Пашынян лічыць, што залежнасць Арменіі ў сферы бяспекі толькі ад адной краіны, а менавіта Расіі, была «стратэгічнай памылкай». Сутнасць інтэрв'ю італьянскаму выданню пераказвае «Радыё Свабода». 

«Архітэктура бяспекі Арменіі на 99,999% была звязаная з Расіяй, у тым ліку і ў сферы набыцця зброі і боепрыпасаў. Але сёння, калі Расія сама мае патрэбу ў зброі і боепрыпасах, зразумела, што нават калі б яна захацела, не змагла б забяспечыць патрэбы Арменіі ў сферы бяспекі», — заявіў у прыватнасці Пашынян.

Паводле яго, Арменія «спажыла горкі плён» гэтай стратэгічнай памылкі і толькі цяпер спрабуе «дыверсіфікаваць» сваю стратэгію ў сферы бяспекі.

Праўдападобна, Пашынян меў на ўвазе кампанію восені 2020 году, падчас якой Азербайджану ўдалося вярнуць значныя тэрыторыі, якія каля 30 гадоў знаходзіліся пад кантролем армянскіх сіл.

Таксама Пашынян выказаў меркаванне, што Расія, верагодна, сама сыходзіць з Паўднёвага Каўказу. «Па сутнасці, Расія ўжо дастаткова даўно знаходзіцца ў нашым рэгіёне, на Паўднёвым Каўказе. Але мы бачылі сітуацыі, калі ў адзін дзень, адзін месяц ці адзін год Расія проста сышла і пакінула Паўднёвы Каўказ… ёсць працэсы, якія, вядома, прыводзяць да такой думкі, што можа паўтарыцца той жа сцэнарый, што аднойчы мы проста прачнёмся і ўбачым, што Расіі тут няма», — заявіў прэм'ер Арменіі.

Ён адзначыў, што шэраг каментатараў у Расіі сцвярджаюць, што нейкія заходнія сілы падштурхоўваюць Ерэван да разрыву з Расіяй, але, на яго думку, «Расія сама сыходзіць з рэгіёна ў сілу тых крокаў, якія яна робіць або не робіць».

Чытайце таксама:

У вайне з Украінай мы не саюзнік Расіі — Пашынян

Арменія гатовая прызнаць Нагорны Карабах часткай Азербайджана

Арменія заблакавала для Расіі магчымасці абыходзіць заходнія санкцыі

Клас
21
Панылы сорам
1
Ха-ха
17
Ого
1
Сумна
4
Абуральна
3