Мінская міжнародная гімназія 

Фота: сайт школы

Фота: сайт школы

Мінская міжнародная гімназія была заснаваная Ірынай Абельскай. І калі раней ММГ аб’яўляла дадатковы набор дзяцей праз недахоп, то цяпер, відавочна, такой праблемы няма: на сайце ўстановы адукацыі напісана, што на 2023-2024 навучальны год прыём заявак скончаны.

Сярод плюсоў гімназіі пазначана спалучэнне дзяржаўнай вучэбнай праграмы і новых падыходаў у навучанні, а таксама высокатэхналагічная абсталяванасць адукацыйнага працэсу.

Сваёй місіяй ММГ называе «забеспячэнне высокай якасці адукацыі на аснове захавання яе фундаментальнасці праз выхаванне дапытлівай, эрудзіраванай і неабыякавай моладзі». Таксама пазначана, што выпускнікі гімназіі адрозніваюцца «развітым пачуццём адказнасці за свой лёс і лёс краіны».

Здаецца, ідэалогіі тут сапраўды надаюць вялікі сэнс. Бо нават урачыстае пасвячэнне ў гімназісты праходзіць у так званы Дзень народнага адзінства. А ў госці да дзяцей прыходзяць чыноўнікі і ідэалагічна надзейныя спартсмены, напрыклад, алімпійскі прызёр Максім Недасекаў.

Кошт навучання ў гімназіі на 2023-2024 навучальны год складае 1100 рублёў за месяц. Існуе таксама штогадовы ўзнос, які павінны аплаціць бацькі — 10 базавых велічынь (цяпер гэта 370 рублёў).

Сярэдняя школа «Альтэрнатыва» 

Фота: сайт школы

Фота: сайт школы

Прыватная школа «Альтэрнатыва» працуе 28 гадоў. Калі казаць пра сярэднюю школу, то, акрамя базавых адукацыйных праграм, «Альтэрнатыва» можа пахваліцца паглыбленым вывучэннем англійскай мовы (5 разоў на тыдзень), вывучэннем нямецкай, французскай моў як другой замежнай (з 5 класа — 2 разы на тыдзень). Прапануе і паглыбленае вывучэнне любога прадмета на выбар вучня (з 8-га класа).

Гэта школа — сямейная справа. У 2003-м яе выкупіў у заснавальнікаў сын цяперашняй дырэктаркі школы.

Адзін месяц навучання тут каштуе 1500 рублёў. У гэту суму ўключана асноўнае навучанне, харчаванне і асноўныя гурткі — творчасць, харэаграфія і англійская мова. Пазначана, што існуе сістэма зніжак для дзяцей з адной сям’і і выдатнікаў.

Сярэдняя школа «Іхвіс» 

Фота: сайт школы

Фота: сайт школы

Сярод астатніх прыватных школ «Іхвіс» вылучаецца тым, што мае дачыненне да рэлігійнай установы, а менавіта да Свята-Елісавецінскага манастыра.

«Іхвіс» ганарыцца тым, што вучні школы не толькі засвойваць вучэбную праграму, зацверджаную Міністэрствам адукацыі, але і з першага класа вывучаюць англійскую мову ў групах па 7-8 чалавек. Канешне, ёсць факультатыў «Асновы праваслаўнай культуры».

На сайце адзначана, што па жаданні бацькоў з навучэнцамі праводзяць гутаркі святары. У майстэрнях манастыра арганізоўваюцца майстар-класы, дзеці бяруць актыўны ўдзел у святочных мерапрыемствах. У школе часта праводзяць розныя дабрачынныя акцыі, разнастайныя экскурсіі і паездкі па святых і гістарычных мясцінах.

Сцвярджаецца, што ў школы ёсць святая заступніца — прападобная Еўфрасіння Полацкая, у малітвах да якой звяртаюцца і дзеці, і дарослыя, і яна дапамагае школе расці і развівацца.

Год таму адзін месяц навучання тут каштаваў 900 рублёў. У гэтую суму, апроч навучання, уваходзіла трохразовае харчаванне і гурткі.

Пачатковая школа «Елісеевы палі»  

Фота: інстаграм школы

Фота: інстаграм школы

«Елісеевы палі» — прыватная пачатковая школа (і дзіцячы сад) у Сеніцы. Гэта значыць, што дзіця можа тут вучыцца толькі першыя чатыры класы, а потым трэба будзе шукаць новае месца.

Кошт наведвання за месяц з 8:30 да 19:00 складае 1200 рублёў.

 У гэтую суму ўключаны:

— вывучэнне праграмы I ступені навучання на павышаным узроўні;

— падрыхтоўка дамашніх заданняў у школе пад кіраўніцтвам настаўніка;

— англійская мова 5 разоў на тыдзень;

— заняткі IT, STEAM;

— індывідуальныя і групавыя заняткі з лагапедам, псіхолагам;

— усходнія адзінаборствы;

— аздараўленчая гімнастыка;

— шахматы;

— музычна-тэатральная дзейнасць;

— харэаграфія;

— творчыя майстар-класы;

— пяціразовае харчаванне.

На гэты навучальны год вольных месцаў у класах ужо няма.

Заснавальніца ўстановы Алена Мяшкова скончыла Педагагічны ўніверсітэт у Мінску, працавала выкладчыцай музыкі, пасля арганізатарам мерапрыемстваў. А адкрыць свой навучальны праект вырашыла пасля нараджэння другога дзіцяці.

Сярэдняя школа «Эка-Эл»  

Фота: інстаграм школы

Фота: інстаграм школы

Сярэдняя школа «Эка-Эл» знаходзіцца ў Ждановічах. Яна была заснаваная ў 1994 годзе. Назва навучальнай установы расшыфроўваецца як «Экология Личности».

Яе заснавальніца Тамара Арцем'ева доўгі час была і дырэктаркай гэтай установы.

На сайце школы шмат напісана пра агульначалавечыя каштоўнасці, самаразвіццё асобы школьнікаў і талерантнасць, але ідэалагічны складнік тут таксама не на апошнім месцы. Напрыклад, вясной гэтага года газета «Прысталічча» пісала пра тое, як у Мінскім раёне выбіралі найлепшую сцягавую групу. Сярод удзельнікаў былі і вучні прыватнай школы «Эка-Эл». Падкрэслівалася, які прафесіянал там адказвае за вайскова-патрыятычную падрыхтоўку — палкоўнік запасу Алег Перавёртаў, выпускнік Новасібірскага вышэйшага вайскова-палітычнага вучылішча, удзельнік баявых дзеянняў у Афганістане на пасадзе намесніка камандзіра разведвальнай роты, кавалер ордэна «Чырвонай Зоркі».

Адзін месяц навучання ў «Эка-Эл» каштуе 609 еўра — аплачваць трэба ў рублях па курсе. Але на гэты год у школе вольных месцаў ужо няма.

***

Нагадаем, барацьба з прыватнымі школамі адбылася ў верасні 2022 года. Тады з 35 прыватных навучальных устаноў большасць не змагла своечасова атрымаць сертыфікаты гатоўнасці. 15 верасня здарыўся інцыдэнт у прыватнай сталічнай школе «Смарт скул»: хлопчык з цацачнага пісталета стрэліў у вока дзяўчынцы. Яна была ў акулярах, шкло разбілася і пашкодзіла вока, медыкам прыйшлося хутка рабіць аперацыю. Пасля гэтага Лукашэнка запатрабаваў «зачысціць усё да немагчымасці»: «Пачалі разбірацца, а там кіраўніцтва школы, гэта паводле першай інфармацыі, яны ж на дух не ўспрымаюць беларускую дзяржаву. Гэта што, там муць нейкая, нейкая клаака ўтварылася антыдзяржаўная?» У выніку былі зачынены дзясяткі прыватных школ. 

У кастрычніку быў падпісаны ўказ «Аб ліцэнзаванні», згодна з якім прыватным школам стала неабходна атрымліваць ліцэнзію.

Летам гэтага года Аляксандр Бахановіч, першы намеснік міністра адукацыі Беларусі, заявіў, што цяпер у пяці прыватных установах адукацыі навучаецца агулам каля тысячы чалавек. Для параўнання: дзяржаўных устаноў адукацыі — 2900, там навучаецца 1,08 мільёна дзяцей. «Уклад прыватных школ — гэта 0,1 працэнта ў сістэме агульнай і сярэдняй адукацыі», — падсумаваў першы намеснік міністра.

Чытайце таксама:

Як Ірына Абельская аказалася заснавальніцай прыватнай школы ў Драздах

Аляксандр Глеб сабраў у школу дачку-першакласніцу. Ці хапіла рэкамендаванай чыноўнікамі сумы?

У Беларусі няма платнай адукацыі, гэта форма сацыяльнай падтрымкі моладзі — міністр адукацыі

Спіс школ Мінска і буйных гарадоў, дзе вучаць па-беларуску

Старшакласнікам раздадуць падручнікі аб генацыдзе

Клас
6
Панылы сорам
11
Ха-ха
1
Ого
6
Сумна
7
Абуральна
14

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?