Валерый Сахашчык на канферэнцыі «Новая Беларусь 2023». Фота Руслана Серадзюка

Валерый Сахашчык на канферэнцыі «Новая Беларусь 2023». Фота Руслана Серадзюка

— Спаўняецца год з часу вашага прыходу ў палітыку. Як уражанне?

— Уражанне цяжкае. Мне складана адаптавацца ў гэтай атмасферы. Я не прывык да такой колькасці дэструктыўных адносін паміж людзьмі, інтрыг. Я ў сваім жыцці ў такой атмасферы не быў. Таму складана да гэтага прывыкаць, але спадзяюся, што вытрымаю.

— Не так даўно вы казалі, што беларускаму рэжыму застаецца ад года да трох. Вы па-ранейшаму такі аптыміст?

— Так, я казаў, што не больш за тры гады, і застаюся пры сваім меркаванні. Я сказаў гэта 2 студзеня ў інтэрв'ю Мелказёраву. Так што адлік часу ідзе.

— А нейкія падставы пад гэтым ёсць?

— Так, вядома. У любым выпадку, палітычная сістэма расійская і беларуская сябе вычарпала. Яна не жыццяздольная, і мы цяпер назіраем агонію гэтай сістэмы. Я перакананы, што яна памрэ, а з нашай дапамогай памрэ хутчэй.

— Шмат для каго з'яўляецца дысанансам, што вы не выступаеце за сілавое вырашэнне беларускага пытання. Чаму?

— Можа, таму, што я разумею, што такое вайна.

— Ці проста няма сілаў для гэтага?

— Справа не ў сілах. Нават калі б у нас тут быў нейкі армейскі корпус і мы б маглі ісці ваяваць… Самае апошняе, чаго я хачу, гэта вялікага кровапраліцця ў Беларусі. Я лічу, што яно таго не вартае. Лепш трохі даўжэй пацярпець, прымяніць нейкія іншыя спосабы, але прыйсці да грамадзянскай згоды і вырашыць праблему такім чынам. А канфлікты ўзброеныя, нават калі яны будуць, павінны быць вельмі абмежаваныя і апраўданыя.

— Не так даўно ў інтэрв'ю «Радыё Свабода» адзін з байцоў 79-й вайсковай часці УСУ сказаў, што вы таксама берацё ўдзел у баявых дзеяннях. Гэта сапраўды так?

— Так, гэта праўда. Я браў удзел.

— А маглі б трошкі расказаць, што гэта такое, які ваш удзел?

— У мяне быў дзед-франтавік, які ваяваў з 1 верасня 1939 года ў складзе Войска Польскага і да траўня 1945 года, закончыў у Берліне. На ўсе мае дзіцячыя просьбы расказаць пра вайну ён мне адказваў: «Валера, на вайне няма нічога цікавага, апрача пакут, крыві, смерці, бруду. Там няма нічога, пра што хацелася б расказаць». Я павінен быў нароўні з нашым падраздзяленнем выконваць задачы і паказаць ім, што я такі ж, як і яны, што я не стаўлю сваё жыццё даражэй, чым іх жыццё, што я магу з імі размаўляць нароўні. Я гэта рабіў.

Другое. Мне, вядома ж, патрэбны вопыт вядзення сучаснай вайны, мне патрэбнае разуменне, як гэта адбываецца цяпер. Мне патрэбнае дакладнае разуменне, што за вораг — расейцы, бо ёсць шанец, што давядзецца супраць іх дзейнічаць. Таму я быў там і, па ўсёй верагоднасці, і далей буду там. Але гэта не тое, чым я хацеў бы займацца, аб чым я марыў. Гэта проста жыццёвая неабходнасць.

— Якія б вы адзначылі галоўныя дасягненні за год у палітыцы, што вы зрабілі за гэты час?

— Цяпер я нашмат лепш разумею шлях, па якім мы павінны прайсці, каб перамагчы. У нас з'явілася моцная, добрая каманда, з якой, як я мяркую, рэальна рухацца па гэтым шляху. І мы ўжо прайшлі па гэтым шляху пэўную адлегласць, якая нас да перамогі набліжае.

— Вось вы гаворыце пра перамогу. А мне здаецца, што на сённяшняй канферэнцыі не так шмат гаварылі пра перамогу і шляхі набліжэння да яе?

— Складана казаць пра гэта ў гэтай сітуацыі, калі ў Беларусі татальны тэрор задушыў усё, калі людзі баяцца сказаць слова, шмат каго выціснулі за мяжу і шмат каго пасадзілі. Але гэта ўсё вельмі хутка зменіцца.

— А з сілавікамі ў Беларусі атрымліваецца падтрымліваць кантакт?

— Так, мы падтрымліваем кантакты.

— Ці можаце трохі расказаць, якія там настроі?

— Бачыце, з намі падтрымліваюць кантакт людзі, якія трымаюцца поглядаў, падобных да нашых. Гэтых людзей шмат. Сацыялогія немагчымая. Калі раней людзі хаця б у курылках нешта абмяркоўвалі, то цяпер баяцца ўсе. Толькі самым блізкім сваім сябрам могуць шчыра выказваць свае думкі. Але я дакладна разумею, што людзей на нашай ідэалагічнай платформе ва Узброеных сілах Беларусі шмат.

— Якая ваша галоўная задача на найбліжэйшы час, скажам, на найбліжэйшы год?

— Самая першая задача — гэта знізіць страты сярод беларусаў на вайне ва Украіне. Забяспечыць людзей, якія там ваююць, усім неабходным, каб выканаць сваё абяцанне, што беларусы павінны ваяваць тэхналогіямі і высокай навучанасцю, а не чалавечай крывёю. І далей я, вядома, мару пра аб’яднанне дэмакратычных сілаў, я мару пра ўмацаванне лідарства, якое павінна выходзіць на новы ўзровень. Ну і поспеху ў данясенні праўдзівай інфармацыі да людзей унутры краіны, арганізацыі людзей унутры краіны. Калі мы гэтыя рэчы зробім, то мы сур’ёзна наблізімся да перамогі.

— А тое, што прадстаўнік палка Каліноўскага ў сваёй прамове сказаў, што вы не апраўдалі давер, зачапіла вас ці не?

— Мяне б гэта пакрыўдзіла, калі б гэта было праўдай.

Чытайце таксама:

«Так цяжка шлях нам церабіць да Беларусі». Канферэнцыя «Новая Беларусь 2023» нагадала словы з вядомага верша

Ціханоўская зняла Азарава і зрабіла некалькі прызначэнняў

З Расіяй Беларусь будзе толькі калоніяй, а перамога Украіны дасць шанец. Што гаварылі пра еўрапейскую будучыню на канферэнцыі «Новая Беларусь 2023»

Клас
63
Панылы сорам
1
Ха-ха
3
Ого
2
Сумна
0
Абуральна
11