Таццяна (гэта і наступныя імёны змененыя), якая паўгода жыве ў Ашкелоне (горад за 8 кіламетраў ад Газы), прачнулася зранку ад гукаў паветранай трывогі. Паводле яе слоў, апошнія шэсць месяцаў сірэн у горадзе не было чуваць.

«Я прачнулася а шостай раніцы, сон перабіў свіст за акном. Я паглядзела — ляцяць ракеты, іх збіваюць, убачыла ўспышкі. Тады я яшчэ не ўцяміла, што адбываецца, бо ў нас ужо даўно не было абстрэлаў.

Пасля пачатку гуку сірэн схапіла заплечнік, пашпарт і ваду і пайшла на лесвічную клетку. Даведалася, што ў нас у доме няма бамбасховішча, таму прыйдзецца акуратненька перабівацца пад’ездамі», — напісала дзяўчына з раніцы ў сваіх сторыз.

Пасля яна паведаміла, што выбухоўка ўпала на паркоўку ля ейнага дома, аскепкі траплялі ў вокны. Дзяўчына вырашыла заставацца ў пад’ездзе дзеля бяспекі.

«Зараз мы сядзім у пад’ездзе, закрываем вушы, каб не было чуваць звонаў, людзі размясціліся на сярэдніх паверхах, часам выходзяць на вуліцу, калі сціхае гул сірэн. Чуем, як разбіваюцца вокны і аскепкі трапляюць па машынах», — распавяла Таццяна журналісту «Нашай Нівы».

Яшчэ адна беларуская сям’я пераехала зусім нядаўна і некалькі месяцаў жыве ў горадзе Рышон-Ле-Цыён, што ў цэнтры Ізраіля і прыкладна за дзясятак кіламетраў ад Тэль-Авіва. 

«Паветраныя трывогі пачаліся ў нашым горадзе дзесьці а шостай раніцы, агулам было каля сямі сірэн. Дагэтуль сядзім па хатах, выходзіць баімся! Сабралі трывожную валізку. Адна ракета сёння ўпала ў цэнтры Рышона, недалёка ад нас», — распавядае беларуска Вольга і дадае, што да сёння апошнія сірэны яна чула толькі ў маі.

Жанчына кажа, што падчас паветранай трывогі ўсе жыльцы дома выходзяць на лесвічную пляцоўку, у бамбасховішча пакуль не спускаліся.

«Пастаянна чулі гукі, як ракеты збіваюцца купалам, пахла порахам. Цяпер ужо крыху спакайней, не выходзім з кватэры, апошняя сірэна была дзесьці тры гадзіны таму. Але верталёты, машыны хуткай дапамогі і пажарныя ўвесь час зараз гудуць», — дзеліцца яна.

Вольга адзначае, што ніхто не ведае, колькі гэта працягнецца. 

«У памежных пасяленнях усё трагічна, тэрарысты з Газы ўварваліся ў краіну і страляюць па грамадзянскіх, захопліваюць у закладнікі і г.д. Ужо шмат забітых. Вельмі не па сабе», — рэзюмуе Вольга.

Чытайце таксама:

Напад ХАМАС на Ізраіль. Па ўсёй тэрыторыі краіны ўведзена надзвычайнае становішча

Баевікі ХАМАС увайшлі ў ізраільскія гарады Ашкелон і Сдэрот

Прэм'ер Ізраіля: Гэта вайна

На ўсёй тэрыторыі Ізраіля ўведзена надзвычайнае становішча

Ізраіль атакаваў у Газе 17 ваенных комплексаў

Клас
6
Панылы сорам
1
Ха-ха
3
Ого
0
Сумна
19
Абуральна
8