Уроцлаў. Ілюстрацыйнае фота «Наша Ніва»

Уроцлаў. Ілюстрацыйнае фота «Наша Ніва»

«Сур'ёзныя пакупкі пакуль адклалі да лепшых часоў»

«Мы пераехалі ў Польшчу з жонкай і дзвюма дочкамі (5 і 2 гады) у 2021 годзе. Жонка працавала да нараджэння першага дзіцяці, цяпер — не. Я спачатку спрабаваў шукаць працу ў іншых краінах, але варыянтаў у Польшчы было больш. Напрыклад, немцы і амерыканцы нават не адказвалі на рэзюмэ. У выніку аселі ва Уроцлаве — у працадаўцы з белкаранямі там офіс.

Я бізнэс-аналітык на сеньёрскай пазіцыі і досведам каля 8 гадоў. Працую на аўтсорсе. Заробак брута 16 000 злотых, нета — 11 000 злотых (каля $2750). Прыкладныя выдаткі на сям'ю на месяц выглядаюць так:

  • Арэнда кватэры (двухпакаёўка) — $800
  • Ежа, алкаголь, бытавая хімія — $550
  • Рэстараны, кавярні, дастаўка ежы — $150
  • Харчаванне ў садзе/школе, дзіцячыя гурткі — $400
  • Спорт, хобі — $100
  • Падарожжы — $150 (хайкінг, выезд у найбліжэйшыя гарады)
  • Медыцына — $75 на месяц
  • Дробныя выдаткі, адзенне — каля $125
  • Падпіскі (Netflix і іншае) — $100
  • Тэлефон, інтэрнэт — $40
  • Адзенне — $100
  • Гарадскі транспарт, таксі — $60;
  • Стрыжкі, манікюр і іншае — $100

Разам — $2750

На цэны ў крамах мы глядзім, але спецыяльна за зніжкамі не ганяемся. За маніторынг тратаў адказваю я: з дапамогай таблічкі ў эксэлі магу нешта з выдаткаў скараціць, каб купіць пыласос (напрыклад). Але, з улікам нашага доўгатэрміновага мінусу, гарызонт планавання ў нас усяго 1-2 месяцы.

Не скажу, што мы проста бядуем, але сур'ёзныя пакупкі (ровар, плэйстэйшэн, карэкцыя зроку, зубныя імпланты, новы тэлефон, мэбля, планшэт) пакуль адклалі да лепшых часоў.

Збіраць грошы ў нас атрымліваецца рэдка, наадварот, невялікая скарбонка ў памеры каля $4000 павольна растае. Адкладаем $100-200 адразу пасля зарплаты, але да канца месяца ўсё (а часам і больш) даводзіцца забіраць, каб дажыць да заробку.

«Не разумею, як жывуць сярэднія палякі і мідл з дзецьмі. Хочацца іх абняць і разам паплакаць»

Хоць мой даход у лічбах пасля пераезду вырас, але выдаткі непамерна павялічыліся. Асабліва ўдарыла па бюджэце інфляцыя: пасля пачатку вайны перагляду зарплаты не было, а цэны на ўсё выраслі (па адчуваннях) на 30%.

Сюды ж дадаліся выдаткі на другое дзіця і арэнду (у Мінску мы здымалі двухпакаёўку за $300, а тут — за $800). Хацелася б здымаць трохпакаёўку, але цяпер нам гэта не па кішэні. Затое на прыватны дзіцячы садок не шкадуем: ён апраўдвае чаканні (хоць яго перавагі перад дзяржсадком нам пакуль таксама не зразумелыя).

Раней мы аддавалі перавагу бесталковаму пляжнаму адпачынку ў Еўропе, а цяпер нават Балтыйскага мора дазволіць сабе не можам. Увесь наш адпачынак — гэта паркі ў горадзе, хайкінг і недалёкія падарожжы на цягніку.

Вось і выходзіць, што я тыпу сеньёр-памідор, якому заробку на сям'ю ледзь хапае. Пры гэтым для маёй не тэхнічнай спецыяльнасці і пасады такая сума — гэта вельмі нават нядрэнна. Я рэальна не разумею, на што жывуць мідл з дзецьмі і палякі са сваімі сярэднімі заробкамі. Хочацца іх абняць і разам паплакаць.

«Праца з 18-20к злотых брута мне толькі сніцца, так што застаецца быць аптымістам»

Падпрацоўку я не шукаў, бо з Blue card я магу працаваць толькі па сваёй працы. Я спрабаваў шукаць больш аплачваную працу, але цяпер суіскальнікаў у Польшчы моцна больш, чым вакансій для маёй пазіцыі. Так што праца з 18-20к злотых брута мне толькі сніцца.

Думаю, у маёй сітуацыі больш за ўсё вінаватая інфляцыя, крызіс у эканоміцы (і ў прыватнасці — у ІТ) і развіццё ШІ. Многія ІТ-гіганты хочуць назапасіць падушку бяспекі, так як бачаць скарачэнне рынку. Гэта выклікае «эфект даміно». І тут ужо не зразумела, дзе курыца, а дзе яйка.

Так што застаецца толькі быць аптымістам: чакаць аднаўлення рынку, нарошчваць навыкі, каб стаць больш карысным бізнэсу спецыялістам».

Клас
18
Панылы сорам
129
Ха-ха
36
Ого
15
Сумна
36
Абуральна
18