Крышціяну Раналду падчас афіцыйнай прэзентацыі ў якасці гульца клуба «Аль-Наср». Фота: AP Photo / Amr Nabil 

Крышціяну Раналду падчас афіцыйнай прэзентацыі ў якасці гульца клуба «Аль-Наср». Фота: AP Photo / Amr Nabil 

Грашовае шаленства

Чэмпіянат Саудаўскай Аравіі дужа малады. Паўнавартасную нацыянальную лігу ў гэтай краіне арганізавалі толькі ў 1975-м, праз шэсць гадоў у чэмпіянаце з’явіўся другі дывізіён. Паўпрафесіянальнай новая ліга стала толькі ў 1990-м. Параўнайце, напрыклад, з Францыяй — у гэтай краіне прафесіянальны футбол з’явіўся ажно ў 1930-м.

Такім чынам, пра славутую гісторыю саудаўскага чэмпіянату казаць не даводзіцца. У той жа час у краіне даволі моцная футбольная зборная: яна шэсць разоў выходзіла ў фінальную стадыю чэмпіянатаў свету (з 1994 па 2022 гады). Саудаўскія клубы не надта вядомыя шараговаму еўрапейскаму заўзятару, але ў сваім рэгіёне яны выступленнямі ўражваюць. Возьмем «Аль-Хіляль», клуб з Эр-Рыяда, у яго багажы хапае кубкаў азіяцкай і аравійскай Ліг чэмпіёнаў, а ў 2021-м «Аль-Хіляль» стаў чацвёртым на клубным чэмпіянаце свету. «Ан-Наср», які адхапіў сабе Раналду, браў кубкі на азіяцкім і аравійскім узроўнях. Гэта ж датычыць «Аль-Ітыхада», куды перабраўся з мадрыдскага «Рэала» фіналіст ЧС—2022 Карым Бензема.

Нягледзячы на ўсе гэтыя трафеі, еўрапейскія футбольныя зоркі ніколі не ламаліся ў саудаўскі чэмпіянат. Ён быў экзотыкай накшталт чэмпіянату Японіі, куды пайшоў некалькі гадоў таму знакаміты іспанец Андрэс Іньеста: маўляў, калі ўсе магчымыя трафеі ўжо ў цябе, можна зарабіць грошай перад тым, як канчаткова павесіць буцы на цвік.

Але цяпер Саудаўская ліга — гэта больш не чэмпіянат футбольных пенсіянераў і местачковых талентаў. Напрыклад, гэтым летам у «Аль-Хіляль» з англійскага «Вулверхэмптана» перайшоў 26-гадовы партугальскі паўабаронца Рубен Нэвес. Іншы гігант, «Аль-Ахлі», прыдбаў сабе 31-гадовага бразільца Раберта Фірміна, якога вы маглі бачыць у складзе «Ліверпуля». Абодва гульцы ў самым росквіце сіл, і гэта толькі два прыклады.

У саудаўскі чэмпіянат едуць нават перспектыўныя гульцы накшталт Сяргея Мілінкавіча-Савіча. 28-гадовы серб — адзін з найлепшых паўабаронцаў Еўропы, яго клікалі да сябе «Чэлсі», «Ювентус», «Мілан», «Інтэр». З клубамі такога калібру можна было б змагацца за трафей, напрыклад, у Лізе чэмпіёнаў, а праз пару гадоў, калі яшчэ будзеш цікавы арабам, ірвануць да іх па заробак. Але Мілінкавіч-Савіч выбраў другі шлях і падпісаўся гуляць за «Аль-Хіляль» за 20 мільёнаў еўра за сезон.

Што так вабіць іх усіх у Саудаўскай Аравіі? Дакладны адказ у кожнага, вядома, свой, але сумы кантрактаў, на якія пагаджаюцца ў Аравіі зоркі еўрапейскіх ліг, даюць глебу для разваг.

Той жа Фірміна будзе зарабляць на Аравійскім паўвостраве па 20 мільёнаў еўра за год, сенегалец Кулібалі прыехаў у «Аль-Хіляль» на заробак 30 мільёнаў. Эдуар Мендзі, зорны сенегалец з англійскай Прэм’ер-лігі, едзе ў «Аль-Ахлі» па 25 мільёнаў за год, Карыму Бензема абяцаюць у Аравіі 27,5 мільёна за сезон.

Але ім усім далёка да паўабаронцы Н'Гало Кантэ, былога гульца «Чэлсі», — той паехаў у «Аль-Ітыхад» па суму 100 мільёнаў еўра за год. Для параўнання: у «Рэале» Бензема атрымліваў гадавы заробак памерам 8,5 мільёна еўра.

Трэнерам саудаўцы таксама абяцаюць буйныя заробкі. Напрыклад, у зборную Саудаўскай Аравіі паклікалі працаваць партугальца Жоржэ Жэзуса, які да гэтага кіраваў стамбульскім «Фенербахчэ», а раней працаваў з «Брагай», «Спортынгам» і «Бенфікай». 10 мільёнаў еўра за год, якія будзе атрымліваць Жэзус, зробяць яго самым высокааплатным трэнерам нацыяналкі ў свеце.

Некаторыя зоркі, аднак, не едуць да саудаўцаў нават па прываблівыя грошы. Бельгійскі форвард Ромелу Лукаку не спакусіўся кантрактам 50 мільёнаў еўра за год, які яму паабяцалі ў «Аль-Хілялі». А Джэнара Гатуза, экс-коўч «Мілана» і «Напалі», нават атрымаў званок ад прэм'ера Саудаўскай Аравіі Мухамеда бін Салмана з прапановай перайсці ў чэмпіянат краіны — «Аль-Ахлі» беспаспяхова прапаноўваў яму дзевяць мільёнаў еўра за год.

Ромелу Лукаку. Фота: AP Photo / Pavel Golovkin

Ромелу Лукаку. Фота: AP Photo / Pavel Golovkin

Як усё пачалося

Падмурак да ўсёй гэтай феерыі быў закладзены ў 2016 годзе, калі саудаўцы прынялі праграму Vision 2030. Яе галоўны прынцып — дыверсіфікацыя мясцовай эканомікі, якая занадта моцна залежыць ад нафтавага прыбытку. Спорт і інвестыцыі ў яго — адзін з інструментаў такой дыверсіфікацыі. Фонд дзяржаўных інвестыцый Саудаўскай Аравіі (PIF) набыў 75% чатырох клубаў мясцовай лігі, яму ж належыць англійскі «Ньюкасл». Таксама дзяржава запусціла праект па прыватызацыі дзяржаўных спартовых клубаў. Але не футболам адзіным: PIF, напрыклад, яшчэ і з'яўляецца найвялікшым знешнім акцыянерам японскай гульнявой кампаніі Nintendo.

Спорт можа прыводзіць у краіну турыстаў, і таму саудаўцы актыўна спрабуюць сябе ў правядзенні вялікіх турніраў. Напрыклад, яны прымалі адзін з этапаў «Формулы-1», у 2027 годзе арганізоўваюць футбольны Кубак Азіі. Што парадаксальна, у гэтай краіне праходзілі і статусныя Суперкубкі Іспаніі і Італіі — хаця, здавалася б, які сэнс ладзіць іх так далёка ад аматарскай базы?

Назіральнікі звяртаюць увагу яшчэ і на тое, хто кіруе фондам PIF кронпрынц і прэм'ер краіны Мухамед бін Салман, асоба няпростая. Паводле экспертаў, ён адказны за шматлікія парушэнні правоў чалавека ў краіне. Так, падчас кіравання бін Салмана ў Саудаўскай Аравіі амаль падвоілася колькасць смяротных пакаранняў. Кронпрынц вывеў на новы ўзровень тэрор у краіне: яго палітычных і дзелавых сапернікаў масава арыштоўвалі, катавалі, выкрадалі і гвалтоўна вярталі ў краіну. 

Але часцей за ўсё згадваюць пра магчымую датычнасць бін Салмана да смерці саудаўскага журналіста Джамаля Хашогі. Яго забілі ў саудаўскім консульстве ў Стамбуле 2 кастрычніка 2018 года. Паводле крыніц The New York Times у амерыканскай разведцы, бін Салман аддаў загад заманіць журналіста ў Саудаўскую Аравію і забіць яго.

У такой сітуацыі захапленне кронпрынца спортам выглядае спосабам адбяліць сваю рэпутацыю. Гісторыя бачыла багата падобных прыкладаў — згадаем хаця б Алімпіяду-1936 у гітлераўскім Берліне ці зімнія Алімпійскія гульні — 2014 у Сочы, пасля якіх Расія акупавала ўкраінскі Крым.

Не ўсе з гэтым згодныя. Джэймі Карагер, былы абаронца «Ліверпуля», выказваўся пра дзеянні саудаўскай дзяржавы так: «Саудаўская Аравія захапіла гольф, вялікія баксёрскія баі, а цяпер яны хочуць захапіць футбол! Трэба скончыць з такімі спробамі адбельваць рэпутацыю праз спорт!»

Яшчэ адна магчымая мэта саудаўцаў — дамагчыся правядзення ў краіне футбольнага ЧС—2030, і зоркі, якія прыязджаюць сюды гуляць, з'яўляюца амбасадарамі краіны ў барацьбе за турнір. Нават Леа Месі, які не паехаў гуляць у мясцовую лігу, удзельнічае ў гэтым: аргенцінец атрымлівае 30 мільёнаў за год за адпачынак у Саудаўскай Аравіі і рэкламу краіны ў сацсетках.

Футбольны рай па-за Еўропай

Застаецца толькі сказаць, што гэта не першая спроба зрабіць футбольную Мекку за межамі Еўропы. Напрыклад, у 2016—2017 гадах кітайская Суперліга абганяла па трансферных тратах нават англійскую Прэм'ер-лігу. Кітайскі кіраўнік Сі Цзіньпін некалі марыў да 2050 года зрабіць з Паднябеснай футбольную звышдзяржаву, правесці ў Кітаі чэмпіянат свету і зрабіць мужчынскую нацыяналку найлепшай на кантыненце, а жаночую — найлепшай у свеце. Але кітайцам галоўная гульня на планеце не зайшла: яны не ладзілі на стадыёнах аншлагі, кітайскія клубы не сталі гуляць лепш за ўмоўную «Барселону», і нават у самім Кітаі праяўлялі больш цікавасці да трансляцый еўрапейскіх матчаў.

У другой палове 2010-х еўрапейскія топ-гульцы цягнуліся ў іншую азіяцкую краіну — Японію. Акрамя вышэй адзначанага Іньеста, там апынуліся, напрыклад, іспанцы Фернанда Торэс і Давід Вілья, а таксама чэмпіён свету 2014 года немец Лукаш Падольскі. Але пандэмія кавіду падкасіла японскую эканоміку і прымусіла клубы знізіць апетыты да зорных замежнікаў, так і японская футбольная ўтопія пакуль засталася толькі марай.

Андрэс Іньеста развітваецца са сваім японскім клубам. Фота: AP Photo / Hiro Komae

Андрэс Іньеста развітваецца са сваім японскім клубам. Фота: AP Photo / Hiro Komae

З іншага боку, японцы і не разлічвалі на імгненны поспех. Іх мэты — стаць чэмпіёнамі свету ў 2092 годзе і па стане на 2030-ы быць аднымі з галоўных пастаўшчыкоў футбольных талентаў для топавых еўрапейскіх каманд. І калі наконт першага параметра яшчэ ранавата рабіць высновы, то з другім намячаецца прагрэс: напрыклад, у бельгійскім «Айнтрахце» выступае паўабаронца Даіці Камада, а ў лонданскім «Арсенале» — абаронца Такэхіра Таміясу.

Ёсць яшчэ адзін вялікі футбольны аазіс за межамі Еўропы, і гэта ЗША. Першы сезон мясцовай футбольнай лігі, МЛС, быў праведзены толькі ў 1996 годзе. Цяпер яна б'е рэкорды па наведвальнасці — напрыклад, у сакавіку 2022 года на сустрэчы паміж «Шарлат» і «Лос-Анджэлес Гэлаксі» прысутнічала 74 479 гледачоў. Трансляцыі МЛС няблага разагналіся па кошце: восенню 2011 года трохсезонны кантракт на паказ лігі каштаваў каналу NBC 30 мільёнаў даляраў, а цяпер гаворка ідзе пра 90 мільёнаў даляраў за сезон — і, хутчэй за ўсё, гэта далёка не апошнія лічбы.

Амерыканцы не трацяць шалёных грошай на тое, каб прывозіць у МЛС пачкамі еўрапейскіх зорак (хаця тыя ж Ібрагімавіч і Швайнштайгер там усё ж такі засвяціліся, а Дэвід Бэкхэм увогуле мае ў ЗША свой клуб — «Інтэр Маямі»). Замест гэтага яны актыўна працуюць на перспектыву: ствараюць футбольныя акадэміі, падтрымліваюць грантамі маладых талентаў. Нічога асабістага, толькі бізнэс, кульмінацыяй якога мусіць стаць ЧС—2026, які ЗША правядуць сумесна з Канадай і Мексікай.

Тым часам саудаўцы трацяць мільёны еўра на тое, каб пабудаваць лігу мары тут і цяпер — і чым бы гэта не скончылася, яны ўжо сталі трэндсетарамі. З разуменнем гэтага і скандальны пераход Раналду ў саудаўскі чэмпіянат выглядае інакш. Спартовы журналіст Уладзіслаў Татур выказаўся пра гэта так: «Ён сапраўды візіянер. Чалавек усё бачыў наперад, трэнды адчуў, злавіў. Магчыма, ён нешта ведаў — вось гэта мая версія».

Партугальскі журналіст назваў Крышціяну Раналду карысным ідыётам на службе адной з найгоршых дыктатур у свеце

«У плане мужчынскай увагі я распешчаная». Гэтая беларуская футбольная фанатка збірае тысячы праглядаў у інстаграме

У Саудаўскай Аравіі хочуць дамагчыся дэпартацыі Крышціяну Раналду

Клас
9
Панылы сорам
4
Ха-ха
3
Ого
3
Сумна
5
Абуральна
15

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?