Фота тут і далей: сацсеткі суразмоўцы

Фота тут і далей: сацсеткі суразмоўцы

З нагоды суду Руслан апублікаваў відэа ў сваім профілі, дзе просіць падпісчыкаў з Беларусі не рабіць рэпосты з яго старонкі, не лайкаць допісы і не пакідаць каментары. Сацсеткі Кулевіча прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі» ў студзені 2023 года.

Журналіст кажа, што пра арышт святара даведаўся раней, чым навіна трапіла ў СМІ. І гэта выпадак не адзіны, калі чалавек пацярпеў за падпіскі на асабістую старонку Кулевіча ў інстаграме.

«Тыдзень таму мне напісалі, што ў Гродне за падпіску на мой інстаграм затрымалі дзвюх дзяўчат. У пастарунак на вуліцы Гая іх прывезлі ў кайданках. Кожнай далі штаф амаль па тысячы рублёў», — кажа журналіст.

Апроч гэтых выпадкаў, па словах Кулевіча, цягам апошніх двух месяцаў яму распавялі некалькі гісторый, што людзі мелі праблемы на мяжы, калі падчас паглыбленых праверак тэлефонаў знаходзілі падпіску на яго.

«Людзі распавядалі, што ў іх пыталі нешта накшталт: «Вы ж ведаеце, што ён экстрэміст, навошта на яго падпісаныя?» Але тыя людзі нават і не ведалі пра мой экстрэмісцкі статус. Такіх хапае, я часам сам выдаляю каментары пад допісамі, калі ведаю, што чалавек у Беларусі.

Таму я вырашыў ужо чарговы раз звярнуцца да падпісчыкаў, каб нагадаць ім, што калі яны жывуць у Беларусі ці проста бываюць там, то ім лепей ад мяне адпісацца. Я паважаю і цаню сваю аўдыторыю, на якую працаваў больш за 10 гадоў, але, на жаль, вымушаны прасіць іх не лайкаць мае допісы і не пісаць каментары. Гэта трэба для іх жа бяспекі», — кажа Кулевіч.

Журналіст кажа, што падпісчыкі былі асноўнымі яго інфарматарамі, якія заўжды дапамагалі ў працы.

«Першы сур'ёзны ўдар быў, калі маю старонку прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Я тады таксама выклаў допіс, каб папярэдзіць людзей. Пасля за некалькі месяцаў ад мяне адпісалася больш за тры тысячы чалавек», — згадвае Руслан.

З яго слоў, на піку ягоны профіль у інстаграм налічваў больш за 16 тысяч падпісчыкаў. Пасля публікацыі відэа ўчора вечарам яго аўдыторыя скарацілася яшчэ на 600 чалавек. Цяпер у журналіста 11,5 тысячы фаловераў. Руслан кажа, што ў асноўным адпісваюцца тыя, хто жыве ў Беларусі.

«Гэта вельмі крыўдна, што нас такім чынам проста пазбаўляюць аўдыторыі з Беларусі. Многія пішуць мне: «Руслан, мы ўсё разумеем, чытаем цябе, але адпішамся».

Тым не менш, па праглядах на сайце і ў ютубе мы ўсё адно бачым, што людзі з Беларусі працягваюць чытаць і глядзець нас», — сцвярджае Кулевіч.

Руслан Кулевіч быў першым беларускім журналістам, чые асабістыя старонкі ў сацыяльных сетках лукашысты прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі».

Чытайце таксама: 

«Званіў мэру з аўтазака. Цяпер уяўляю, як дабягу да Гродна і пацалую брукаванку». Вялікая гутарка з журналістам Русланам Кулевічам

Клас
6
Панылы сорам
0
Ха-ха
2
Ого
0
Сумна
5
Абуральна
20