Дзіця з пашпартам Беларусі

«Пытанняў у консульстве не задавалі»

Беларуска Яна мяняла пашпарт разам з мужам. Дакументы сям'я падавала ў Варшаве.

«Мы ведалі, што чарга на замену пашпарта вельмі доўгая, таму паклапаціліся пра гэта загадзя. На момант падачы дакументаў тэрмін дзеяння пашпарта мужа заканчваўся праз год, майго — праз два.

Запісваліся мінулым летам. Адправілі два лісты на электронную пошту [email protected]. Адказ прыйшоў праз два тыдні. Мужу прыём прызначылі на красавік, а мне — на май.

Акрамя іншага, у лісце з адказам была просьба пацвердзіць прапанаваны час запісу і даслаць нумар мабільнага тэлефона. За два дні да прызначанага часу прадстаўнікі консульства патэлефанавалі і нагадалі пра запіс».

Для замены пашпарта Яна з мужам напісалі таксама заяву аб пастаноўцы на часовы консульскі ўлік. З дакументаў сям'я падавала наступныя дакументы.

  • Заявы на замену пашпарта і на пастаноўку на часовы консульскі ўлік. Абедзве заявы запаўняліся загадзя.

  • Чатыры фатаграфіі 40х50 см. Фатаграфіі павінны былі быць неразрэзанымі. Калі б яны не адпавядалі заяўленым патрабаванням, дакументы маглі не прыняць. «Супрацоўнікі могуць вымяраць параметры лінейкай», — распавядае гераіня.

  • Пашпарт, які падлягае замене. Пасля падачы дакументаў пашпарт не забіраюць.

  • Пасведчанне аб шлюбе. Калі чалавек у разводзе, то трэба падаць пасведчанне аб разводзе.

  • Пасведчанне аб нараджэнні.

  • Карта побыту. Дастаткова даць пластыкавую картку. Паказваць рашэнне польскіх органаў, апастыль і натарыяльны пераклад не трэба.

  • Рэгістрацыя (мэльдунэк), таксама без апастыля і натарыяльнага перакладу.

Акрамя таго, тыя, у каго ёсць дзеці, падаюць пасведчанні аб нараджэнні дзяцей.

«У красавіку на падачу дакументаў мы паехалі разам з мужам, нягледзячы на тое, што мой запіс быў прызначаны на май. У консульства нас упусцілі разам. Там я вырашыла спытацца ў супрацоўніцы, ці магу я тут і цяпер падаць свае дакументы разам з мужам, удакладніўшы, што мой запіс прызначаны на май. Усе дакументы ў мяне былі з сабой.

Супрацоўніца прыняла мае дакументы на падставе заявы аб замене пашпарта ў сувязі з немагчымасцю яго выкарыстоўваць. За замену пашпарта беларусы заплацілі па 100 еўра з чалавека наяўнымі.

Яна адзначае, што могуць узнікнуць праблемы, калі чалавек плануе разлічыцца банкаўскай картай або іншай валютай.

Муж Яны з Магілёва, адпаведна, замена яго пашпарта рабілася там. Праз два месяцы мужчыну патэлефанавалі і паведамілі, што пашпарт гатовы і яго можна забраць.

А вось Яна з маленькага горада Беларусі, і пашпарт мянялі на працягу чатырох месяцаў. «Паспелі нават пахвалявацца», — каментуе беларуска.

Пашпарты сям'я атрымала нядаўна і вельмі радая, што на найбліжэйшыя дзесяць гадоў гэтае пытанне закрытае.

«Мы пераехалі ў Польшчу ў 2019 годзе і з таго часу там не былі, так што палітычных спраў на нас там няма, гуманітарных віз у нас таксама няма. Пытанняў у консульстве ніякіх не задавалі, усе супрацоўніцы былі добразычлівымі. А ў жанчыны, якая прымала нашы дакументы, на шыі быў кулон «Беларусь».

«Лепш буду еўрапейскім бамжом, чым сядзець у турме»

Кацярына запісалася на працяг дзеяння пашпарта ў беларускае консульства ў Варшаве ў жніўні 2022 года, тэрмін дзеяння пашпарта заканчваўся ў лютым 2023-га. Па электроннай пошце дзяўчына атрымала варыянты адкрытых дат на люты, спіс неабходных дакументаў і інфармацыю аб тым, што на месцы трэба будзе зрабіць аплату ў памеры 30 еўра.

«Прыйшла ў консульства і здала пашпарт без праблем. Праз тыдзень ператэлефанавалі і сказалі, што ўсё ў парадку і што заўтра пашпарт можна забраць. Калі я прыйшла ў консульства, супрацоўніца мяне ашаламіла: «Нам вельмі шкада, але мы анулявалі працяг дзеяння вашага пашпарта».

Я спытала, што варта зрабіць у гэтай сітуацыі, на што мне параілі ехаць у Беларусь і па месцы прапіскі вырашаць гэтае пытанне ў пашпартным стале. Я была ў шоку. Нагадала ім, што ўчора па тэлефоне мне сказалі, што ўсё ў парадку, што пашпарт працягнулі. А ў адказ: «Патэлефанавалі з Беларусі і сказалі ануляваць. Прычыну не тлумачылі».

Пашпарт забрала са словамі «лепш буду еўрапейскім бамжом, чым сядзець у турме» і пайшла.

У Беларусі на Кацярыну заведзена некалькі крымінальных спраў. З працы дзяўчыну звольнілі. Усе банкаўскія карты анулявалі, а маёмасць у доме апісалі.

«Беларускі пашпарт застанецца ляжаць у шуфлядцы да лепшых часоў»

Беларус Ян мяняў пашпарт у консульстве Беларусі ў Белай Падлясцы. Спачатку мужчына паспрабаваў запісацца па тэлефоне, але гэта яму не ўдалося. Тады Ян вырашыў напісаць электронны ліст. Адказ з адкрытымі датамі атрымаў на працягу тыдня. Запіс прапаноўваўся праз тры месяцы.

«У Варшаву я нават не спрабаваў пісаць: па чутках, чарга на той момант там была каля сямі-васьмі месяцаў. Спіс дакументаў я ўзяў з сайта беларускага консульства і ўсе дакументы рыхтаваў строга ў адпаведнасці з ім. Усе паперы рабіў у некалькіх экзэмплярах на ўсялякі выпадак.

Паслуга каштавала 100 еўра. Здзівіла, што плаціць у Белай Падлясцы трэба было ў аддзяленні банка, у самім консульстве грошай не прымалі, у адрозненне ад варшаўскага: там можна плаціць на месцы. Пашпарт рабіў звычайны, не серыі РР, так як зрабіць яго значна прасцей.

У мяне ўжо ёсць карта сталага побыту, а па карце паляка планую атрымаць польскае грамадзянства. Пасля гэтага беларускі пашпарт застанецца ляжаць у шуфлядцы да лепшых часоў».

Атрымаць свой пашпарт Ян змог праз тры месяцы. Дакумент быў гатовы ўжо праз за тры тыдні з моманту падачы заяўкі, але два месяцы сышло на тое, каб даставіць яго ў Польшчу.

«Едзьце ў сваю Беларусь і не дурыце галавы»

У польскі горад Лодзь Валерыя прыехала з Украіны 24 лютага 2022 года, у дзень пачатку поўнамаштабнай вайны. У сына беларускі заканчваўся пашпарт у чэрвені таго ж года. Вярнуцца ў Беларусь магчымасці ў сям'і не было, таму пытанне аб працягу дзеяння пашпарта прыйшлося вырашаць у Польшчы.

Валерыя напісала ў Цэнтр беларускай салідарнасці. Там ёй сказалі, што трэба альбо падацца на міжнародную абарону, альбо звярнуцца ў консульства. Падаваць дакументы на міжнародную абарону Валерыя не спяшалася, у яе былі надзеі ў хуткім часе вярнуцца дадому.

«Я спрабавала звязацца з варшаўскім консульствам, але ўсё было безвынікова: на званкі ніхто не адказваў. Пасля вырашыла патэлефанаваць у консульства ў Беластоку, але на іншым канцы провада жанчына адказвала ў духу «едзьце ў сваю Беларусь і не дурыце галавы».

Апошняй надзеяй стала консульства ў Белай Падлясцы. Там мне адказалі, што найбліжэйшы запіс — на сярэдзіну чэрвеня. З дакументаў неабходныя былі даведка са школы, працоўная дамова, пасведчанне аб нараджэнні і пашпарт дзіцяці. На той момант сыну было 12 гадоў, таму яго прысутнасць не патрабавалася».

Уся працэдура ў 2022 годзе ў Валерыі заняла тры месяцы: у канцы сакавіка жанчына пачала займацца гэтым пытаннем, а ў канцы чэрвеня ў пашпарце стаяла пячатка аб працягу дзеяння.

«Мужу задавалі пытанне, чаму мы не едзем у Беларусь мяняць пашпарт»

Вольга падала дакументы на замену пашпарта свайго дзіцяці ў беларускае консульства ў Беластоку, праз два тыдні пасля афармлення часовага консульскага ўліку. Беларуска ўдакладняе, што гэтая працэдура абавязковая: калі дзіця непаўналетняе — адзін з бацькоў разам з ім павінен стаць на консульскі ўлік.

Дакументы для падачы на замену пашпарта сям'я падрыхтоўвала згодна са спісам на сайце беларускага консульства ў Польшчы.

«Каштавала гэта 100 еўра. Зрабіць пашпарт абяцалі за два-тры месяцы. У момант падачы дакументаў у консульстве мужу задавалі пытанне, чаму мы не едзем у Беларусь мяняць пашпарт. Муж адказаў, што не можа выязджаць за мяжу, бо чакае дакументы ў Польшчы».

Праз тры месяцы муж Вольгі зноў пайшоў у консульства, каб падаць дакументы на замену пашпарта другога дзіцяці, і ўдакладніў, што чуваць з пашпартам старэйшага. Супрацоўнікі консульства адказалі яму, што ўвесь гэты час консульства не атрымлівала пошты.

У верасні будзе роўна паўгода, як сям'я чакае пашпарт для дзіцяці. Праз сітуацыю, якая склалася, яны не змаглі вылецець летам у адпачынак за мяжу.

Чытайце таксама:

У Польшчы можа жыць больш за 300 тысяч беларусаў. Гэта практычна насельніцтва Магілёва

«Вяселле сарвалася, замест паездкі на мора я пайшла ў міліцыю». Беларусы запісваюцца на візы і месяцамі не могуць дачакацца пашпартоў

Валер Кавалеўскі расказаў, колькі людзей ужо хочуць атрымаць альтэрнатыўны нацыянальны пашпарт

Клас
6
Панылы сорам
6
Ха-ха
3
Ого
4
Сумна
5
Абуральна
34