Беларуска-польская мяжа ў раёне памежнага перахода «Кузніца» — «Брузгі». Фота: AP Photo / Michal Dyjuk, File

Беларуска-польская мяжа ў раёне памежнага перахода «Кузніца» — «Брузгі». Фота: AP Photo / Michal Dyjuk, File

Раніцай 12 жніўня лукашэнкаўскі эксперт Аляксей Дзерман агаломшыў чытачоў свайго тэлеграм-канала: нібыта існуюць планы палякаў па захопе заходняй часткі Беларусі. Пытанне, на думку Дзермана, у тым, як афіцыйная Беларусь мусіць на гэта адказаць.

Прапагандыст бачыць два варыянты. Першы — канвенцыйны: абараняць «кожны горад на нашай тэрыторыі, які непазбежна ператворыцца ў руіны са шматлікімі ахвярамі сярод мірных жыхароў».

Найбольш эфектыўным Дзерману здаецца варыянт не з абаронай, а з «прэвентыўным» нападам: «Або мы павінны прадугледзець магчымасць прэвентыўнага ўдару, у тым ліку тактычнай ядзернай зброяй па тэрыторыі Польшчы, не чакаючы, пакуль бот польскага пана пераступіць нашу мяжу?» 

Праўладны аналітык таксама выказвае надзею, што ў беларускай дактрыне аб тактычнай ядзернай зброі будзе прапісаная магчымасць прымяніць прэвентыўны ўдар.

Карыстальнікі твітара, куды трапіў пост Дзермана, не падтрымалі яго ваяўнічага настрою. У каментарах да публікацыі адна толькі крытыка.

«Што здарыцца з вялікім палітолагам і лідарам меркаванняў, калі ён даведаецца, што палякі і беларусы плануюць захапіць і ўсходнюю частку Беларусі, каб адбылося доўгачаканае гістарычнае ўз'яднанне беларускага народа?»

«То-бок ён прапануе краіне з насельніцтвам 9 млн+ першай ударыць ТЯЗ па краіне-члене НАТА?»

«У гімне яшчэ ёсць радок «Мы, беларусы, мірныя людзі»?»

«Дык вось хто Мядзведзеву тэксты піша».

«А гэта не артыкул КК РБ аб распальванні і бла-бла-бла ці гэта іншае?»

Дзерман — не адзіны з прапагандыстаў, хто пужае небяспекай з Польшчы. Пра яе піша і Аляксандр Шпакоўскі. Ён спрабуе разважаць пра канцэнтрацыю польскай арміі ля беларускай мяжы, і цяперашнія падзеі падаюцца Шпакоўскаму падобнымі да часоў Другой сусветнай: «Апошні раз падобныя працэсы назіраліся ў чэрвені 1941 года. Тады недаацэнка кіраўніцтвам краіны фактару засяроджвання войскаў праціўніка паблізу межаў СССР прывяла да катастрафічных наступстваў для Чырвонай Арміі на пачатковым этапе Вялікай Айчыннай вайны».

Шпакоўскі таксама адказаў на тэзіс Дзермана пра прэвентыўны ўдар па Польшчы. Ён кажа, што калі стане вядома пра падрыхтоўку агрэсіі супраць Беларусі, нанясенне прэвентыўнага ўдару «не толькі не супярэчыць Канстытуцыі, але і прадугледжана ваенным планаваннем».

Далей Шпакоўскі выказвае меркаванне, што тактычная ядзерная зброя не адрозніваецца ад любой іншай, а Беларусь «трэба абараняць любымі наяўнымі сіламі і сродкамі», у тым ліку і «нанесці прэвентыўны ўдар па Варшаве, Кракаву, любым іншым населеным пункце дзяржавы-агрэсара».

Тэлеграм-канал «Ваенна-палітычны агляд», які асвятляе ў прарасійскім фармаце падзеі ў Еўропе і свеце, выдаў пост пад загалоўкам «У палякаў усё гатова да правядзення стратэгічнай наступальнай аперацыі». Такую выснову аўтары рэсурсу зрабілі на падставе заявы польскага міністра абароны Мар'юша Блашчака пра планы перакінуць да беларускай мяжы 10 тысяч салдат для аховы (нагодай для гэтага сталі атакі мігрантаў на мяжы і прыезд вагнераўцаў у Беларусь).

Прапагандысты нават малююць карту меркаванага руху польскай арміі па Беларусі і прадказваюць: «З тэрыторыі Украіны наступленне польскіх сіл могуць падтрымаць бандфарміраванні з ліку наймітаў і баевікоў беглай апазіцыі. Канчатковай мэтай польскіх войскаў можа стаць выхад на мяжу Ліда — Баранавічы — Пінск».

Карта ад прапагандыстаў з прыдуманым імі планам нападу Польшчы на Беларусь

Карта ад прапагандыстаў з прыдуманым імі планам нападу Польшчы на Беларусь

Аналагічны пост размясціў і тэлеграм-канал «Невальфовіч», які прэзентуе сябе як рэсурс пра сілавыя структуры Беларусі. Гэты тэкст перапосціў сабе ў канал Рыгор Азаронак.

Акрамя аповеду пра тое, што «польская групоўка можа атакаваць з трох кірункаў», прапагандысты працытавалі польскага геапалітыка Юльюша Мірашэўскага. Гэты дзеяч вядомы тым, што распрацаваў «ідэю ULB» — тэзіс аб прымірэнні і саюзе Польшчы з незалежнымі Украінай, Літвой і Беларуссю. Аднак «Невальфовіч» з дапамогай вырванай з кантэксту цытаты робіць з Мірашэўскага адэпта польскага імперыялізму.

Пра небяспеку, якая быццам ідзе з Польшчы, рэгулярна пішуць і «Жоўтыя злівы». У канале абмяркоўваюць, напрыклад, ідэю польскіх палітыкаў распачаць назіранне за ўсходняй мяжой на вайсковых аэрастатах і павелічэнне польскага кантынгенту на мяжы да 10-ці тысяч, а саму краіну называюць «гіенай Еўропы».

Праўладныя спікеры яшчэ і напісалі зварот да польскага народа — магчыма, ён мусіць паменшыць небяспеку. Тэкст звароту на пасяджэнні штаба патрыятычных сіл Беларусі зачытаў Вадзім Гігін. Вось некалькі яркіх цытат.

«Мы добра памятаем, што на беларускай зямлі нарадзіліся многія вялікія дзеячы польскай культуры. Але гэта зусім не дае падстаў глядзець на нашы землі як на славутыя «крэсы ўсходнія». Беларусы — вялікі, ганарлівы і самастойны славянскі народ».

«Спадзяёмся, што ў вас, браты-палякі, хопіць мудрасці ўтрымацца ад спаўзання ва ўзброенае супрацьстаянне. Хацелася б верыць, што вы не дасце адурманіць сябе агрэсіўнай прапагандзе».

«У выпадку ж любога замаху на нашу святую Радзіму ведайце, што мы поўныя рашучасці абараняць свой дом, свае сем'і. Гісторыя ведае нямала прыкладаў таго, як беларусы давалі адпор нашэсцю з захаду. Не спяшайцеся перажыць гэта на сваім досведзе».

Чытайце таксама:

МЗС Польшчы расказала, што павінна здарыцца для паляпшэння адносін Варшавы і Мінска

Польскую мяжу з боку Беларусі парушаюць мігранты з расійскімі візамі

«Кітай павінен паслаць Лукашэнку адпаведны сігнал». У Польшчы дапускаюць закрыццё чыгуначных пераходаў з Беларуссю

Клас
5
Панылы сорам
60
Ха-ха
31
Ого
6
Сумна
4
Абуральна
7

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?