«Дзядзька настаўнік»

У Германавічах ёсць музей імя Язэпа Драздовіча. Туды абавязкова будзе візіт у канцы экскурсіі. А пакуль варта сесці ў машыну (многія турысты робяць гэта пешкі ці на роварах) і паехаць у Сталіцу.

Не, не ў Мінск. Сталіцай называецца невялічкая вёска пад Германавічамі. Ёсць меркаванне, што гэтае месца так назвалі, бо яно было роўнае, як стол. 

У 1921 годзе Язэп Драздовіч арганізаваў у Сталіцы беларускамоўную школу. Месцілася яна ў простай сялянскай хаце. Але праіснавала не больш як тры месяцы, польскія ўлады закрылі яе як «нелегальную». «Бедавалі бацькі, плакалі дзеці», — згадвае мастак у сваім дзённіку.

Бо «вучняў ён вучыў па сваёй методыцы без «пастрах і кары», а на разуменні, што ёсць дабро, а што зло, што прыгожае, а што — непрыгожае. Слухалі яго і паважалі не як «господина учителя» ці «пана», а як свайго «дзядзьку настаўніка». Землякі і вяскоўцы звалі яго проста «дзядзька Язэп», — піша ў сваім рукапісе беларускі мастак Алесь Марачкін.

Хата, у якой месцілася школа, на жаль, не захавалася, на малюнку мастака можна ўбачыць толькі месца, дзе яна стаяла.

«Стараваты вы для мяне»

Наступны прыпынак — вёска Ляскова. Менавіта там у 1936 годзе была створана карціна Язэпа Драздовіча, якая так і называецца — «Ляскова». Лічыцца, што гэта самае радаснае палатно мастака, таму што яно было асветлена каханнем.

На карціне намаляваная сядзіба Восіпа Балошкі, у якой вельмі часта гасцяваў Язэп Драздовіч. У гэтай сям'і было шасцёра дзяцей. У адну з дачок, якой на той момант было каля 20 гадоў, мастак закахаўся. І нават прапанаваў дзяўчыне стаць яго жонкай, але тая яму адмовіла, сказала: «Стараваты вы для мяне…»

Язэпу Драздовічу на той момант было пад 50. Ён, дарэчы, не пакрыўдзіўся, бо разумеў, што не мае ні кала, ні двара, таму па сутнасці яму няма куды прывесці нявесту.

«Спачатку мы думалі, што мастак закахаўся ў малодшую дачку Надзею, бо захаваўся яе партрэт, — кажа навуковы супрацоўнік і экскурсавод мастацка-этнаграфічнага музея імя Язэпа Драздовіча Іна Пучынская. — Але кропкі над «і» расставіў адзін з унукаў Восіпа Балошкі, які працуе ў філіяле Акадэміі навук у Гродне. Ён даслаў нам артыкул, дзе напісана, што менавіта яго маці Ганна Балошка была той дзяўчынай, у якую закахаўся Язэп Драздовіч».

Карціна «Ляскова» разам з іншымі работамі мастака доўгі час упрыгожвала сцены хаты Балошкаў. Ім тое падабалася, усім казалі: «У нас, як у музеі».

Дарэчы, існуе меркаванне, што на карціне «Ляскова» першапачаткова было намалявана пяць чалавек, але калі Язэп Драздовіч паказаў чарнавік Ганне, яна сказала: «Крэпка шмат людзей». І ён замаляваў дзве выявы.

Цяпер карціна «Ляскова» знаходзіцца ў фондах Нацыянальнага гістарычнага музея. Копія ёсць у Германавічах. І ад яе сапраўды зыходзіць неверагоднае святло, ад якога на душы робіцца цяплей.

«Як толькі пачаліся канікулы, забыўся на сваю карову»

І вось прыпынак каля банера ў Лужках. Іна Сямёнаўна распавядае, што ў 1939 годзе мастака запрасілі працаваць настаўнікам малявання і астраноміі ў мясцовую школу. Сельсавет выдзеліў яму хату і карову. Здавалася б, ёсць дах над галавой, работа, якую добра ведаў і да якой імкнуўся. Можна было асесці, ажаніцца…

Але душа мастака патрабавала падарожжаў. Таму як толькі пачаліся школьныя канікулы, ён забыўся на сваю карову, пакінуў хату і пайшоў вандраваць. Як ён пісаў пра гэта: «Хаджу, малюю, радзіме даўгі аддаю».

«На сёння, калі хтосьці з экскурсантаў пачынае шкадаваць Язэпа Драздовіча, казаць, што жыццё яго не ўдалося, я не пагаджаюся. Яшчэ невядома, чыё жыццё ўдалося: наша з гаспадаркамі, з пастаяннай фізічнай працай, ці яго, з кіламетрамі нязведаных дарог і прыгод? Я лічу, мастака задавальняў такі лад жыцця, інакш ён бы скарыстаў момант і асеў у Лужках, ажаніўся. Тым больш што мужчына ён быў спрытны, не абдзелены жаночай увагай».

Тым не менш, часам ноткі смутку прысутнічалі, бо ў адным з вершаў ён піша: «Я па свеце хаджу / Ды чужыя куты ўкрашаю. / Я і свой бы куток разукрасіў, / Ды на жаль, свайго куту не маю».

Прывал на беразе Мнюціцы

«Хаджу паміж Мнютай і Аутай і малюю людзям», — пісаў Язэп Драздовіч. Таму сімвалічна, што наступны прыпынак — у Жуках Ложных, на беразе Мнюты. Язэп Драздовіч вельмі любіў тую раку, называў яе памяншальна-ласкальна Мнюціцай.

Непадалёк ад гэтага месца знаходзілася хата Янцэвічаў, дзе падабалася бываць Язэпу Драздовічу. Дарэчы, выява згаданага хутара ёсць на дыване ў германавіцкім музеі.

«У сям'і Янцэвічаў было дзевяць дзяцей, найбольш Язэп сябраваў з малодшай Амілечкай. Хоць яна была і не надта прыгожай, твар яе быў пабіты воспай, але яны знайшлі адно аднаго. Ён спачуваў дзяўчынцы, а яна яму. Дзяўчына мыла Язэпу Драздовічу бялізну. А ён, у сваю чаргу, намаляваў яе партрэт у валошкавым вяночку, які, на жаль, не захаваўся да нашага часу.

У Амілечкі быў складаны лёс: маці памерла, калі яна была маленькая. І жаночы клопат пра бацьку і братоў лёг на кволыя дзявочыя плечы.

Амілечка ўсіх абшывала, абмывала. Язэп Драздовіч часта паўтараў: «Будзеш ты шчаслівая за тое, што душа ў цябе такая добрая і адкрытая».

Але тут ён не ўгадаў. Пасля вайны дзяўчына нейкім чынам апынулася ў Канадзе, працавала ў кафэ пасудамыйкай, а потым аслепла і дажывала свой век у адзіноце».

Перажываў, што не зможа ўстанавіць на магіле маці годны помнік

І вось цяпер — вяртанне ў Германавічы і паход на каталіцкія могілкі, дзе пахаваная маці мастака. Яна займала значнае месца ў жыцці Язэпа Драздовіча. Настолькі, што, калі яна захварэла, ён, не раздумваючы, кінуў працу настаўнікам малявання ў мінскай гімназіі, каб быць побач з ёй.

Памерла Юзэфа Драздовіч ва ўзросце 80 гадоў. Мастак вельмі перажываў, што з-за беднасці не зможа ўстанавіць на магіле маці годны помнік. А таксама вельмі шкадаваў, што не напісаў пры жыцці яе партрэт.

«Надмагільная пліта па маці зроблена на заказ па эскізе самога Язэпа Драздовіча, — расказвае і паказвае дырэктар музея Людміла Навіцкая. — Менавіта па гэтым надпісе на камені (зачытвае) «Juzefa 1841—1921 Narcyzava Drazdovіc» у 1990-х гадах і ўдалося знайсці тую магілку».

На магіле маці Язэпа Драздовіча ў Германавічах дагэтуль ляжыць камень з выгравіраваным па эскізе сына надпісам

На магіле маці Язэпа Драздовіча ў Германавічах дагэтуль ляжыць камень з выгравіраваным па эскізе сына надпісам

Юзэфа Драздовіч ведала на памяць шмат беларускіх казак, баек, легендаў і незлічоную колькасць народных прыказак. У яе рана памёр муж, і жанчына засталася адна з шасцю дзецьмі на руках, самы меншы сярод якіх — Язэп. Менавіта маці адкрыла яму дарогу ў дзіўны свет мастацтва і, нягледзячы на беднасць, дапамагла атрымаць адукацыю.

«Жанчына бачыла, што змалку Язэп быў крышачку іншы, чым усе астатнія дзеці. Ён не цікавіўся сельскагаспадарчай працай, а ў сваіх мроях ды летуценнях нешта выразаў з дрэва, маляваў».

Старэйшыя сыны мелі свае сем'і, арандавалі зямлю. Яны былі прымацаваныя да нейкага месца. Таму за іх маці не надта хвалявалася. Яе найбольш непакоіў у сэрцы самы малодшы. «Дзе прытуліцца ён, якая доля яго чакае? Ад зямлі ён зусім адбіўся, а што здабыў сваім талентам? Любы шавец ці кравец мае пэўны кавалак хлеба, сталае месца ў жыцці, а ў яго ні хлеба, ні страхі над галавой. Ці асмеліцца хто пайсці за беспрытульніка? Так адзінокі і звякуе». Выходзіць, маці прадбачыла адзінокае жыццё сына да скону…

«Мяне яшчэ пашукаюць…»

Жыццё Язэпа Драздовіча было цесна звязанае з Германавічамі. Таму сімвалічна, што менавіта тут знаходзіцца не толькі вуліца, але і мастацка-этнаграфічны музей яго імя. Там, у былым палацы Шырынаў, і завяршаецца гэта пазнавальная вандроўка.

У зале, прысвечанай творчасці Язэпа Драздовіча, адразу ж кінулася ў вочы скульптура «Вечны вандроўнік», не раз бачаная ў Траецкім прадмесці ў Мінску. Толькі там помнік адліты з бронзы, а ў Германавічах — копія з сілуміну. Зрабіў яе адмыслова для германавіцкага музея скульптар Ігар Голубеў.

«Ён прыязджаў да нас, калі святкаваў сваё 60-годдзе. Сябры яму арганізавалі паездку па мясцінах, дзе знаходзяцца яго творы. Дык казаў, што працаваў з дзённікамі Язэпа Драздовіча, якія знаходзяцца ў Нацыянальнай бібліятэцы. І прачытаў там, што Язэп піша: «і яшчэ ў цэнтры Мінска мне будзе стаяць помнік». Гэтае прароцтва, як і вядомае «мяне яшчэ пашукаюць», споўнілася.

Вельмі шмат зрабіла для адраджэння памяці пра славутага земляка жыхарка Германавіч Ада Райчонак. 30 гадоў таму яна яшчэ працавала настаўніцай, запрагала каня і разам са сваімі вучнямі ездзіла па вёсках. Хадзілі па хатах, шукалі — можа, дзе што засталося з яго спадчыны.

Паколькі ў Язэпа Драздовіча не было пастаяннага месца жыхарства, ён маляваў там, дзе гасціў, іншымі словамі, «працаваў за гасціннасць». Таму

практычна ў кожнай хаце пакінуў штосьці пасля сябе. Карціны, малюнкі алоўкам, знакамітыя дываны-маляванкі. Каб крышачку раней, вядома, можна было б больш сабраць. Бо многія з тых дываноў, якія калісьці ўпрыгожвалі сцены дамоў, ужо былі пушчаныя ў гаспадарку, хтосьці паслаў іх на падлогу».

Юным наведвальнікам музея прапаноўваюць скласці пазл з выявамі маляванак Язэпа Драздовіча

Юным наведвальнікам музея прапаноўваюць скласці пазл з выявамі маляванак Язэпа Драздовіча

У германавіцкім музеі каля сарака экспанатаў, звязаных з Язэпам Драздовічам. Сярод іх сшытак з рукапісам мастака, тры арыгінальныя кіі (ён, дарэчы, быў выдатным разьбяром). Ёсць дываны-маляванкі, якія пакуль не выстаўляюцца, бо патрабуюць рэстаўрацыі.

Не так даўно супрацоўнікі музея знайшлі ў адной з закінутых хат у вёсцы Ляскова вышыўку з макаткі Язэпа Драздовіча (макаткі — невялічкія работы, якімі ўпрыгожвалі сцены). Тым, хто хоча паглядзець больш дываноў, раяць завітаць у Музей маляванкі, што адкрыўся ў Заслаўі.

Акрамя таго, чатыры арыгінальныя работы Драздовіча захоўваюцца ў Падсвільскай школе. Сярод іх дыван-маляванка «Зачараваны замак», пазначаны годам смерці мастака. Старшы супрацоўнік музея Таццяна Катовіч параіла таксама пачытаць кнігу «Вечны вандроўнік», дзе Арсень Ліс апісаў жыццё і дзейнасць славутага мастака. І распавяла, што вельмі цікава чытаць дзённікі Язэпа Драздовіча.

«Не з першага разу зразумееш тое, што ён хацеў сказаць. Мы ўжо па пяць разоў іх перачыталі і яшчэ хочацца, бо ён усё вельмі цікава апісваў. Такое адчуванне, што пісаў не для сябе, а для людзей. Як быццам ведаў, што мы будзем чытаць яго запісы».

Навуковы супрацоўнік і экскурсавод мастацка-этнаграфічнага музея імя Язэпа Драздовіча, стараста аграгарадка Германавічы Іна Пучынская каля банера ў Лужках

Навуковы супрацоўнік і экскурсавод мастацка-этнаграфічнага музея імя Язэпа Драздовіча, стараста аграгарадка Германавічы Іна Пучынская каля банера ў Лужках

У канцы экскурсіі Іна Пучынская дастала аркуш з правіламі, якімі кіраваўся ў жыцці Язэп Драздовіч. «Нашы экскурсанты з задавальненнем іх фатаграфуюць, — усміхаецца Іна Сямёнаўна. — А я радуюся. Бо з кожным годам усё шырэй і шырэй распаўсюджваецца мудрасць народнага мастака».

Чытайце таксама:

Mark Formelle выпусціў адзенне з прынтамі Драздовіча, Хруцкага, Айвазоўскага

«Нам займальна шукаць». У Заслаўі адкрываецца асобны музей «маляваных дываноў»

Каменны калодзеж і шафа, распісаная Драздовічам. Такія цуды захаваліся ў вёсцы на Глыбоччыне

Клас
24
Панылы сорам
1
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
2
Абуральна
0