Токць, Вашкевіч Холад, голад і зараза Токць Вашкевич Холод, голод и инфекция. Tokc, Vashkevich Cold, hunger and infection

Нашы продкі, як і мы цяпер, кожны дзень вырашалі шмат бытавых пытанняў — дзе зарабіць, што з'есці, як выжыць. На жаль, не ўсё ў жыцці залежыць ад самога чалавека, яго працавітасці і таленту. Нават для нас, людзей, што жывуць у век штучнага інтэлекту і геннай інжынерыі, вялікім выклікам стала эпідэмія COVID і глабальная змена клімату.

Кліматычныя анамаліі і розныя эпідэміі праходзяць праз усю гісторыі чалавецтва. У заходняй гістарыяграфічнай традыцыі такія даўно сталі тэмамі даследаванняў. Для беларускіх гісторыкаў гэта пакуль што новы кірунак.

Пра што кніга

Прафесар Сяргей Токць і вядомы краязнавец Андрэй Вашкевіч прапануюць нам захапляльнае падарожжа ў свет беларускага селяніна сярэдзіны XIX стагоддзя, а менавіта ў 1840-1850-я гады — дваццацігоддзе перад адменай прыгоннага права, перыяду, на які, дарэчы, прыпадае сталенне будучых удзельнікаў паўстання Кастуся Каліноўскага. Тым больш цікавым зʼяўляецца той факт, што аўтары распавядаюць пра Гарадзеншчыну, на тэрыторыі якой у 1838 годзе нарадзіўся Кастусь. Так што, эпідэміі і кліматычныя анамаліі, апісаныя ў кнізе, непасрэдным чынам закранулі і яго.

Кніга прыцягае ўвагу ўжо самой назвай — «Холад, голад і зараза: кліматычныя анамаліі, эпідэміі і соцыум у Беларусі ў 40—50-я гады XIX стагоддзя». Яна каштоўная перад усім тым, што напісаная на матэрыялах, якія захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным архіве ў Гродна. Гэта дазволіла аўтарам істотна дэталізаваць карціну, а часам стварыць абразкі мікрагісторыі.

Кніга складаецца з дзвюх частак. У першай аўтары шукаюць адказ на пытанне, што паслужыла прычынай значнага скарачэння насельніцтва і ці магчыма было нейкім чынам зменшыць страты. У другой зроблена спроба намаляваць карціну стану беларускага грамадства пад прыгонам.

Разлічаная хутчэй на спецыяліста, чым на масавага чытача, даследаванне багатае разнастайнымі табліцамі і лічбамі. Але ў той жа час менавіта гэтым яно і каштоўнае. Бо ніхто да аўтараў яшчэ не аналізаваў такую істотную колькасць статыстычных звестак, за якімі хаваюцца лёсы людзей.

Дэмаграфічны крызіс, аказваецца, зʼява не толькі сучаснай Беларусі. Але прычыны яго ў мінулым былі зусім не ў тым, што жанчыны менш нараджалі. Людзей забіралі эпідэміі. Так, у самы цяжкі 1855 год на сто народжаных у Гродзенскай губерні прыпадала 218 памерлых на вёсцы і 315 (!) у гарадах. А за дзесяць гадоў (1851-1861 гады) губерня страціла кожнага восьмага свайго жыхара. Пры гэтым найбольш істотныя страты былі сярод яўрэяў — больш чым кожны чацвёрты, і памешчыцкіх сялян, дзе памёр кожны чацвёрты. І прычына зусім не ў вайне…

Надвор'е 

Аўтары называюць асноўных ворагаў насельніцтва — анамаліі надворʼя, якія прыводзілі да неўраджаяў. Сабраныя звесткі сведчаць аб тым, што заўсёды на наступны год пасля моцнага неўраджаю назіраўся рост смяротнасці і зніжэнне колькасці нараджальнасці па губерні.

Але не заўсёды жыццё залежала ад ураджаю. У 1848 годзе, як пішуць аўтары, ураджай атрымаўся найлепшы за ўвесь перыяд з 1843 па 1869 гады. Але смяротнасць у той год аказалася вельмі высокай. Эпідэмія халеры забрала жыцці кожнага дзясятага.

Мяркуем, што шмат каго зацікавіць інфармацыя пра кліматычныя анамаліі, якую карпатліва сабралі аўтары ў адзін з параграфаў. Тут вам і веснавая суша і дажджы на працягу ўсяго лета ў 1844 годзе (які стаў рэкардсменам на колькасці дзён з ападкамі — 231), і моцныя маразы пры малой колькасці снегу ў 1848 годзе, і снег з халадамі ў маі 1852 года, маласнежная зіма і халодная вясна 1852 года, бясконцыя халодныя дажджы летам 1853 года.

Аўтары падрабязна распавядаюць і пра надворʼе ў 1861 годзе — годзе адмены прыгону. Па звестках, ён быў амаль без дажджоў з ранняй, але халоднай вясной, летняй спёкай і засухай. Дажджы пайшлі толькі падчас збору ўраджаю.

І што самае цікавае — пра надворʼе ў час паўстання. Мяркуем, такія звесткі былі б карыснымі пры візуалізацыі падзей, дапамаглі б стваральнікам кінафільмаў ці карцін дадаць больш дэталяў. Гісторыя з гэтымі звесткамі атрымлівае больш колераў, становіцца больш блізкай і зразумелай. Хочаце даведацца больш — шукайце кнігу ў кнігарнях.

Хваробы

Кніга будзе цікавая і тым, хто цікавіцца гісторыяй медыцыны. Разам з аўтарамі мы трапляем у часовыя лазарэты, створаныя ўладамі ва ўсіх гарадах і многіх мястэчках Гродзенскай губерні ў 1848 годзе для барацьбы з халерай, даведваемся пра эксперыменты дактароў у лячэнні хваробы. А адзін доктар у той час прыпадаў на 20 тысяч насельніцтва.

Акрамя халеры, жыцці забіралі тыф, ліхаманка, крывавы панос, воспа, грып. Часам эпідэмічны характар набывалі каўтун і залатуха. У 1854—1855 гадах у Гродзенскай губерніі на халеру, тыф і іншыя заразныя хваробы перахварэў кожны пяты з васьмі жыхароў, ці 500 тысяч чалавек.

Соцыум

Сярод герояў кнігі і чыноўнікі. Вось яны займаюцца выдачай пазык сялянам з хлебных магазінаў (складоў збожжа на выпадак неўраджаю ці стыхійнага бедства), якія часам аказваюцца пустымі, грашовымі пазыкамі, закупам збожжа ў іншых губернях, засядаюць у камісіях народнага харчавання, устанаўліваюць «стражайшы кантроль над дарагавізнаю», спрабуюць забараняць вываз збожжа за мяжу, хаваюць звесткі пра колькасць хворых і памерлых.

Аўтары звяртаюць увагу на той факт, што, нягледзячы на неўраджаі, чыноўнікі вызначалі квоты збожжа і бульбы на выраб гарэлкі. Так, у неўраджайны 1854 год такой квоты хапіла б на тое, каб пракарміць 170 тысяч чалавек. Нягледзячы на голад і высокія цэны на гарэлку (у Гродне ў 1853 годзе паўлітра гарэлкі каштавалі як два кілаграмы мяса), насельніцтва працягвала піць.

Другая частка кнігі прысвечана разгляду становішча сялян. Сярод іншага, напрыклад, аўтары шукаюць адказ на пытанне, ці мелі памешчыкі права «першай ночы», канфлікты паміж сялянамі і панамі.

Безумоўнай «разынкай» кнігі зʼяўляецца параграф, у якім на падставе архіўнай справы разглядаюцца нюансы ўзаемаадносін пана і яго падданых.

Цэнтрам падзеі зʼяўляецца маёнтак памешчыка Франца Вольбека ў Слонімскім павеце. Аўтары сцвярджаюць, што Вольбек стварыў своеасаблівую сацыяльна арыентаваную прыгонную гаспадарку з гарантыяй дапамогі для сялян.

Ён уваходзіў у склад своеасаблівага інтэлектуальнага гуртка, які тады склаўся ў Слоніме. Менавіта з такіх гурткоў фармаваліся структуры паўстанцкіх арганізацый (пра ўдзел у паўстанні самога Вольбека невядома).

Аднак сяляне такой апекай свайго памешчыка былі незадаволеныя. Аўтары спрабуюць разабрацца, у чым прычына такога стаўлення.

Лагічным завяршэннем кнігі становіцца раздзел, у якім на падставе архіўных дакументаў паказаны рост сялянскага супраціву, набыццё ім палітычнай афарбоўкі, каталізатарам якога былі голад і эпідэміі з аднаго боку, і няздольнасць памешчыкаў і чыноўнікаў пры наяўнай сістэме знайсці эфектыўныя крокі, каб супрацьстаяць выклікам.

Чытаеш кнігу і перад вачыма паўстаюць вобразы беларускай вёскі і селяніна. З ім разам ты сееш жыта, садзіш бульбу, з надзеяй пазіраеш на неба, злуешся, плачаш ад адчаю і бяссілля, праходзіш уздоўж могілак і бачыш мноства свежых магіл людзей, памерлых ад голаду і эпідэмій, і больш разумееш, што рухала людзьмі ў тыя часы.

Чытайце яшчэ:

Выдавецтва «Вясна» выдала па-беларуску літоўскага пісьменніка

Новы сайт Kamunikat.org: яшчэ больш кніг і магчымасцяў

Выйшла кніга «Круглая Square» Вала Клемэнта — іранічны жыццяпіс чалавека і імперыі

Клас
37
Панылы сорам
1
Ха-ха
4
Ого
6
Сумна
2
Абуральна
6