Барташ Ціхоцкі. Скрын відэа ВВС

 Барташ Ціхоцкі. Скрын відэа ВВС

Польскія дыпламаты ў Кіеве з кастрычніка 2021 года рыхтаваліся да магчымай вялікай вайны, а ў першыя дні ў апусцелай сталіцы самі забіралі рэчы калег з кватэр на выпадак марадзёрства і аднойчы самі былі прыняты за зладзеяў. Пра гэта ў інтэрвʼю BBC Украіна распавёў Ціхоцкі. 

У інтэрвʼю ён расказаў, што да 20-х дзён лютага не меў дакладнай упэўненасці, што вайна будзе, аднак пасольства пачало рыхтавацца да горшага сцэнарыя яшчэ з восені — эвакуіраваць або знішчаць дакументы, планаваць эвакуацыю, запасіць прадукты, паліва, генератары, пераказвае «Еўрапейская праўда».

За паўтара тыдня да 24 лютага пасол пасля інфармацыі са сваёй сталіцы, хаця і без канкрэтных дат, вырашыў эвакуіраваць семʼі польскіх дыпламатаў. 

Ціхоцкі называе «незабыўным» візіт у Кіеў прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды і прэзідэнта Літвы Гітанаса Наўседы літаральна напярэдадні поўнамаштабнага ўварвання.

«У мяне было адчуванне, што ўсе разумеюць, што гэта — апошнія гадзіны, апошнія моманты міру. Падчас гэтага візіту прагучала нямала важных, нават асабістых запэўненняў. Наш прэзідэнт і прэзідэнт Літвы казалі прэзідэнту Украіны Уладзіміру Зяленскаму, што мы будзем стаяць з вамі плячо ў плячо. Для мяне гэта быў відавочны намёк на тое, што я застаюся фізічна стаяць плячо ў плячо. Але ў мяне зусім не было адчування, што я жадаю зʼехаць. Хоць я развітваўся са сваім прэзідэнтам без разумення, калі мы з ім сустрэнемся наступны раз, і ці сустрэнемся наогул», — расказвае ён.

Па словах Ціхоцкага, у першы дзень вялікай вайны ў пасольстве заставалася каля 20 чалавек. Праца як такая тады «страціла сэнс». Праз некалькі дзён, пасля эвакуацыі другарадных работнікаў і грамадзян Польшчы, якія мелі патрэбу ў садзейнічанні, іх засталося трое.

«Гэта быў вельмі незвычайны час. Бо, з аднаго боку, што мы тут маглі рабіць? Мы чакалі, мы інфармавалі Варшаву пра тое, што мы тут бачылі. Але насамрэч гэта ў Варшавы тады было больш інструментаў, чым у нас, каб даведацца, што тут адбываецца. Мы не маглі сказаць, дзе — у Ірпені, у Бучы ці ў Барадзянцы — знаходзяцца расейцы. Сувязь з украінскімі ўладамі таксама была праблематычнай — мне не хацелася адцягваць іх сваімі запытамі, бо яны працавалі 24 гадзіны на суткі», — распавядае Ціхоцкі. 

Ён прызнаў, што ў тыя дні яны адчувалі страх, але спрабавалі дзейнічаць рацыянальна.

Сярод іншага, дыпламаты баяліся, што ў апусцелым горадзе да іх могуць прыйсці зладзеі або незнаёмыя з паняццямі міжнароднага права дыверсанты, калі б расейцы зайшлі ў Кіеў.

«Але даволі хутка да нас пачалі прыходзіць калегі з розных украінскіх спецслужбаў, з СБУ, Нацгвардыі і гэтак далей. Яны запэўнівалі нас, што нас даглядаюць, ім вельмі важна, што мы тут засталіся, і яны гэта вельмі шануюць, што мы былі ў бяспецы. І што ў выпадку чаго яны нас папярэдзяць. Гэта вельмі паднімала нам настрой», — расказвае Ціхоцкі.

Пасля пасол асабіста вырашыў заняцца эвакуацыяй у памяшканне пасольства рэчаў з кватэр польскіх дыпламатаў, якія выехалі «з адным заплечнікам», і гэта аказалася карыснай справай для падтрымання сябе ў канструктыўным настроі. Дыпламаты знайшлі «некалькіх мужчын з іржавым грузавіком» і разам з імі адправіліся збіраць маёмасць.

«Здараліся і пацешныя сітуацыі, бо з самага пачатку мы неяк не падумалі пра тое, каб папярэджваць аб нашых візітах уладальнікаў тых кватэр — бо мы іх здымалі. І вось у адной з кватэр чуем мы настойлівы стук у дзверы. Адкрываем — а там патруль тэрабароны з аўтаматамі… Суседка выклікала, бо пачула нейкі рух… Яна ж ведала, што там жылі палякі, потым яны выехалі, а тут нехта нешта пачынае…

Мне тады вельмі спадабаліся і дзеянні гэтай суседкі, і хуткая рэакцыя той тэрабароны. Я тады падумаў, што мы ў бяспецы. Магчыма, гэта не была самая прыемная для мяне прыгода, але ў цэлым яна давала падставы для аптымізму, бо яна паказвала, што грамадзяне самаарганізуюцца і падтрымліваюць адно аднаго», — расказвае Ціхоцкі.

Ён дадаў, што ў Кіеве, акрамя яго, у той час былі паслы Турцыі, Кітая, Індыі, Туркменістана, якія эвакуіравалі сваіх грамадзян, пасол Ватыкана. Яшчэ больш паслоў заставалася ў межах Украіны, але ў Львове.

У першыя дні вайны Ціхоцкі выкладаў у сацсетках фота свайго простага абеду і выказваў упэўненасць, што Кіеў выстаіць.

  «Смачна есці, Кіеў» — 3 сакавіка 2022 года пасол Польшчы выставіў у твітары фота свайго абеду

«Смачна есці, Кіеў» — 3 сакавіка 2022 года пасол Польшчы выставіў у твітары фота свайго абеду

Журналісты таксама спыталі дыпламата пра расійскую рыторыку, у тым ліку публічныя заявы Уладізміра Пуціна, што Польшча нібыта мае планы ваеннага ўварвання ў Заходнюю Украіну з мэтай анексіі земляў, якія калісьці ўваходзілі ў склад Польшчы.

«Я разумею, што расейскія каментатары і палітыкі проста не могуць сабе ўявіць, каб дзяржавы, якія калісьці былі адным арганізмам, а потым з прэтэнзіямі і канфліктамі, але вызначылі свае межы, пагадзіліся на незалежнасць адна адной і прызналі гэтую згоду, гэты кампраміс на аснове міру.

Спробы змяніць межы ў нашым рэгіёне скончыліся б значна горш, чым гэта было ў Югаславіі. 

Вядома, цяперашнія межы нам навязала ялцінская сістэма сталінскіх часоў. Але потым прайшоў пэўны час камуністычнай «замарозкі», і цяпер мы жывем у Еўропе, якая памятае пра свае карані, але разумее, што культурная спадчына — гэта не тое самае, што тэрыторыя дзяржавы. <…>

Гэта расейцы не могуць пазбавіцца пераканання, што тое, што ім не належыць, павінна належаць ім, бо некалі належала гэтай дзяржаве.

І я разумею іх здзіўленне, бо яны думаюць, што ўсе такія ж, як яны. Але ні ўкраінцы, ні палякі, ні, я сапраўды думаю, беларусы не такія, як яны.

Напэўна, трэба яшчэ некалькі аперацыяў генерала Залужнага, каб расейцы зразумелі, што Украіна — гэта не іх зямля», — адказаў дыпламат.

Клас
59
Панылы сорам
3
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
4
Абуральна
6