Максім Кузьміноў. Скрыншот відэа

Максім Кузьміноў. Скрыншот відэа

Спецаперацыя выкрадання і захопу новага расійскага верталёта Мі-8АМТШ з браняванай кабінай атрымала кодавую назву «Сініца». Яе рыхтавалі некалькі месяцаў і правялі 9 жніўня 2023 года на тэрыторыі Харкаўскай вобласці, піша «Суспільне».

Здабычай украінскіх разведчыкаў верталёта з бартавым нумарам 62 стала каштоўная дакументацыя і сакрэтнае тэхнічнае абсталяванне. Гэта ўжо нанесла значны ўрон вайсковай авіяцыі Расіі.

Як адзначылі ў ГУР, у дакументальным фільме раскрываецца асоба расійскага пілота, які перагнаў ва Украіну верталёт. Гэта капітан Максім Кузьміноў, камандзір верталёта Мі-8.

28-гадовы расійскі пілот служыў у 319-м асобным верталётным палку армейскай авіяцыі в/ч 13984 з пунктам пастаяннай дыслакацыі ў Прыморскім краі РФ. Максім Кузьміноў сам звязаўся з прадстаўніком украінскай разведкі.

«Я звязаўся з прадстаўнікамі разведкі Украіны, патлумачыў сваю сітуацыю. Мне прапанавалі гарантыі бяспекі, новыя дакументы, грашовую кампенсацыю, узнагароджанне. Абмеркавалі дэталі і пачалі планаваць непасрэдна мой пералёт», ― распавёў Максім Кузьміноў.

Па словах лётчыка, рызыкоўную аперацыю ўдалося захаваць у таямніцы і паспяхова завяршыць, бо вайсковая разведка Украіны змагла арганізаваць бяспечны калідор.

«Я зразумеў, што знаходжуся побач з мяжой, гэта значыць я перадаў сваё месцазнаходжанне. […] Пераляцеў на гранічна малой вышыні ў рэжыме радыёмаўчання. Ніхто не ведаў, што са мной. Мабыць, дзён 3-4 ніхто не разумеў, што адбылося. Пераляцеў паспяхова, прызямліўся», — сказаў расійскі пілот.

Падчас спецаперацыі Кузьміноў атрымаў раненне, але яму своечасова аказалі медыцынскую дапамогу. Галоўным матывам свайго ўчынку Максім Кузьміноў называе катэгарычнае непрыманне агрэсіўнай вайны, якую развязала Расія супраць Украіны, а таксама нежаданне быць датычным да ваенных злачынстваў

«Тое, што цяпер адбываецца, — гэта проста генацыд украінскага народа, як украінскага, так і расійскага. Гэта прычына майго ўчынку, каб не спрыяць гэтым злачынствам. Я выдатна ведаю, чым гэта скончыцца: Украіна адназначна пераможа ў гэтай вайне проста таму, што народ вельмі згуртаваўся. Увесь свет дапамагае, бо разумее, што перш за ўсё трэба шанаваць чалавечае жыццё… ніхто не хоча гэтай вайны», — растлумачыў 28-гадовы расійскі афіцэр.

Максім Кузьміноў заклікаў іншых расійскіх пілотаў зрабіць так, як ён.

«Вы ніколькі не пашкадуеце. Вы проста адкрыеце для сябе свет фарбаў. І запомніце: вы проста шмат чаго не ведаеце, вы не бачылі, як жывуць іншыя людзі. Калі вы сапраўды нешта адкрыеце, то сваё меркаванне зменіце ў корані», — падкрэсліў расійскі пілот.

Чытайце таксама:

У сеціве з'явіліся фатаграфіі расійскага верталёта, які прызямліўся на ўкраінскай авіябазе

Кірыла Буданаў расказаў, як украінскай разведцы ўдалося завабіць расійскага пілота верталёта Мі-8 разам з тэхнікай ва Украіну

Разведка выманіла ва Украіну расійскі верталёт Мі-8 з каштоўным грузам

Клас
88
Панылы сорам
3
Ха-ха
3
Ого
7
Сумна
2
Абуральна
14