Фестываль «Сінь» у Наваполацку. Фота: Новополоцк сегодня

Фестываль «Сінь» у Наваполацку. Фота: Новополоцк сегодня

Служба дзяржаўнай бяспекі Латвіі вядзе праверку па факце ўдзелу прадстаўнікоў даўгаўпілскага Цэнтра садружнасці ветэранаў Афганістана «Перавал» у Міжнародным фестывалі патрыятычнай і армейскай песні «Сінь», які праходзіў у Беларусі, піша Delfi.lv.

Фестываль у мінулыя выходныя праходзіў у Наваполацку. Ён быў арганізаваны пры падтрымцы Мінабароны і прысвечаны 50-годдзю са дня напісання неафіцыйнага гімна дэсантнікаў «Сінь».

На адным з відэа відаць, што на сцэну выклікалі групу «Перавал» з Даўгаўпілса, пасля чаго на сцэну выйшлі сямёра мужчын, на некаторых з якіх былі цяльняшкі і блакітныя берэты дэсантнікаў.

У Службе дзяржбяспекі растлумачылі, што ім вядома пра гэты выпадак, цяпер праводзіцца праверка фактаў.

На думку Службы дзяржбяспекі, так званае ўшанаванне расійскіх дэсантнікаў — гэта мерапрыемства, якое выкарыстоўваецца Крамлём у мэтах прапаганды і ў якасці мер уздзеяння для праслаўлення расійскага войска. У сваю чаргу, як адзначаюць у СДБ, у цяперашніх умовах, калі Расія працягвае вайну ва Украіне, мэту гэтага мерапрыемства можна ацаніць як услаўленне і апраўданне поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну, а таксама расійскай арміі, вайны і ўчыненых імі злачынстваў.

З улікам гэтых абставінаў асобы, якія маюць дачыненне да гераізацыі расійскай агрэсіі ва Украіне, могуць быць прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці.

Фестываль «Сінь» прайшоў у Наваполацку, паколькі песня «Сінь» мае прамое дачыненне да гэтага горада. Неафіцыйны гімн дэсантнікаў усіх пакаленняў упершыню прагучаў менавіта са сцэны Дома афіцэраў ваеннага гарадка Баравуха-1.

Клас
27
Панылы сорам
11
Ха-ха
2
Ого
4
Сумна
1
Абуральна
14