Эдуард Апсіт аказаўся ў цэнтры публікацый «Беларускага расследавальніцкага цэнтра». Калаж «Нашай Нівы»

Эдуард Апсіт аказаўся ў цэнтры публікацый «Беларускага расследавальніцкага цэнтра». Калаж «Нашай Нівы»

Месяц таму «Беларускі расследавальніцкі цэнтр» апублікаваў расследаванне пра беларускага бізнэсоўца Эдуарда Апсіта, буйнога гульца на беларускім клінінгавым рынку, заснавальніка кампаніі «Чысты свет». 

Журналісты намалявалі вобраз Апсіта як вельмі карумпаванага прадпрымальніка, які несумленна зарабляў грошы ў Беларусі, Расіі і Украіне, загадкава пазбягаючы адказнасці за хабары і крадзяжы. 

У чым БРЦ абвінаваціў Апсіта

Абвінавачванні Эдуарду Апсіту былі выстаўленыя наступныя.

— Яго кампанія нібыта скрала 5 мільёнаў даляраў на тэндары абслугоўвання Брэсцкага лакаматыўнага дэпо, а пракуратура ўсё ведала, але не стала заводзіць крымінальную справу. 

— Яго кампаніі нібыта несумленна перамагалі на тэндарах у тым ліку з дапамогай хабараў, а таксама сімулюючы канкурэнцыю паміж сабой. 

— Звязаныя з ім кампаніі нібыта ўдзельнічалі ў картэльных змовах з кампаніямі Прыгожына ў Расіі, а таксама супрацоўнічалі з расійскім Мінабароны. 

— Праз латвійскі банк Апсіт «адмыў» заробленыя злачынным шляхам грошы. 

Неўзабаве пасля першага расследавання выйшла другое.

«Мінімальная ўмова загладжвання віны»

Пасля першага відэа «Беларускі расследавальніцкі цэнтр» апублікаваў яшчэ адно. У ім агучылі інфармацыю пра тое, што нібыта праз давераных асоб Эдуард Апсіт за два гады (2021—2022) падтрымаў фонд салідарнасці «Байсол» агулам на 97 тысяч еўра. Гэтыя грошы ішлі на дапамогу палітвязням і іхнім сем'ям. 

У аддзяку «Байсол» нібыта выдаў Апсіту афіцыйны ліст з пацвярджэннем факта фінансавай падтрымкі, і гэты ліст пасля быў выкарыстаны бізнэсменам для таго, каб ягоныя блізкія сваякі атрымалі гуманітарныя ДНЖ у Літве. 

БРЦ назваў сітуацыю непрыгожай схемай «данаты ўзамен на легалізацыю ў ЕС» паміж Фондам беларускай салідарнасці і сумнеўным бізнэсменам. БРЦ задаў маральнае пытанне, ці дапушчальна такое супрацоўніцтва. 

«Калі паглядзець на сітуацыю так, як гэта робіць суд, то мінімальная ўмова адкуплення віны звычайна за эканамічныя злачынствы — гэта кампенсацыя шкоды. Як мы расказвалі ў расследаванні, на адной толькі схеме ў чыгуначным дэпо кампаніі Апсіта накруцілі каля 5 мільёнаў даляраў звыш дамоўленай першапачаткова цаны, а ў латвійскім банку ў яго арыштавалі больш за 70 мільёнаў еўра па падазрэнні ў адмыванні грошай ад злачыннай дзейнасці. Дык вось, ці мог Апсіт, ахвяраваўшы 97 тысяч дэмакратычным сілам, заслужыць індульгенцыю?» — пытаўся ў гледачоў Станіслаў Івашкевіч, кіраўнік «Беларускага расследавальніцкага цэнтра». 

З улікам таго, што Апсіт — вядомы ў Беларусі чалавек, а высунутыя абвінавачанні сур'ёзныя, «Наша Ніва» праверыла іх па парадку і выявіла, што яны не знаходзяць пацвярджэння, а злачынствам называецца тое, што ім не з'яўляецца ў прынцыпе. 

Гэта нарадзіла ў нас пытанні наконт крыніцы інфармацыі пра Апсіта, а таксама і мэтаў зліву. Вы пабачыце, як мы прыйшлі да высновы, што яны былі шматхадовымі. 

Д'ябал у чатырох нулях

Магістральнае абвінавачванне, агучанае «Беларускім расследавальніцкім цэнтрам», у тым, што Эдуард Апсіт нібыта скраў на тэндары Белчыгункі 5 мільёнаў даляраў (задакументаваная лічба 9 363 500 беларускіх рублёў), а пракуратура гэты факт пакрыла, хаця факт завышэння цэн выявіў адзін з работнікаў чыгункі і напісаў заяву. 

Журналісты прыводзяць у якасці доказу адказ пракуратуры на даўні запыт аднаго з актывістаў. 

Скрыншот з відэа Беларускага расследавальніцкага цэнтра, у якім гаворыцца пра адмову пракуратуры 

Скрыншот з відэа Беларускага расследавальніцкага цэнтра, у якім гаворыцца пра адмову пракуратуры 

Калі ж азнаёміцца з усім даступным тэкстам дакумента, то можна прачытаць, што завышэнне цаны выявіў сам кантрольна-рэвізійны аддзел Белчыгункі, у выніку чаго прымусіў кампанію «Чысты свет» пералічыць 9 363 500 рублёў назад на рахунак дзяржкампаніі: «[…] зроблена карэкціроўка неабгрунтавана выплачанай ТАА «Чысты свет плюс» у адпаведнасці з дадатковым пагадненнем сумы ў памеры 9 363 500 рублёў на карысць філіяла РУП».

Такім чынам, кампанія «Чысты свет» не прысвоіла гэтыя грошы, а вярнула па патрабаванні чыгункі. Але ёсць і іншы момант.

Расследавальнікі не ўлічылі, што станам на 19 лютага 2016-га, калі і праводзілася праверка, тыя самыя 9 363 500 беларускіх рублёў, якія называюцца 5 мільёнамі, у рэальнасці былі толькі $450 далярамі, або 398 еўра. Таму што дэнамінацыя ў Беларусі прайшла летам 2016-га. 

«Беларускі расследавальніцкі цэнтр» памыліўся ў нулях, бо палічыў гэтую суму па курсе пасля дэнамінацыі. 

Сума 398 еўра для кампаніі маштабу «Чыстага свету» — гэта, хутчэй, бухгалтарская памылка.

Такім чынам, галоўнае абвінавачванне адносна «Чыстага свету» распадаецца ва ўсіх двух складніках — і ў частцы кірунку руху грошай, і ў частцы іх сумы. 

«Фіктыўныя тэндары»

Другім пунктам абвінавачвання расследавальнікаў стала тое, што нібыта кампаніі Апсітаў падманам перамагалі ў тэндарах, ствараючы фальшывую канкурэнцыю. Як прыклад, расследавальнікі дэманструюць адзін тэндар ад 2016 года на тэхнічнае абслугоўванне Рэспубліканскага клінічнага медыцынскага цэнтра.

Журналісты сцвярджаюць, што знайшлі дзевяць такіх тэндараў, але не даюць на іх спасылак і не называюць дэталяў, расказваючы толькі пра адзін гэты кейс. 

«Дзяржзамову забрала кампанія «Чысты свет плюс», яе цана — 292 160 еўра, прапанова канкурэнта ўсяго на нейкія 388 еўра вышэйшая. Але гэтым канкурэнтам была «Кіраўнічая кампанія Фасіліком». То-бок звязаныя адна з адной фірмы імітавалі канкурэнцыю на таргах. Мы знайшлі дзевяць такіх, па сутнасці, фіктыўных закупак», — гаворыцца ў фільме БРЦ. 

Рэзюмуецца, што «ў выніку фіктыўных таргоў цана знізілася толькі на 0,1%». 

Скрыншот з відэа «Беларускага расследавальніцкага цэнтра». Пратакол выбару пераможцы на тэндары 

Скрыншот з відэа «Беларускага расследавальніцкага цэнтра». Пратакол выбару пераможцы на тэндары 

Аднак на сайце дзяржзакупак мы знайшлі, што апісанне тэндара ў фільме не адпавядае рэчаіснасці.

(Непасрэдную спасылку даць немагчыма праз інтэрфейс сайта, але любы карыстальнік можа знайсці тэндар па гэтым адрасе, увёўшы УНП медыцынскага цэнтра і клінінгавай кампаніі «Чысты свет плюс» або адшукаўшы па нумары AU20160928078786.) 

У рэальнасці тэндар праходзіў у форме аўкцыёну: кожны ўдзельнік прапаноўваў ніжэйшую цану і бачыў цану канкурэнтаў.

У ім хацела ўдзельнічаць пяць кампаній, дапушчана было чатыры, а прыйшлі на яго тры. Кампаніі Эдуарда Апсіта канкуравалі з дзяржаўным РУП «Белэз», якое належыць Кіраўніцтву спраў Лукашэнкі. 

Скрыншот з тэндарных дакументаў, які дэманструе колькасць дапушчаных удзельнікаў аўкцыёну і першую цану

Скрыншот з тэндарных дакументаў, які дэманструе колькасць дапушчаных удзельнікаў аўкцыёну і першую цану

А стартавая цана была не 620 тысяч, а 716. Магчыма, расследавальнікі проста не разабраліся, што гэта была закупка ў форме аўкцыёну, а не ў форме конкурсу прапаноў. 

Атрымліваецца, што цана была не накручана, а зніжана з першапачатковых 716 да 539 тысяч рублёў. Фактычная цана кантракта ў выніку склала 619 тысяч рублёў з улікам гэтак званай цэнавай прэферэнцыі (гэта механізм, які абараняе мясцовыя кампаніі праз спецыяльную льготу ў 15%, калі паслугі ці тавары вырабленыя на тэрыторыі Беларусі, а не пастаўленыя з-за мяжы). 

Адзін крок на аўкцыёне быў 716 рублёў — 0,1% ад сумы. Цэны на такім аўкцыёне рухаюцца ўніз: хто прапануе больш выгадную.

Рухаючыся па 716 рублёў за стаўку, канкурэнты датаргаваліся да 539 (619) тысяч. Далейшае зніжэнне цаны «Белэз» палічыў камерцыйна немэтазгодным і не стаў перабіваць стаўку «Чыстага свету плюс». 

Такім чынам, дзяржаўная ўстанова заплаціла менш, чым была гатовая ад пачатку, на 97 тысяч рублёў, або на 15%. 

Расследавальнікі не залезлі ў архіў тэндараў або не разабраліся ў яго змесце, прывялі факт пра дзве афіляваныя кампаніі і назвалі тэндар «фіктыўнымі закупкамі». 

Пратакол аўкцыёну з дакументаў на сайце дзяржзакупак

Пратакол аўкцыёну з дакументаў на сайце дзяржзакупак

Але аўкцыён, як мы паказалі вышэй, быў не фіктыўным, а рэальна канкурэнтным. Што да ўдзелу дзвюх афіляваных кампаній у тэндары, то гэта не забаронена беларускім заканадаўствам.

У чым сэнс хадзіць на аўкцыёны дзвюма кампаніямі, «Нашай Ніве» патлумачыў бізнэсовец, дасведчаны ў змаганні за дзяржаўныя тэндары. 

«Аўкцыён — самая сумленная форма дзяржаўных тэндараў, пры ёй усе бачаць цэны канкурэнтаў і перамагае самая нізкая прапанова. Там ты можаш сыграць несумленна, толькі нейкім чынам не дапусціўшы канкурэнтаў, але гэта амаль немагчыма», — тлумачыць наш суразмоўца, які ўдзельнічаў у сотнях дзяржаўных таргоў.

«У дзеяннях Апсіта я бачу звычайную перастрахоўку, — кажа ён. — Вы бачыце, што канкурэнцыя на рынку была даволі маленькая. Мала хто быў тады такім жа вялікім і мог гуляцца на паніжэнне на дзяржаўных аўкцыёнах, пакідаючы сабе прымальную выгаду. І ён, як цэнтральны гулец рынку, страхаваў свой час. Калі мы дапускаем, што на аўкцыён ніхто не з'явіцца, апроч цябе, то ён не адбудзецца. Будзе абвешчаны новы, там будзе тое самае, потым яшчэ адзін, і толькі потым клініцы будзе дазволена правесці закупку з адной крыніцы. 

Гэта ўсё час, якога часта няма ні ў кампаніі, ні ў замоўцы. 

Страхуючы гэта, ты ідзеш на тэндар дзвюма сваімі кампаніямі, каб ён адбыўся. Гэта заведзеная практыка, і «госы» часта самі просяць: «ідзіце дзвюма сваімі кампаніямі, каб мы правялі тэндар з першага разу». У іх часавыя рамкі на выкарыстанне бюджэту. Калі яны не ўкладуцца, яны не патрацяць», — тлумачыць бізнэсовец.

«Таксама часам на аўкцыёны ходзяць дзвюма сваімі кампаніямі, таму што па вышэйшай цане табе будзе выгадней у гэты момант выканаць кантракт адной кампаніяй, па ніжэйшай цане — іншай кампаніяй.

Таксама ў законах ёсць норма, што калі пераможца таргоў не можа выканаць кантракт, то ён пераходзіць да кампаніі, якая заняла другое месца. Думаю, у гэтым выпадку мела месца адна з гэтых перастраховак», — дадаў іншы бізнэсмен. 

Рэзюмуем, што апісаны расследавальнікамі кейс не быў ані незаконным, ані неканкурэнтным. 

Мыйшчык Крамля 

Яшчэ адным закідам у бок Эдуарда Апсіта было тое, што ён нібыта замяшаны ў картэльнай змове на расійскім клінінгавым рынку ў пары з Яўгенам Прыгожыным. А таксама тое, што Апсіт звязаны з выкананнем тэндараў у расійскіх казармах у акупаваным Крыме і ў Крамлі. 

У 2017 годзе Федэральная антыманапольная служба Расіі выявіла картэльную змову на закупках у інтарэсах расійскага Мінабароны. 

Сэнс у тым, што ўдзельнікі тэндараў дамаўляліся не канкураваць на закупках, каб пакінуць большыя цэны. Так кампаніі дзеляць рынак і атрымліваюць лепшыя цэны за паслугі. 

Скрыншот з відэа «Беларускага расследавальніцкага цэнтра». БРЦ настойваў на сувязі Эдуарда Апсіта і Яўгена Прыгожына 

Скрыншот з відэа «Беларускага расследавальніцкага цэнтра». БРЦ настойваў на сувязі Эдуарда Апсіта і Яўгена Прыгожына 

Адна група замяшаных у змове кампаній у выніку належала Прыгожыну, другая — нейкай Людміле Чакарая.

Расследавальнікі кажуць, што сутнасць у ёй. Яна звяно, бо Чакарая некалі працавала на «Фасіліком» — расійскую кампанію Апсітаў, якой належаць гандлёвыя знакі «Чысты свет» і «Чысты свет. Робім свет чысцейшым». 

«Наша Ніва» выявіла, што і гэта не так. 

Чакарая звязаная з Апсітамі толькі тым, што некалі яе старая кампанія «Інтэгрыці сэрвіс» была адной са шматлікіх франчайзі «Чыстага свету». 

Франчайзінг працуе так: ёсць вялікая паспяховая кампанія, якая добра прадае свае тавары ці паслугі праз дасканалыя метады кіравання, высокую якасць і мае пазнавальны брэнд. 

І з цягам часу дробныя кампаніі з гэтай жа сферы могуць за грошы купіць права працаваць пад гэтым брэндам і па схемах кампаніі, на якую яны раўняюцца.

Так прасцей заходзіць на рынак у традыцыйных сферах, гэта масавая з'ява. 

Так, напрыклад, працуюць рэстараны «Макдональдс», кавярні «Старбакс», інтэлектуальная гульня «Мазгабойня», выданні The Village і гэтак далей.

Уласнік франчайзі толькі абавязуецца не адыходзіць ад стандартаў кампаніі ў бізнэс-працэсах, а таксама аддаваць нейкі, як правіла, сціплы працэнт ад прыбыткаў за выкарыстанне брэнда. Кампанія — прадавец правоў можа зарабляць на сваіх франчайзі, таксама пастаўляючы ім выключна свае матэрыялы, ІТ-рашэнні і тэхніку. Гэта ўсё залежыць ад сфер. 

І вось Людміла Чакарая ў нейкі момант была кіраўніком кампаніі «Інтэгрыці Сэрвіс», якая купіла (або арандавала) у «Фасіліком» Апсітаў (кампаніі — уласніцы гандлёвых марак «Чысты свет» і «Чысты свет. Робім свет чысцейшым») права выкарыстоўваць гандлёвыя маркі. 

Калі мы паглядзім публічныя расійскія базы, то пабачым, што асноўны задэклараваны від дзейнасці кампаніі «Фасіліком» у Расіі — гэта арэнда інтэлектуальнай уласнасці. 

Набраўшыся досведу, Чакарая адмовілася ад франчайзінгу, заснавала іншую кампанію — «Коралклін», якая ўжо не была франчайзі «Чыстага свету», і ніякага дачынення да брэндаў не мела.

Гэтая кампанія і была заўважаная ў картэльнай змове з кампаніямі Прыгожына. 

Такім чынам, як Эдуард Апсіт звязаны з Прыгожыным? Іх звязвае толькі тое, што Прыгожын у 2015-м вёў справы з жанчынай, якая некалі раней была франчайзі «Чыстага свету». Гэта значыць, ніяк не звязаны. 

Таксама паведамляецца, што адна з кампаній, нібыта звязаных з Апсітамі, «Флагман клін», выконвала замовы па мыйцы казармаў у акупаваным Крыме ў 2015 годзе. 

Але «Флагман клін» таксама была толькі франчайзі-кампаніяй. 

І ці ведаў у 2015 годзе Апсіт аб тым, што ягоны франчайзі выконвае замовы ў Крыме? І ці мог ён на яго ўплываць?

Прыборкай канцэртнага палаца Крамля таксама займалася франчайзі. 

«Чысты свет» — гэта насамрэч цікавы прыклад беларускага бізнэс-поспеху на рынку паслуг ва Усходняй Еўропе. Ëн быў адным з першых, хто распаўсюдзіў франшызу на расійскі клінінгавы рынак у 2000-я, на якім тады было ўсяго пару гульцоў. 

Не дзіўнае ў тым, што і сёння большасць менеджараў на расійскім рынку — гэта выхадцы з тых некалькіх кампаній, з якіх усё пачыналася, або іх былыя франчайзі. 

«Бізнэс квітнеў дзякуючы хабарам»

На карысць гэтага абвінаваўчага тэзіса БРЦ прыводзіць выпіскі з баз, у якіх фігуруюць асобныя чыноўнікі і тагачасны дырэктар «Чыстага свету» Валерый Гатоўчык. 

Вось скрыншоты, якія прыведзеныя ў сюжэце як аргументы на карысць карупцыйных перамог. 

«Кісель Д.М., працуючы намеснікам генеральнага дырэктара па агульных пытаннях і ідэалагічнай рабоце ААТ «Мінск Крышталь», маючы адзіны намер, накіраваны на завалоданне шляхам падману грашовымі сродкамі Гатоўчыка В. В. на агульную суму 500 даляраў ЗША […] ў якасці падзякі за нібыта зробленыя дзеянні, звязаныя з аказаннем садзейнічання прадпрыемству ў своечасовым пагашэнні крэдыторскай запазычанасці […]», — гаворыцца ў адной выпісцы. 

 

«[…] працуючы начальнікам аддзела арганізацыі закупак фінансавага дэпартамента ЗАТ Банк ВТБ, завалодаў грашовымі сродкамі [2500 даляраў], перададзенымі дырэктарам ААТ «Чысты свет» Гатоўчыкам В.В. пад уздзеяннем падману ў якасці падзякі за нібыта раней учыненыя дзеянні, звязаныя з аказаннем садзейнічання прадпрыемству ў працэдуры закупкі па выбары пастаўшчыка паслуг па эксплуатацыйным і тэхнічным абслугоўванні будынкаў […]», — гаворыцца ў іншай выпісцы. 

«Галоўны інжынер ДУ «Рэспубліканскі клінічны медыцынскі цэнтр» Кіраўніцтва спраў прэзідэнта Любчук Л.А. у лютым 2019-га […] прыняла для сябе ад Вугальніка А.Л., які дзейнічаў у інтарэсах ТАА «Чысты свет плюс» і яго прадстаўнікоў, грашовыя сродкі ў суме 500 даляраў ЗША за лаяльнае стаўленне пры прыёмцы работ, якія выконваюцца ТАА «Чысты свет плюс» […]», — гаворыцца ў трэцяй выпісцы. 

Але што насамрэч даказваюць гэтыя выпіскі? 

«Фабулы сама меней дзвюх з іх гавораць пра тое, што названыя ў іх чыноўнікі вымагалі хабары з супрацоўніка кампаніі «Чысты свет» за спрыяльнае вырашэнне пытанняў і самі сталі фігурантамі крымінальных спраў. Там літаральна гэта і напісана», — пракаментаваў «Нашай Ніве» скрыншоты былы супрацоўнік органаў унутраных спраў. 

Мы таксама звярнуліся па доступ у базы адносна гэтага чалавека і даведаліся, што Валерый Гатоўчык у выніку быў асуджаны.

У маі 2021-га суд Ленінскага раёна Мінска прысудзіў яму два з паловай гады калоніі ўзмоцненага рэжыму па артыкулах ч. 1 і ч. 2 арт. 431 (дача хабару). 

Але з важнай прыпіскай — «у рамках ч. 1 арт. 14 КК Рэспублікі Беларусь» (замах на злачынства). Гэта азначае, што яго судзілі не за дачу хабара, а за намер яго даць. 

У выпісцы, якую мы атрымалі дзякуючы «Кіберпартызанам», гаворыцца, што суд залічыў Гатоўчыку паўгода ў СІЗА КДБ у 2019 годзе. 

Такім чынам, Гатоўчыка ў 2021-м асудзілі за справу, якой у 2019-м не далі ходу. У 2019-м дырэктара «Чыстага свету» паўгода пратрымалі ў СІЗА КДБ і адпусцілі, і ён працягнуў працу. Але праз два гады, пасля 2020-га, гэтую справу, аснова якой — туманны «намер даць хабар», па нейкай прычыне дасталі з шуфляды.

Пры гэтым згаданы чыноўнік не панёс пакарання.

Дзмітрый Кісель, які «ўвёў Гатоўчыка В.В. у зман, маючы адзіны намер на завалоданне шляхам падману грашовымі сродкамі», прысуду не атрымаў. Справа супраць яго была спынена, як гаворыцца ў базах, «за адсутнасцю ў дзеянні саставу злачынства» і «ў сувязі з дзейсным раскаяннем». Яго нават не арыштоўвалі.

Дарэчы, Дзмітрый Кісель, перш чым заняць пасаду ў «Мінск Крышталь групе», выйшаў на пенсію ў званні палкоўніка Міністэрства ўнутраных спраў з пасады начальніка штаба УУС Брэсцкага аблвыканкама.

У нас ёсць версія — палітычная, чаму пра забытую справу ўспомнілі ў 2021 годзе. Але наяўнай інфармацыі мала, каб нешта сцвярджаць.

А што па грашах? 

Аналізуючы агучаныя ў расследаванні лічбы, можна канстатаваць, што прыпісаныя Эдуарду Апсіту касмічныя прыбыткі ў дзясяткі мільёнаў даляраў на беларускіх і расійскіх дзяржаўных закупках моцна перабольшаныя расследавальнікамі. 

Аўтары расследавання не пабачылі розніцы паміж выручкай і прыбыткам, а таксама не зразумелі, хто ў шэрагу выпадкаў быў бенефіцыярам і ў якім памеры. 

Так, сцвярджэнне пра «заробленыя як мінімум 50 мільёнаў еўра на дзяржаўных сацыяльна значных аб'ектах» у Беларусі не ёсць праўдзівай ацэнкай.

Сума кантрактаў у 50 мільёнаў еўра (названая ў відэа лічба з улікам памылак у нулях недакладная) не азначае, што столькі ж і зароблена. Гэта азначае, што на гэтую суму дзяржкампаніям было аказана паслуг. Гэта выручка, даход, а не прыбытак. 

Што датычыць названых лічбаў прыбыткаў на дзяржтэндарах у Расіі (100 мільёнаў еўра), то тут гэта ў значнай ступені выручка франчайзі, якія плацілі кампаніі Апсіта працэнт ад прыбытку, які нам невядомы.

Сам «Чысты свет» на сваім сайце ганарыцца супрацоўніцтвам з буйнымі заводамі, у прыватнасці з «Кока-Колай», а таксама камерцыйнымі банкамі ды іншымі. Некалькі нашых суразмоўцаў з ліку прыватнага беларускага бізнэсу пацвердзілі, што гадамі былі кліентамі кампаніі «Чысты свет» у Беларусі.

Такім чынам, даходы кампанія атрымлівала не толькі ад дзяржаўных структур. Па даступнай нам інфармацыі, доля даходаў ад дзяржаўных заказчыкаў у некаторыя гады складала ўсяго 2% ад агульных даходаў кампаніі.

Уладкаванне гастарбайтараў

Што з абвінавачанняў, агучаных у расследаванні, застаецца?

На думку «Нашай Нівы», праўдападобная гісторыя, якая згадваецца ў расследаванні — уладкаванне на працу ў Расіі нелегальных мігрантаў з Цэнтральнай Азіі.

Пра яе можна даведацца літаральна з пары вельмі даўніх крыніц. У іх гаворыцца, што ў Расіі прайшлі рэйды па гандлёвых цэнтрах, у выніку чаго было затрымана 300 іншаземцаў, а таксама адказныя асобы нейкай клінінгавай кампаніі, якіх адпусцілі пасля кароткіх допытаў. 

Назва кампаніі не паведамляецца, аўтары паведамлення толькі выказваюць здагадку, што гаворка можа ісці пра нейкія кампаніі пад брэндам «Чысты свет», у прыватнасці — «Фасіліком». 

Але пра існаванне крымінальнай справы і асуджаных па ёй нічога не вядома. А сам тэрмін «нелегальныя мігранты з Сярэдняй Азіі» — гэта троху штучная моўная канструкцыя, таму што віз для ўезду ў Расію грамадзянам Узбекістана, Кыргызстана, Таджыкістана не трэба. 

БРЦ інкрымінуе Апсіту таксама разавае парушэнне антыманапольнага заканадаўства ва Украіне — афіляваныя кампаніі заявіліся на тэндар і прадалі тэхніку. У выніку за гэта быў прысуджаны штраф 1500 даляраў. 

У гэтых украінскіх кампаніях, якія займаліся пастаўкамі тэхнікі, Апсіту належала 1,24% і 3,12% долі адпаведна. 

І расследавальнікі падаюць як мутны факт тое, што ў 2017 і 2019 гадах і гэтыя працэнты яму належаць перасталі. 

Эдуарда Апсіта ў мінскіх бізнэс-колах хваляць за тое, што ў Беларусі яму ўдалося стварыць такую дыстрыб'ютарскую сетку «Кэрхера», што галаўная кампанія ў выніку яе выкупіла. Можа, і ва Украіне было тое ж самае? Але мы не ведаем. 

У любым выпадку ў продажы доляў у бізнэсе няма крыміналу — калі толькі расследавальнікі не лічаць сам факт прыватнай ініцыятывы ці багацця амаральным.

Дзе, магчыма, зарыты сабака 

БРЦ сцвярджае, што «латвійская пракуратура падазрае Апсіта ў адмыванні 73 мільёнаў еўра праз звязаныя фірмы». І тут, магчыма, зарыты галоўны сабака гэтай гісторыі, з якога ўсё і пачалося. 

Абставін справы ў Латвіі «Наша Ніва» не ведае. Прадстаўніца латвійскай пракуратуры, якой даецца слова ў сюжэце БРЦ, гаворыць неканкрэтна. 

«Магу пацвердзіць, што цяпер у судзе знаходзіцца дзве крымінальныя справы, у якіх дзяржаўнае абвінавачанне падтрымліваюць два пракуроры пракуратуры Рыжскай судовай акругі. Агулам у рамках гэтых разбіральніцтваў былі арыштаваныя сродкі на сумму 73 мільёны еўра. Рух гэтых сродкаў устаноўлены, як і бенефіцыярныя ўласнікі. На жаль, пакуль справа ў судзе, пракуратура не можа даць дадатковых каментарыяў», — сказала пракурорка, не назваўшы ні назваў кампаній, ні сэнсу абвінавачанняў, ні імёнаў фігурантаў працэсу. 

Калі дапусціць, што гаворка ідзе пра кампаніі Эдуарда Апсіта, то адкрываецца вось такая гісторыя. 

Каб зразумець яе, трэба арыентавацца ва ўсёй багатай гісторыі латвійскай банкаўскай справы і лёсе банка ABLV, у якім Апсіт трымаў грошы. 

Некалі гэты банк стаў папулярным сярод беларускіх бізнэсменаў, таму што працаваў з беларускім рублём і дазваляў адкрываць рахункі нерэзідэнтам. Гэта былі часы, калі ў Беларусі здарыліся праблемы з валютай для забеспячэння валютных кантрактаў, множнасць курсаў у некаторыя моманты была той рэальнасцю, у якой жылі. 

«У свой час рахункі ў гэтым банку трымалі многія беларускія камерсанты. У іх быў нармальны сэрвіс, рускамоўнае абслугоўванне, — расказвае нам адзін з бізнэсменаў, у якога ў гэтым банку таксама заблакаваны сродкі, хоць ён ніколі не вёў спраў у Расіі ці ва Украіне. — Не была тады патрэбна Швейцарыя, дзе ніхто не гаварыў з табой на адной мове і грошы хадзілі вельмі доўга. Была свая, латвійская Швейцарыя, яна так і называлася між сабой.

Ты сядзіш у рэстаране з партнёрам у Мінску, дамаўляешся аб здзелцы і можаш адразу перакінуць грошы з рахунку сваёй латвійскай кампаніі на рахунак ягонай латвійскай кампаніі.

Грошы ляжалі ў прыстойнай юрысдыкцыі і да іх не маглі дацягнуцца нашы органы. У недатыкальнасці сваіх грошай у беларускім банку мы ніколі былі не ўпэўненыя.

А потым нас накрыла за чужыя грахі», — расказвае гісторыю банка наш суразмоўца з Мінска. 

Далей гісторыя была такая. Мінфін ЗША ў сярэдзіне 2010-х пачаў падазраваць ABLV у правядзенні плацяжоў злачынцамі і шукаць нагоду закрыць банк. Перадусім банк падазравалі ў адмыванні расійскіх грошай: ABLV сапраўды быў не асабліва пераборлівы ў аперацыях.

У выніку сцвярджалася, што праз банк хадзілі плацяжы ў інтарэсах Паўночнай Карэі, а таксама лацінаамерыканскіх наркакартэляў, банкам для вываду сродкаў з Украіны карыстаўся круцель з атачэння Януковіча. 

Больш пра абвінавачанні ў адрас гэтага банка можна прачытаць тут

Амерыканцы «забілі» гэты банк, забараніўшы яму працаваць з далярам, што выклікала рэакцыю Еўрапейскага цэнтрабанка. Латвіі не засталося нічога іншага, як замарозіць грошы ABLV і пачаць яго ліквідацыю. 

«Гэта, фактычна, унікальная гісторыя ў банкаўскай справе. Звычайна, калі памірае банк, то ва ўсіх куфрах з надпісам «золата» толькі пыл. А тут банк завалілі ў самым росквіце сіл. У ім было некалькі мільярдаў еўра на момант спынення дзеяння банкаўскай ліцэнзіі», — тлумачыць беларускі банкір.

Пасля пазбаўлення ліцэнзіі гэтыя грошы не зніклі, а засталіся ў арганізацыі ў стадыі ліквідацыі, якая раней была банкам.

У першую чаргу кампенсацыю сталі атрымліваць фізічныя асобы ў рамках гарантаванай кампенсацыі ўкладаў да 100 тысяч еўра. А вось тыя, у каго ў банку былі мільёны еўра на рахунках кампаній, аказаліся ў складаным становішчы. 

«Справы беларусаў не гучалі ў амерыканскіх абвінавачаннях ABLV. Але здарылася класічная гісторыя. Банк у ліквідацыі разлічыўся са сваімі «фізікамі», а аддаваць грошы чужым «юрыкам» не хоча.

У многіх беларусаў там завіслі грошы. І цяпер для ўсіх агульная працэдура. Праз тое, што банк афіцыйна грохнулі за адмыванне і мутныя плацяжы, то латвійскія структуры па змоўчанні лічаць усе завіслыя грошы атрыманымі злачынным шляхам. Па насамрэч мутныя грошы ніхто не прыйшоў і, імаверна, не прыйдзе. Латвійцы гэта ўбачылі і развілі гісторыю ў тое, што, каб забраць грошы, трэба падаць доказы, што яны заробленыя сумленна. 

У некаторых выпадках для гэтага трэба падаваць дакументацыю 10-гадовай даўніны, гледзячы, калі ты заводзіў туды сродкі», — тлумачыць сітуацыю наш суразмоўца з бізнэсу, якому латвійскі банк вінаваты некалькі соцень тысяч еўра. 

«Усе аказаліся па змоўчанні падазраванымі, і маса народу судзіцца з латвійцамі і пакрысе перамагае, дастаючы і паказваючы дакументы. Ужо вырасла цэлае пакаленне юрыстаў, якія спецыялізуюцца толькі на суправаджэнні такіх працэсаў. У чарзе стаіць мноства народу, а эканамічныя суды з латвійцамі цягнуцца гадамі. Тое самае, напэўна, адбываецца з Апсітам.

Я перакананы, што сэнс разбіральніцтва не ў існаванні нейкай крымінальнай справы на яго па фактах злачынстваў. Наадварот, гэта ён даказвае легальнасць заробленых грошай, бо ў латвійскім заканадаўстве сродкі можна арыштоўваць без рашэння суда, а толькі па падазрэнні.

Адпаведна, цяпер яны б'юцца: адны хочуць даказаць, што грошы нячыстыя і пакінуць сабе, а другі даказвае, што чыстыя, таму ён можа іх забраць. 

Чалавек 30 гадоў будаваў паспяховы бізнэс, які разросся на тры краіны. Нават калі лічыць, што абслугоўваць дзяржаўныя кампаніі ў нас стала лічыцца не камільфо на фоне падзей 2020—2022 гадоў, то яго кампаніі за 30 гадоў зарабілі масу грошай і на абслугоўванні камерцыйных арганізацый. Гандлёвых сетак, заводаў. Мы яму кантракты давалі таксама», — расказаў «Нашай Ніве» іншы бізнэсмен. 

Агулам чатыры апытаныя «Нашай Нівай» бізнэсоўцы лічаць, што першапачатковы інтарасант дыскрэдытуючага артыкула пра беларускага бізнэсмена — гэта той, хто зацікаўлены ў тым, каб не аддаваць грошы Апсіту. 

«Зараз пракуроры будуць махаць гэтымі відэа ў судзе і крычаць, што ўсё даказана. Дарэчы кажучы, у нашых банкаўскіх колах ёсць устойлівае адчуванне, што беларускія органы атрымалі і выкарысталі інфармацыю пра кампаніі і рахункі, звязаныя з [Віктарам] Бабарыкам у ABLV, таму што гэтая інфармацыя фігуравала ў абвінавачанні.

А ў эканамічным судзе Латвіі аргумент просты: калі недзе судзімы па эканоміцы — значыць, вінаваты, значыць, злачынца, значыць, грошы нячыстыя, значыць — не аддаём.

Так што Бабарыка цяпер ужо наўрад ці забярэ свае грошы з былога ABLV. І няма ніякага сакрэту ў тым, што латвійцы некалькі гадоў таму самі выдалі беларускім органам усю інфармацыю па рахунках фізічных асоб у ABLV, і праз допыты ў ДФР і АБЭЗе прайшлі сотні чалавек», — расказаў нам сваё бачанне беларускі банкір.

«А зліў інфармацыі пра нібыта данаты ў фонды беларускай салідарнасці — гэта ўвогуле подласць. Выглядае так, што латвійцы рукамі беларускіх журналістаў падводзяць пад крымінальную адказнасць беларускі бізнэс, каб знайсці аргумент не аддаваць грошы.

Бо вядома, што калі лукашэнкаўцы Апсіта за гэта захочуць пакараць, то справу завядуць па эканоміцы, а не па палітыцы. А значыць, з'явіцца легальная і «чыстая» прычына абвясціць яго грошы нячыстымі і не вярнуць іх», — дадаў сваё ўражанне іншы бізнэсмен. 

Пра тое, што інфармацыю яны атрымалі ад латвійцаў, у эфіры «Еўрарадыё» расказаў і сам аўтар расследавання БРЦ Аляксандр Ярашэвіч. 

«Першапачаткова з намі звязаліся нашы партнёры з Латвіі, нашы калегі, выданне Re:Baltica, сказалі, што, вось, цяпер у судзе ёсць некалькі спраў, дзе асноўны фігурант — беларускі бізнэсовец Эдуард Апсіт. Латвійскія ўлады арыштавалі ягоныя сродкі … і падазраюць яго ў адмыванні грошай праз такі скандальны банк ABLV. І папрасілі ў нас дапамогі, падключылі беларусаў — «Беларускі расследавальніцкі цэнтр», а таксама калег з Украіны, такое выданне «Слідство.Інфо», і калег з Расіі, выданне «Важные истории», — сказаў Ярашэвіч. 

З 17 хвілін і 20 секундаў першага расследавання на агучванне пазіцыі Эдуарда Апсіта адвялі 30 секунд, зачытаўшы яе голасам дыктара ў духу «ён усё адмаўляе». 

«Наша Ніва» спрабавала атрымаць інфармацыю ад самога бізнэсмена. Што ж, сапраўды, адносна данатаў? Былі яны ў такім памеры ці не? Ці ліст аб данатах — містыфікацыя зацікаўленага боку з мэтай справакаваць крымінальны пераслед структур Апсіта ў Беларусі?

Блізкія да бізнэсмена асобы сказалі, што той цяпер не дае журналістам ніякіх публічных каментароў.

«Наша Ніва» запытала «Беларускі расследавальніцкі цэнтр», ці ён сапраўды не заўважыў нулёў да дэнамінацыі і чаму напісалі пра дзве кампаніі на тэндары, калі іх было больш. Мы апублікуем адказ, як толькі яго атрымаем.

Гонар, годнасць і рэпутацыя

У расследаваннях БРЦ былі паказаныя кадры нерухомай маёмасці ў Еўрасаюзе, якая належыць Апсіту (дамы ў Юрмале і Італіі), названыя іх шасцізначныя кошты — 1 і 3,5 млн еўра адпаведна, — з пасылам, што 97 тысяч еўра ў фонд салідарнасці з рэпрэсаванымі — гэта чаявыя на фоне тых сум, якія Апсіт траціў на самога сябе. 

Сукупна два відэазапісы сабралі 64 тысячы праглядаў на ютубе, у тэкставай версіі іх пераставілі многія беларускія і замежныя медыя, у тым ліку расследавальніцкі рэсурс OCCRP.

У сацыяльных сетках наконт гэтага выказваліся тыя, хто жыве ў замежжы і можа дазволіць сабе выказвацца. Хтосьці заклікаў да санкцый. 

Заснавальніку «Байсола» Андрэю Стрыжаку прыйшлося ў нейкім сэнсе апраўдвацца ў фэйсбуку. Але ніхто з датычных да «Байсола» функцыянераў не пацвердзіў факта данатаў Апсіта публічна, сказаўшы, што асобы ахвярадаўцаў — таямніца. 

Віціс Юрконіс, кіраўнік літоўскага прадстаўніцтва амерыканскй арганізацыі Freedom House, якая дапамагае беларусам-уцекачам у Літве і да якой з гарантыйным лістом нібыта звярталіся сваякі Эдуарда Апсіта, сказаў, што калі ўсё так і было, то грамадскія ініцыятывы павінны думаць, з кім супрацоўнічаюць. 

Пры гэтым абвінавачанні ў адрас Эдуарда Апсіта — гэта памылкі або нацяжкі. Але ў выніку гэтых памылак і нацяжак рэпрэсіўныя органы Лукашэнкі атрымалі «халяўны» публічны данос. Трэці ж, магчыма, галоўны бенефіцыяр гэтай гісторыі, можа толькі паціраць рукі. Ëн мае надзею пажывіцца чужымі мільёнамі, а беларусы рассварыліся між сабой. 

«Нашай Ніве» стала вядома, што і сам бізнэсовец, і ягоныя ўкраінскія партнёры рыхтуюць пазовы ў суд на «Беларускі расследавальніцкі цэнтр». 

Хто з намі, а хто супраць нас?

Гэтая справа таксама добрая нагода, каб узняць пытанне пра тое, які бізнэс справядліва называць звязаным з лукашэнкаўцамі, а які — не.

Любы прыватны бізнэс, які працуе ў Беларусі, у той ці іншай форме ўзаемадзейнічае з дзяржаўнымі органамі і структурамі.

Аднак выплата падаткаў ці выкананне замоў для дзяржструктур не заўсёды азначаюць сувязь з сям'ёю ці набліжанымі Аляксандра Лукашэнкі.

Ëсць бізнэс, канцавымі бенефіцыярамі якога выступаюць топавыя персанажы рэжыму, але гэта абсалютная меншасць беларускага прыватнага сектара.

Ніхто ў прыватным сектары не можа публічна і адкрыта фінансаваць незалежныя ініцыятывы, нават непублічнае іх фінансаванне патрабавала і патрабуе вялізнай смеласці і нават самаахвярнасці.

У выпадку публічных абвінавачанняў бізнэсменам нават няма як апраўдацца, бо прызнанне самога факта данату нясе пагрозу сям'і і супрацоўнікам бізнэсоўца, які данаціў.

Пры гэтым сам факт разгалошвання інфармацыі, што нехта данаціў на «Байсол» — данаціў ён ці не данаціў, яшчэ дакажы, але напісалі, што данаціў, — непапраўны ўдар па даверы да фундацый салідарнасці. Ніхто з вялікага бізнэсу не будзе данаціць у «Байсол» ці іншыя падобныя структуры, калі інфармацыя, хто данаціць, зліваецца, і твой бізнэс, твае сваякі, твае менеджары аказваюцца пад смяротнай пагрозай.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?