Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Сёлета плануюць усталяваць новы рэкорд

Па словах намесніка генеральнага дырэктара па вытворчасці Дзяніса Вараб'ёва, «Беларуснафта» пастаянна працуе над павелічэннем аб'ёмаў здабычы нафты ў краіне.

Заява выклікае шмат пытанняў, бо рэкордным па аб’ёмах здабычы быў далёкі 1997 год, калі ўдалося падняць на паверхню 1,82 млн тон вуглевадародаў. Пасля тэмпы здабычы штогод паступова зніжаліся. Беларусь у сярэднім здабывала па 1,64 млн тон нафты штогод, таму павелічэнне аб’ёмаў здабычы — гэта толькі трэнд апошніх некалькіх гадоў, калі па выніках 2020 года здабылі 1,7 млн тон. Летась было здабыта ўжо 1,8 млн тон. На 2023 год запланавана здабыча мінімум 1,85 млн тон нафты. 

Абсалютны рэкорд па здабычы нафты на беларускай тэрыторыі пастаўлены ў 1975 годзе, калі на паверхню ўдалося падняць аж 7,96 млн тон чорнага золата.

Больш за палову беларускай нафты здабываюць у Рэчыцкім раёне. У плане на 2023 год — атрымаць там 1,1 млн тон. Там жа і пачалі прымяняць тэхналогію ZF, якая выкарыстоўваецца для цяжказдабыўных выкапняў.

Па словах Вараб’ёва, распрацоўка цяжказдабыўных калектараў — гэта перспектыўны кірунак.

Навуковец Сяргей Бесараб адзначае, што каля 90% запасаў беларускай нафты акурат адносіцца да катэгорыі цяжказдабыўных выкапняў. Таму не дзіўна, чаму такі кірунак лічыцца перспектыўным.

Сяргей Бесараб. Скрыншот відэа malina_by | YouTube

Сяргей Бесараб. Скрыншот відэа malina_by | YouTube

«Гідраразрыў пласта — гэта тэхналогія, якая, напрыклад, выкарыстоўваецца для інтэнсіфікацыі здабычы нафты. Для гэтага ў нетры пад ціскам запампоўваюць спецыяльныя вадкасці, якія ўтвараюць у пласце мноства трэшчын», — тлумачыць Бесараб.

Навуковец прыводзіць прыклад з газасілікатным блокам.

«Умоўна, калі б мы прасвідравалі адтуліну ў газасілікатным блоку і запампавалі б туды з дапамогай кампрэсара нейкую густую вадкасць — яна разрывала б той блок знутры.

У выпадку нафтаздабычы па трэшчынах гэты выкапень лепш выходзіць у ствол свідравіны. Як кажуць нафтавікі — павышаецца аддача свідравіны, яе дэбіт. Папераменнае чаргаванне разрываў дазваляе даволі сур'ёзна эканоміць час», — сцвярджае навуковец.

Што тычыцца менавіта метаду ZF, то тут замест адной свідравіны, у якой па чарзе ўтвараюцца трэшчыны, робяцца дзве паралельныя свідравіны, у якіх трэшчыны ствараюцца папераменна.

«І сам гідраразрыў, і яго ZF-варыяцыя выкарыстоўваецца для старых, закінутых свідравін ці свідравін, традыцыйная здабыча ў якіх немэтазгодная з эканамічных прычын. Сама тэхналогія не ёсць нейкай унікальнай хімічнай ці тэхналагічнай распрацоўкай.

Гэта проста іншы спосаб выкарыстання свідравін. Механізм працы, абсталяванне і хімічны склад вадкасці, якую запампоўваюць, застаюцца абсалютна аднолькавымі. Проста пачалі рабіць не адну свідравіну, а дзве побач. А гарызантальныя трэшчыны / гідраразрывы прабіваюцца ў кожнай па чарзе. Схематычна гэта падобна да лесвіцы», — тлумачыць навуковец.

Па словах Бесараба, сам метад гідраразрыву выкарыстоўваецца ў тых месцах, дзе здабываць нафту іншым чынам складана. Там спрабуюць нарабіць больш трэшчын у пародах, каб выціснуць гэтую нафту. У выніку ZF-тэхналогія павялічвае інтэнсіўнасць працы буравікоў, аптымізуе іх высілкі.

Фота: jpt.spe.org

Фота: jpt.spe.org

«У ЗША, напрыклад, для такіх месцаў выкарыстоўваюць ужо мадыфікаваную версію тэхналогіі ZF, так званы метад MZF. Напрыклад, так здабываюць нафту ў Тэхасе».

Сяргей Бесараб адзначае, што беларуская нафта складаная для здабычы, але яна больш якасная за расійскую, таму і больш дарагая.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

«Якасная — гэта значыць утрымлівае больш лёгкіх вуглевадародаў, якія ідуць для атрымання паліва, менш цяжкіх фракцый, якія можна выкарыстаць толькі для атрымання бітуму. Ды і колькасць злучэнняў серы — важны паказчык якасці нафты — у беларускім чорным золаце таксама невялікі. Па якасных паказчыках яна больш падобная да нарвежскай», — тлумачыць навуковец.

Раней каля 90% беларускай нафты ішло на экспарт у Германію, на мясцовыя НПЗ яна не паступала, пакуль не з’явіліся санкцыі.

Аднак што з экспартам нафты сёння — невядома, бо Белстат перастаў публікаваць гэтую статыстыку яшчэ ў 2021 годзе.

Чытайце таксама: 

Чыноўнік прагаварыўся, як паміраюць заводы пры Лукашэнку

Планавыя праверкі арганізацый. Да каго завітаюць з праверкай ужо ў кастрычніку

Хімік Сяргей Бесараб патлумачыў, што не так з БелАЭС і якая перадавая тэхналогія выкарыстоўваецца Украінай у вайне

Клас
9
Панылы сорам
1
Ха-ха
5
Ого
6
Сумна
2
Абуральна
3