Памятны знак палеглым за Украіну беларусам у Кіеве на вуліцы Беларускай пасля дэмантажу некаторых элементаў. Фота: Анжэла Душаева

Памятны знак палеглым за Украіну беларусам у Кіеве на вуліцы Беларускай пасля дэмантажу некаторых элементаў. Фота: Анжэла Душаева

«Просім вас неадкладна ўмяшацца ў сітуацыю, спыніць знішчэнне мемарыяльнай дошкі, якая ўшаноўвае памяць беларусаў, якія аддалі жыццё ў барацьбе за Украіну. Забяспечыць поўнае аднаўленне мемарыяльнай дошкі і не дапусціць у будучыні актаў вандалізму ў дачыненні да помніка з боку адміністрацыі ўніверсітэта», — адзначаецца ў дэпутацкім звароце, які мае ў сваім распараджэнні «Свабода».

Дэпутаты назвалі частковы дэмантаж мемарыялу «рэзананснай і шакавальнай падзеяй».

Прадстаўнікі Вярхоўнай Рады Украіны падкрэслілі, што помнік усталяваны на сродкі сяброў і блізкіх загінулых, а Кіеўскі саюз ветэранаў Антытэрарыстычнай аперацыі дапамагаў прайсці ўсе інстанцыі — ад Кіеўскай гарадской дзяржаўнай адміністрацыі да раённай рады і ўласнікаў будынку, каб атрымаць усе дазволы на ўсталяванне помніка.

Як стала вядома «Свабодзе», кіраўніцтва каледжа, на сцяне якога знаходзіцца мемарыял, перамясціла знятыя герб «Пагоня» і надпісы «Жыве Беларусь!» і «Слава Украіне!» у падвал навучальнай установы. 

Анжэла Душаева, прадстаўніца дабрачыннага фонду «Валошка», паведаміла, што пасля іхнага наведвання каледжа ягонае кіраўніцтва вырашыла вярнуць на месца надпіс «Слава Украіне!». Беларускі нацыянальны і ўкраінскі дзяржаўны сцягі пакуль на мемарыяле адсутнічаюць.

Ініцыятары стварэння мемарыялу звярнуліся ў Службу бяспекі Украіны і паліцыю з патрабаваннем разабрацца з дзеяннямі кіраўніцтва каледжа і Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэта тэхналогій і дызайну.

Памятны знак беларусам, палеглым за Украіну, быў адкрыты ў 2016 годзе ў Кіеве на вуліцы Беларускай. Ім ушанаваныя ўдзельнік Рэвалюцыі Годнасці Міхаіл Жызнеўскі, байцы тактычнай групы «Беларусь» Алесь Чаркашын і Віталь Ціліжэнка, а таксама парамедык марской пяхоты Украінскіх узброеных сіл Мікола Ільін.

Загінулыя пасмяротна адзначаныя дзяржаўнымі ўзнагародамі Украіны.

Пра пашкоджанне памятнага знака стала вядома 30 верасня з сацыяльных сетак. З помніка былі прыбраныя надпісы «Слава Украіне», «Жыве Беларусь», герб «Пагоня» ды нацыянальныя сцягі Беларусі і Украіны.

Дырэктарка кіеўскага каледжа патлумачыла дэмантаж часткі памятнага знака беларускім ваярам тым, што «словы «Жыве Беларусь» раздражняюць». 

Клас
28
Панылы сорам
5
Ха-ха
2
Ого
2
Сумна
0
Абуральна
5