У паведамленні ананімнага прапагандысцкага канала лукашысцкай скіраванасці пералічваюцца «небезвядомыя нам заходнія структуры», якія аказвалі падтрымку беларускім недзяржаўным арганізацыям, а дзясяткі беларускіх арганізацый з сацыяльнай сферы, а таксама сфер навукі, СМІ, культуры, адукацыі, якія гэтай падтрымкай карысталіся.

З канкрэтных дакументаў апублікаваны спіс атрымальнікаў грантаў Нямецкага фонду Маршала за 2018—2019 гады. Сярод пералічаных у ім — непалітычныя культурныя, адукацыйныя і праваабарончыя праекты. 

«Прадстаўленыя дакументы паказваюць маштабнае ўліванне сродкаў у БЧБ-рух у перыяд 2017—2019 гадах. Згодна з наяўнай у нас інфармацыяй, на падтрымку беларускай апазіцыі было выдзелена больш за 1,4 млн даляраў», — заяўляюць аўтары публікацыі. 

Гэтая публікацыя, як і папярэднія такога роду, падводзіць маральны грунт пад масавыя рэпрэсіі, якія ідуць у краіне з 2020 года, калі Аляксандр Лукашэнка, мяркуючы па звестках з участкаў, дзе выбарчыя камісіі дазволілі назіральнікам сачыць за падлікам галасоў, прайграў Святлане Ціханоўскай, але не аддаў уладу. У рэпрэсіі ўцягнутыя як Міністэрства ўнутраных спраў, так і Камітэт дзяржаўнай бяспекі, Генеральная пракуратура і Следчы камітэт.

З 2022 года, пасля нападу Расіі на Украіну, беларусаў пачалі пераследаваць і за антываенныя выказванні або сімпатыі да Украіны.

За гэты час у краіне адбылося не менш за 50 тысяч палітычна матываваных затрыманняў, заведзена не менш за 12 тысяч палітычна-крымінальных спраў і адкінутыя нават базавыя нормы законнасці і маралі.

У новай публікацыі лукашэнкаўцы прызнаюць, што рэпрэсіі і прапаганда не змянілі настрояў грамадства. І сёння «найбольшая колькасць падпісчыкаў … належыць менавіта апазіцыйным рэсурсам, а не інфармацыйным каналам, якія падтрымліваюць … прэзідэнта», — гаворыцца ў паведамленні. Праўда, відаць, для ўласнага суцяшэння робячы рэмарку, што такая масавасць, маўляў, з-за накруткі ботамі.

Нямецкі фонд Маршала (German Marshall Fund of the United States, або скарочана GMF) — гэта амерыканская дабрачынная фундацыя, заснаваная на грошы нямецкага ўрада з нагоды 25-годдзя рэалізацыі Плана Маршала па адбудове пасляваеннай Еўропы. Фундацыя падтрымлівае праекты, скіраваныя на ўмацаванне амерыкана-еўрапейскіх сувязяў, дэмакратыі і грамадзянскай супольнасці.

Клас
4
Панылы сорам
20
Ха-ха
9
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
26