— Я магла паехаць у адзін з трох гарадоў Вялікабрытаніі, але выбрала акурат Лондан, таму што толькі там у мяне ўжо былі сябры і нейкія сувязі, — расказвае дзяўчына. — Рэч у тым, што калісьці я год жыла і валанцёрыла ў даволі аддаленым месцы ў Ірландыі. У мяне там не было сяброў, і я адчувала сябе вельмі самотна. Праз гэта ў мяне пачалася дэпрэсія, з якой я потым змагалася на працягу трох гадоў. Навучаная гэтым досведам, я вырашыла, што лепш паеду туды, дзе ў мяне дакладна ёсць знаёмыя.

Даход: стыпендыя — 1390 фунтаў, заробак на паўстаўкі — 1170

— Першы год у Лондане я жыла выключна на сваю стыпендыю — 1390 фунтаў (1762 даляры) на месяц. З гэтых грошай у мяне атрымлівалася нават адкладаць каля 200 фунтаў (253 даляры), каб збіраць пэўную падушку бяспекі.

Пасля таго як стыпендыя скончылася, я працавала перакладчыцай субцітраў (з беларускай і рускай моў на англійскую) на паўстаўкі максімум па 20 гадзін на тыдзень, бо па студэнцкай візе працаваць болей немагчыма.

Аплата была 15 фунтаў (19 даляраў) за гадзіну, то-бок на месяц выходзіла ў сярэднім 1200 фунтаў (1520 даляраў). Пасля выплаты падаткаў на рукі я атрымлівала прыблізна 1170 фунтаў (1483 даляры).

З гэтага заробку адкладаць ужо не атрымлівалася, таму што і грошы меншыя, і цэны за гэты час падраслі (у тым ліку на ежу).

Жыллё і камуналка: 650 фунтаў за пакойчык і 10 фунтаў за мабільны інтэрнэт

— У Лондане я арандую невялікі пакойчык, за які плачу 650 фунтаў (824 даляры) у месяц. Мне пашанцавала знайсці яго праз знаёмых яшчэ летам 2021 года, калі лакдаўн толькі скончыўся і не ўсе паспелі вярнуцца ў горад. Тады з пошукам кватэр было прасцей.

Гэты пакойчык знаходзіцца ў доме ў віктарыянскім стылі, які часта можна пабачыць на карцінках ці ў кіно. Тут жа жыве гаспадыня — англійская бабуля, вельмі адукаваная і адэкватная жанчына — і яшчэ адна дзяўчына-арандатарка.

Таксама мне пашанцавала, што ўсе камунальныя паслугі (у тым ліку інтэрнэт) уключаныя ў кошт арэнды. Бо калі цэны пачалі моцна падымацца праз крызіс і вайну ва Украіне, некаторыя людзі не маглі сабе дазволіць уключаць ацяпленне зімой, бо для іх гэта было занадта дорага. У мяне ж з гэтым праблем не было.

Дадаткова я аплачваю толькі мабільны інтэрнэт — 10 фунтаў (13 даляраў) на месяц.

Праезд: метро — ад 2,80 да 3,20 фунта за паездку, аўтобус — 1,75

— Транспарт у Лондане вельмі дарагі. Я жыву ў другой зоне (а ўсяго іх 9, 6 з якіх у самім горадзе), адкуль на метро да цэнтра можна даехаць за 20-30 хвілін. Кошт праезда ў метро залежыць ад часу: у гадзіны пік гэта 3,20 фунта (4,06 даляра), у менш загружаныя перыяды — 2,80 (3,55 даляра). І гэта толькі ў першай-другой зонах, у больш аддаленых яшчэ даражэй.

Білет на аўтобус каштуе 1,75 фунта (2,22 даляра). І, каб эканоміць, метро я карыстаюся рэдка, толькі ў тых выпадках, калі на аўтобусах нават з перасадкамі не даедзеш. Тым больш на аўтобусах ёсць такі лайфхак: білет дзейнічае цягам гадзіны, таму за гэты час можна змяніць некалькі маршрутаў.

Такім чынам, я трачу больш часу на праезд (1-1,5 гадзіны замест 30-40 хвілін), але эканомлю амаль у 2-3 разы.

Студэнцкі праязны на тыдзень каштуе 27 фунтаў (34 даляры). Але ёсць сэнс яго купляць, толькі калі ездзіш кожны дзень. Мне не трэба штодня бываць у горадзе, таму і праязны я не набываю. А яшчэ, каб зэканоміць на транспарце, я стараюся планаваць усе свае справы на адзін дзень. Напрыклад, калі мне трэба ў бібліятэку, у нейкую краму ці на сустрэчу з сябрамі, я стараюся падагнаць усе планы разам, а не расцягваць іх на некалькі дзён.

Час ад часу мне яшчэ трэба ездзіць ва ўніверсітэт у іншы горад — дарога абыходзіцца каля 15 фунтаў туды-назад. Але гэта рэдка, мо раз на месяц.

Увогуле ў залежнасці ад колькасці паездак на грамадскі транспарт мне патрабуецца ад 50 да 100 фунтаў (ад 63 да 127 даляраў) у месяц.

Прадукты: на закупы выдаткоўваю да 200 фунтаў на месяц

— Апошнім часам прадукты тут таксама моцна падаражэлі. Я не ем мяса, толькі рыбу вельмі рэдка. У асноўным купляю гародніну, садавіну, расліннае мяса, час ад часу сыр і хлебныя прадукты, часта салодкае, гарбаткі, макароны, крупы. На ўсё гэта патрэбна да 200 фунтаў (253 даляры) на месяц.

Не дома я амаль не ем. У мяне на раёне, напрыклад, у якой-небудзь простай кавярні заказаць суп каштуе 7 фунтаў (8,9 даляра). Кава і дэсерт — па 3-3,5 фунта (4,4 даляра). То-бок калі проста выйсці на каву з кавалкам пірага — гэта ўжо 6-7 фунтаў (7,6-8,9 даляра). А калі схадзіць у які-небудзь прыстойны рэстаран — гэта, лічы, ад 13 фунтаў (ад 16 даляраў).

Іншыя траты: сустрэчы з сябрамі — да 100 фунтаў на месяц, медычная страхоўка — каля 2000 на тры гады

— Не магу адмовіць сабе ў мастацтве, таму перыядычна хаджу ў кіно, на канцэрт альбо на спектакль. На гэта магу выдаткоўваць ад 20 да 70 фунтаў (ад 25 да 89 даляраў) на месяц.

Увогуле пражыць на 1200 фунтаў (1520 даляраў) на месяц вельмі складана, калі ў цябе ёсць нейкія інтарэсы і кола сяброў. У Лондане заўсёды адбываецца шмат цікавага: паказваюць класныя спектаклі, прыязджаюць крутыя гурты, адбываюцца цікавыя выставы, праходзяць фестывалі. А таксама шмат кніг, якія хочацца набываць, і на іх я трачу ад 10 да 20 фунтаў (ад 13 да 25 даляраў) штомесяц.

Калі сустракаемся з сябрамі, трэба хаця б сідр узяць — гэта 7 фунтаў (8,8 даляра). А калі некалькі сустрэч у тыдзень, то гэта ад 20 да 30 фунтаў (ад 25 да 38 даляраў). За месяц можна і да 100 фунтаў (да 127 даляраў) на сустрэчы патраціць, бо сустракацца дома тут не прынята.

Калі казаць пра адзенне, то самае асноўнае я прывезла з сабой з Беларусі. І дагэтуль гэтыя рэчы складаюць каля 60% майго гардэроба. У Лондане я спачатку набывала адзенне ў дабрачынных крамах: іх тут шмат, і можна знайсці вельмі файныя рэчы (таннейшыя, чым у звычайных крамах, зразумела). Але з цягам часу высветлілася, што ў гэтых крамах не заўсёды ёсць тое, што мне патрэбна. Таму я перастала рабіць шмат дробных пакупак і вырашыла, што лепш набыць адну якасную рэч, якая праслужыць доўга. Так, напрыклад, у мяне з'явіліся джынсы за 30 фунтаў (38 даляраў), якія я нашу з задавальненнем.

Час ад часу купляю вінтаж — мне падабаецца. Але ў Лондане ён вельмі дарагі. У мяне ёсць некалькі рэчаў за 15-30 фунтаў (19-38 даляраў).

Асобным артыкулам выдаткаў была віза, якую мне трэба было абнаўляць. За яе я плаціла каля 450 фунтаў (прыкладна 570 даляраў). І яшчэ каля 2000 фунтаў (2535 даляраў) за медыцынскую страхоўку. Сабраць суму мне часткова дапамаглі некалькі фондаў, астатняе ўзяла з уласных адкладзеных грошай.

Цяпер я збіраюся падавацца на іншы тып візы, бо па студэнцкай я і працаваць на поўную стаўку не магу, і не магу быць самазанятай. А гэта значыць, што як пісьменніца я не магу заключаць дамовы на кнігі і атрымліваць за іх грошы, не магу легальна быць на фрылансе.

За змяненне візы мне трэба будзе заплаціць каля 700 фунтаў (887 даляраў) плюс некалькі тысяч за медычную страхоўку.

А яшчэ час ад часу я падпрацоўваю з небрытанскімі працадаўцамі — раблю літаратурныя пераклады. Гэта невялікія грошы, але з іх я звычайна раблю ахвяраванні ў фонды ці на нейкія зборы. Бо для мяне вельмі важна працягваць падтрымліваць нашых палітвязняў або іншых рэпрэсаваных людзей з Беларусі.

Чытайце таксама:

Што стала з тым самым праектам «Жывая бібліятэка», які збіраў тысячы людзей у ОК16? Мы даведаліся падрабязнасці

Park life: паглядзіце, як мінчукі адпачывалі ў выхадны 3 ліпеня ў розных парках Мінска

Клас
36
Панылы сорам
7
Ха-ха
4
Ого
7
Сумна
5
Абуральна
6