HIMARS Хімарс

HIMARS працуе пад Запарожжам. Фота: Мінабароны Украіны

Нямецкае інтэрнэт-выданне t-onine.de адзначае, што ўкраінскі контрнаступ, які пачаўся ў чэрвені, прасоўваецца павольней, чым чакалася, і знаходзіцца на пачатковых этапах. За месяц была вызваленая тэрыторыя каля 158 квадратных кіламетраў, што, аднак, больш, чым расійскія войскі здолелі заняць за папярэднія паўгода.

Выданне прыводзіць словы амерыканскага вайсковага аналітыка Філіпса О'Браена (Phillips OʼBrien) пра змены ў тактыцы ўкраінскіх войскаў, якія атакуюць шырокім фронтам.

«Яны ціснуць па шырокай дузе ад Бахмута да Дняпроўскага фронту ды павольна і няўхільна прасоўваюцца ў многіх з гэтых абласцей». 

Паводле слоў аналітыка, гэта паказвае, што Украіна чарговы раз адаптуецца да падзей вайны. Такая хуткасць рэакцыі заўсёды дапамагала ёй з самага пачатку вайны.

ОʼБраен заўважае, што ўкраінскае войска больш не засяроджваецца на адзіночных буйных нападах з ужываннем танкаў, а праводзіць драбнейшыя атакі з удзелам пяхоты на вялікай колькасці напрамкаў. Іх мэта — аслабіць і знішчыць расійскія ўзброеныя сілы.

Такая тактыка, на думку ОʼБраена, звязаная з тым, што Украіна панесла значныя страты танкаў, і будзе працягвацца да той пары, пакуль не будзе здзейснены яшчэ адзін танкавы прарыў.

Па словах аналітыка, большая частка асабовага складу, вызначаная для контрнаступу, па некаторых ацэнках, да 80%, усё яшчэ знаходзіцца ў рэзерве і праходзіць падрыхтоўку.

Аўтар артыкула згадвае, што міністр замежных спраў Украіны Дзмітрый Кулеба ў інтэрв'ю газеце Bild на мінулым тыдні адзначыў тры фактары павольнага прагрэсу, акрамя дажджоў, якія перашкаджаюць атакам.

Наступ ускладняе перавага Расіі ў паветры. Кулеба нагадаў, што супрацьпаветраная абарона Украіны дрэнна забяспечаная і зноў заклікаў да паставак заходніх знішчальнікаў. Гэта дазволіць узмацніць ударную магутнасць войскаў, а таксама абароніць наземныя сілы і крытычную інфраструктуру.

О'Браен адзначае, што не разумее крытыку павольнага наступу ўкраінцаў.

«Дзіўна, калі людзі крытыкуюць украінцаў за тое, што яны «павольна» прасоўваюцца. Яны гэтага не робяць. Яны робяць тое, што могуць». Тэмп «ні хуткі, ні павольны — гэта тэмп аперацыі, што прадыктаваны той зброяй, якую атрымала Украіна». 

Другая праблема, пра якую расказаў Кулеба, у значным замініраванні Расіяй тэрыторый. На абясшкоджванне як супрацьпяхотных, так і супрацьтанкавых мінаў патрабуецца шмат часу і шмат асабовага складу.

Выданне адзначае, што, па звестках Дзяржаўнай службы Украіны па надзвычайных сітуацыях, Расія замініравала да 30% тэрыторыі Украіны, што прыкладна ў два разы перавышае плошчу Аўстрыі. Гэта не толькі выклік для вайны, якая працягваецца. Краіну таксама чакаюць немалую небяспеку ў пасляваенны перыяд. Некаторыя раёны могуць быць непрыдатнымі для жыцця на працягу многіх гадоў.

Па словах Кулебы, на якія спасылаецца выданне, перашкодай таксама сталі аб'екты, узведзеныя расійскім войскам. Яны настолькі трывала пабудаваныя, часткова з жалезабетону, што іх цяжка заваяваць.

Таму, на думку экспертаў і назіральнікаў, казаць пра правал наступлення заўчасна. Выданне нагадвае, што палітолаг Аляксандр Дубовы нядаўна расказаў, што першыя тэндэнцыі можна будзе чакаць толькі праз некалькі тыдняў, а рэальныя вынікі, імаверна, толькі восенню.

Аўтары артыкула згадваюць, што першы буйны наступ Украіны таксама доўжыўся некалькі тыдняў. У перыяд з канца верасня па канец кастрычніка мінулага года Украіна адваявала некалькі гарадоў на поўначы Херсонскай вобласці, у тым ліку Балаклею, Ізюм і Ліман. У пачатку лістапада расійскія войскі былі адціснутыя за ўсходні бераг Дняпра. 11 лістапада ўкраінскія войскі вызвалілі Херсон.

Чытайце яшчэ:

Украіна наносіць удары па расійскай абароне здалёк, каб не рызыкаваць байцамі — WSJ

Залужны: Нам удалося перахапіць стратэгічную ініцыятыву, ёсць прасоўванне

«Некаторыя лічаць, што гэта галівудскі фільм». Зяленскі растлумачыў, чаму цяжка ідзе контрнаступ

Клас
28
Панылы сорам
0
Ха-ха
2
Ого
2
Сумна
1
Абуральна
3

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?