«Яшчэ задоўга да пачатку выбараў я ведаў, што буду іх байкатаваць, бо не думаў, што ў 2020 годзе нешта кардынальна зменіцца і што выбары будуць адрознівацца ад выбараў мінулых гадоў. Да таго ж байкатаваць раілі многія лідары апазіцыі.

Думка пра тое, што выбары могуць змяніць сітуацыю ў Беларусі, прамільгнула, калі спачатку Сяргей Ціханоўскі і Валерый Цапкала, а потым Віктар Бабарыка абвясцілі, што будуць удзельнічаць у выбарчай кампаніі. Да іх штабоў пачала далучацца велізарная колькасць людзей. Прайсці міма я не мог, таму ўключыўся ў працэс: па магчымасці наведваў мітынгі, а пазней — зарэгістраваўся назіральнікам».

Яўген згадвае, што ў глыбіні душы ён разумеў, што Лукашэнка не дапусціць змены рэжыму. Гэта сведчыла для яго толькі пра адно: пратэсты непазбежныя, а Яўген загадзя быў гатовы ўдзельнічаць.

«Не ўдзельнічаць не мог, бо ў будучыні дакараў бы сябе. Акрамя таго, была вера ў тое, што мірныя пратэсты паспрыяюць зменам, бо ў гісторыі такіх прыкладаў даволі шмат. Спадзяюся, што 2020 год яшчэ адгукнецца рэжыму».

«Недалёка ад мяне разарвалася першая святлошумавая граната»

Для бяспекі на пратэстах Яўген прытрымліваўся мінімальных правіл, але моцна не канспіраваўся.

«Не браў з сабой мабільнага тэлефона, апранаў непрыкметнае адзенне цёмных колераў без прынтаў і маску на твар, бо тады яшчэ быў кавід. Акрамя таго, абуваў зручны абутак, каб хутка ўцякаць. А да месца прызначэння намагаўся ісці шляхамі, дзе няма камер назірання», — успамінае з усмешкай беларус.

«Перад пачаткам пратэсту 9 жніўня страху асабліва не было, бо браў удзел у мітынгах з 2010 года. З’явіўся толькі адрэналін, калі пачалі жорстка разганяць пратэст, бо думаў, што і гэтым разам усё будзе па класіцы: дубінкі і шчыты. Але калі недалёка ад мяне разарвалася першая святлошумавая граната — стала не па сабе. А сапраўды страшна стала толькі тады, калі з’явілася першая інфармацыя пра сур’ёзныя траўмы. Першае, што я прачытаў: камусьці адарвала ступню.

«Не бачу сэнсу з’язджаць»

Яўген вырашыў не з’язджаць з Беларусі, бо лічыць, што ніколі на самай справе не быў у полі зроку органаў.

«Я, хутчэй за ўсё, іду не ў першай сотні ў спісах, — мяркуе беларус. — Да сваякоў некалькі разоў прыходзілі ўчастковыя па месцы прапіскі, але яны адказвалі, што не ведаюць, дзе я жыву. За ўвесь гэты час я не сядзеў на сутках, на мяне не заведзена крымінальная справа, таму пакуль не бачу сэнсу з’язджаць. Не буду хітрыць, думкі пра пераезд ёсць, і ёсць нават план, але пакуль усё ж застаюся на радзіме».

Мужчына дзеліцца, што за тры гады ў яго з’явілася некалькі дзіўных звычак. Адна з такіх — кожную раніцу каля сёмай гадзіны глядзець праз акно на паркоўку, каб ведаць, ці не прыехаў бусік.

«Трэба чакаць дня Х»

Цяпер Яўген у асноўным думае пра вайну ва Украіне. Мужчына мяркуе, што сітуацыя ў Беларусі на 90 адсоткаў залежыць ад вынікаў гэтай вайны.

«Самым рэалістычным выйсцем бачу тое, што праз два-тры гады вайна ва Украіне скончыцца, пасля чаго Пуцін пратрымаецца ва ўладзе максімум адзін год. А яшчэ праз год сыдзе Лукашэнка — альбо праз натуральную смерць, альбо праз нейкія палітычныя дзеянні ў краіне», — разважае Яўген.

Але пакуль ён у Беларусі, Яўген лічыць, што змагацца трэба да канца, нягледзячы на тое, што цяпер своеасаблівая цішыня.

«Трэба чакаць дня Х, як у 2020 годзе. Напрыклад, як 16 жніўня 2020 года альбо дзень смерці Рамана Бандарэнкі. А сёння — ціхенька існаваць у сваім вакууме, мінімізаваць зносіны ў палітычным плане з іншымі людзьмі, павыходзіць з усіх чатаў і пачысціць амаль усе свае сацыяльныя сеткі. Прынамсі, я зрабіў менавіта так, бо, калі мяне пасадзяць, карысці ад мяне ў дзень Х не будзе аніякай. Але пры гэтым часам намагаюся ладзіць адзіночныя акцыі: вешаю ў розных месцах плакаты і сцягі».

Чытайце таксама:

Патрэбна выразная пазіцыя саміх беларусаў, час шпагату паміж ЕС і Расіяй прайшоў — Юрконіс

Ціханоўская распавяла, у якім статусе будзе дзейнічаць пасля 2025 года

Уладзімір Арлоў: «Я мару пра час, калі ў дэмакратычнай Беларусі прэзідэнтам будзе жанчына»

«А калі ўжо і нас забудуць, як 1996-ы ці 2010-ы?»

Клас
90
Панылы сорам
4
Ха-ха
3
Ого
1
Сумна
7
Абуральна
6