на варыянты, што былі ў Сірыі, дзе Хафес Асад перадаў уладу Башару Асаду. Ці выпадак Гейдара Аліева, які перадаў уладу свайму сыну. Ці варыянт Паўночнай Карэі. Там рэжымы захавалі сябе. Улада захавалася ўнутры сям'і. І рэжымы паказалі, што яны эфектыўна працуюць.

І я думаю, што ён разумее, што перадаваць уладу за межы сваёй сямʼі проста небяспечна. Ён не збіраецца яе перадаваць, але, калі прыйдзе момант, калі Аляксандр Лукашэнка зразумее, што здароўе яму не дазваляе, ён проста раптам памрэ, я ўпэўнены, што ён будзе спрабаваць захаваць гэта ўнутры сямʼі».

Слюнькін адзначае, што немагчыма прагназаваць, каму з трох сваіх сыноў Аляксандр Лукашэнка перадасць уладу. Але для яго галоўнае трымацца за ўладу так доўга, наколькі гэта магчыма, і захаваць створаную ім сістэму і пасля сваёй смерці.

Глядзіце цалкам:

Клас
12
Панылы сорам
11
Ха-ха
5
Ого
2
Сумна
9
Абуральна
26

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?