Юрый Гараўскі старанна хаваў свой твар падчас суда. Фота: «Новы час»

 Юрый Гараўскі старанна хаваў свой твар падчас суда. Фота: «Новы час»

Гараўскага судзілі ў межах універсальнай юрысдыкцыі ў Швейцарыі.

Былога спецназаўца абвінавачвалі ў выкраданні экс-міністра МУС Беларусі Юрыя Захаранкі, экс-старшыні ЦВК Віктара Ганчара і бізнэсоўца Анатоля Красоўскага.

Швейцарскае заканадаўства не дазваляла прыцягнуць Гараўскага да адказнасці па больш сур’ёзным крымінальным артыкуле — за забойствы ці саўдзел у іх, бо імаверныя расправы над апанентамі рэжыму адбываліся на тэрыторыі Беларусі. Таму судзілі экс-сілавіка за датычнасць да «шматлікіх выпадкаў знікнення».

Як паведамляе Deutsche Welle, Акруговы суд Роршаха апраўдаў Юрыя Гараўскага па абодвух прад'яўленых яму абвінавачваннях — гвалтоўным знікненні людзей і ўвядзенні правасуддзя ў зман.

Грамадзянскі пазоў Алены Захаранкі і Валерыя Красоўскага на 200 тысяч швейцарскіх франкаў будзе перанакіраваны ў грамадзянскі суд. Судовыя выдаткі на суму ў амаль 45 тысяч франкаў пакрые дзяржава.

Тлумачачы прысуд, суддзя заявіў, што гэта асаблівы выпадак, у якім «замяшаная ўлада, і яна адказная за гвалтоўныя знікненні».

«Гэтыя факты не павінны выклікаць сумненняў. Але на допыце абвінавачаны заблытаўся ў супярэчнасцях і ўхіляўся ад адказу», — растлумачыў сваё рашэнне суддзя.

Ён палічыў, што некаторыя з паказанняў Гараўскі прыдумаў. Таму суд прыйшоў да высновы, што Юрый Гараўскі, магчыма, служыў у САХРы, але ягоная роля ў выкраданнях застаецца незразумелай. «Магчыма, ён чуў пра гэта ад калег», — перадае словы суддзі карэспандэнтка DW.

Юрый Гараўскі пры ўваходзе ў суд. Фота: «Новы час»

Юрый Гараўскі пры ўваходзе ў суд. Фота: «Новы час»

Карэспандэнтка выдання «Новы час» паспрабавала пасля прысуду паразмаўляць з самім Юрыем Гараўскім.

«Ці шкадуеце вы аб тым, што бралі ўдзел у выкраданнях апазіцыйных палітыкаў? Ці разумелі вы, беручы ўдзел у гэтых спецаперацыях, што гэта палітычныя справы? Як Паўлічэнка тлумачыў вам неабходнасць затрымання Захаранкі, Ганчара і Красоўскага?» — запыталася яна.

Аднак Гараўскі не адказаў ні на адно пытанне, насунуўшы капюшон на галаву. Выглядаў ён, як адзначыла журналістка, вельмі падаўленым.

Адвакатка Гараўскага ў размове з журналістамі паведаміла, што яе бок задаволены такім рашэннем суда.

Адвакатка Юрыя Гараўскага размаўляе з журналістамі. Фота: «Новы час»

Адвакатка Юрыя Гараўскага размаўляе з журналістамі. Фота: «Новы час»

Чытайце таксама па тэме:

«Бацька не адразу распазнаў, хто такі Лукашэнка». Дачка Юрыя Захаранкі пра здраду сяброў, працэс Гараўскага. І пра боль жыцця

БелТА падманвае, што Гараўскага ў Швейцарыі судзяць за самаабгавор

У Швейцарыі скончыўся суд над былым байцом «эскадрона смерці» Гараўскім

Пракурор запрасіў для экс-спецназаўца па справе зніклых апанентаў Лукашэнкі 3 гады зняволення

«Калі вам стала зразумела, што Захаранку збіраюцца забіць?» — «Калі Паўлічэнка стрэліў у яго». Гараўскі дае паказанні

Клас
6
Панылы сорам
29
Ха-ха
6
Ого
8
Сумна
4
Абуральна
47