Гарадзенка Юлія Сліўко ў Варшаве, Польшча, 5 мая 2023 года. Фота: Міра Ляселішская / «Белсат»

Гарадзенка Юлія Сліўко ў Варшаве, Польшча, 5 мая 2023 года. Фота: Міра Ляселішская / «Белсат»

Падчас аднаго мітынгу Юлію Сліўко збілі сілавікі, зламалі ёй чатыры рабрыны, пагражалі пісталетам. Каб сына не забралі ў прытулак, яна мусіла з’ехаць у Польшчу. Тут жанчына займалася валанцёрствам: дапамагала беларусам, якія, як і яна, ратаваліся ад рэжыму, а пасля, з пачаткам вайны, — украінскім уцекачам. Аднак ціск працягваўся: у Беларусі пачалі пераследаваць яе родных, катаваць брата з інваліднасцю. Самой Юліі працягвалі пагражаць і запрашаць у Беларусь «пакаяцца». Тады яна вырашыла пайсці з актывізму і спыніць сувязь з роднымі.

«Я нарадзілася ва Украіне, доўгі час жыла ў Расеі, але лічу сябе беларускай»

Я вельмі доўгі час жыла ў Горадні, гэты горад вельмі люблю, ён для мяне родны. Не зважаючы на тое, што я нарадзілася ва Украіне, доўгі час жыла ў Расеі, я лічу сябе беларускай. У школе настаўніца пачатковых класаў выхоўвала нас у нацыянальным напрамку, з любоўю да Радзімы. У старэйшай школе такога ўжо не было, але пачатковая школа моцна на мяне паўплывала.

Я добра памятаю, калі мы вывучалі наш герб і сцяг. Мне цяпер 36 гадоў, а да гэтай пары ўсё вельмі адгукаецца.

Падчас падзей 2020 года мяне вывела на вуліцу жорсткасць сілавікоў. Разам з тым было такое дзіцячае радаснае адчуванне: наш сцяг вярнуўся. Я вярнулася ў сваю любімую Беларусь.

Мой бацька — карэнны ўкраінец, родам з Чарнігаўскай вобласці, дзе і я нарадзілася. Ён быў неяк у Беларусі, пазнаёміўся з маёй мамай, беларускай, яны пераехалі ва Украіну, некаторы час там жылі.

Потым бацька надумаў паехаць на залатыя капальні ў Расею, перацягнуў усю сям’ю на Далёкі Усход, у Амурскую вобласць. Мы жылі недалёка ад касмадрома Байканур. Таму я добра ведаю, што такое зіма і што такое расейскія людзі. Я хоць і была маленькая, але добра адрознівала наш беларускі вясковы двор ад усіх астатніх. У пасёлку жылі грузіны, чачэнцы і расейцы.

На нашым двары заўсёды быў свой агарод, там бегалі падсвінкі, качкі, усё было засаджана кветкамі. З двара чачэнцаў заўсёды чуліся або песні, або сваркі. У грузін заўсёды былі госці. Праз некаторы час мы з мамай вярнуліся ў Беларусь, у Горадню.

Фота: Міра Ляселішская / «Белсат»

Фота: Міра Ляселішская / «Белсат»

На працу ў «Горадняпрамбуд» я ўладкавалася ў 2006 годзе. Я расла ў незабяспечанай сям’і: мама выхоўвала чацвярых дзяцей адна. З часам адзін брат вырас і пачаў самастойнае жыццё, другі брат загінуў, нас, малых, засталося двое, але ўсё роўна маме было цяжка. На той час лічылася, што будаўнікі добра зарабляюць, таму я пайшла ў будаўніцтва. Але, як выявілася, будаўнікі зарабляюць не так і шмат. Пасля было навучанне ў політэхнічным каледжы, потым завочнае навучанне ва ўніверсітэце на псіхолага.

«У нас не атрымалася перамагчы, бо людзі былі да гэтага не гатовыя»

Перад жніўнем 2020 года было шмат размоў з калегамі, роднымі пра тое, што адбываецца. Так склалася, што ў маі памерла мая матуля — яе здароўе канчаткова падарваў каранавірус. Я тады зарабляла каля 300 долараў, усе грошы ішлі на аплату навучання, гадаванне дзіцяці, плюс, калі мама была жывая, дапамагала ёй. Мне не ставала гэтых грошай. Мне казалі, што я жыву так, бо не цікаўлюся палітыкай. Калі ў 2020 годзе я на ўласныя вочы пабачыла, як амапаўцы збіваюць чалавека, гэта стала апошняй кропляй.

Падчас пратэстаў я стала кіраўніцай страйкама «Горадняпрамбуда», выступала з прамовамі на плошчы. Я не рвалася на ролю лідара, на мяне гэтыя абавязкі ўсклалі людзі, і я выконвала гэтую ролю з усім сумленнем і адказнасцю. У нас не атрымалася перамагчы, бо людзі былі да гэтага не гатовыя. Каб перамагчы, мы мусілі за гэта змагацца, браць на сябе адказнасць, а мы проста выходзілі і хацелі атрымаць перамогу. Сёння мы прайшлі такі вялікі шлях, але да гэтай пары не да канца разумеем, што ўсё залежыць ад кожнага з нас, што кожны з нас можа быць лідарам, мусіць несці адказнасць за тое, што адбываецца, у краіне і дыяспарах.

«Мне да гэтай пары баліць»

Я з’ехала з Беларусі ў 2020 годзе. Гэтаму папярэднічалі сталыя выклікі ў Следчы камітэт, РАУС, допыт у КДБ. Пасля мне патэлефанаваў адзін са знаёмых, які працаваў у сістэме, і сказаў: усё, твой час скончыўся, наконт цябе прыйшоў загад, ты будзеш арыштаваная, а сын пойдзе ў дзіцячы прытулак. Я сказала, што я гатовая сядзець і падрыхтавала дакументы, каб маё дзіця было перададзена пад апеку родных. На што мне адказалі: свае паперы можаш засунуць сабе ў адное месца, тваё дзіця пойдзе ў прытулак, з ім зробяць усё, каб яно забылася, як цябе клічуць.

Фота: Міра Ляселішская / «Белсат»

Фота: Міра Ляселішская / «Белсат»

Я разумела, што мне трэба або з’язджаць або я буду сядзець у турме. Я доўга цягнула з выбарам, што мне даражэй: мой сын ці адчуванне таго, здрадзіла я ці не. Бо свой пераезд у Польшчу я і цяпер лічу здрадаю. Я выбрала сына, сям’ю, але здрадзіла сваім прынцыпам, поглядам і Беларусі.

Мне да гэтай пары баліць. Я вельмі сумую без Горадні, без Беларусі. Куды б мяне не занесла жыццё, заўсёды будзе хацецца дадому.

«Я прасіла родных адмовіцца ад мяне, але яны не пагаджаліся»

Пераезд быў складаным, найперш эмацыйна. Калі ты эканамічны перасяленец — гэта іншае. Палітычныя з’язджаюць у нікуды. Я разумела, што гэта чужая краіна, у мяне зусім мала грошай, я не ведаю польскай мовы, мясцовых парадкаў, жыццёвага ўкладу палякаў. Трэба было шукаць працу, а я хацела яшчэ вучыцца, развівацца. Чаго толькі я не рабіла, каб зарабіць нейкія грошы: і на будоўлі падпрацоўвала, і на уборцы — усюды, дзе плацілі грошы. Пры гэтым я старалася заставацца актыўнай у справах Беларусі, арганізоўвала акцыі ў Варшаве, гэта займала шмат часу.

Калі я з’ехала, сілавікі мяне ў спакоі не пакінулі. Мне пісалі, тэлефанавалі, пагражалі. Мяне палівалі брудам у інтэрнэце, спрабавалі настроіць супраць мяне людзей у Польшчы. Быў таксама пераслед родных: спачатку маіх цётачак — маміных сёстраў, потым, калі мой брат вярнуўся ў Беларусь, мішэнню стаў ён. 

Сілавікі яго некалькі разоў арыштоўвалі, спрабавалі прыпісаць яму крадзяжы. Яны пачалі мне распавядаць, як яны здзекуюцца з брата, патрабавалі, каб ён адмовіўся ад мяне, а ён не зрабіў гэтага. Мой брат — інвалід, у яго ампутаваныя пальцы ног, а яго распраналі, выганялі голым на вуліцу і прымушалі некалькі гадзін стаяць на марозе. Яго не кармілі некалькі дзён, ён схуднеў у два разы. Гэта суцэльны жах.

Юлія Сліўко ў сваім працоўным памяшканні. Фота: Міра Ляселішская / «Белсат»

Юлія Сліўко ў сваім працоўным памяшканні. Фота: Міра Ляселішская / «Белсат»

Пасля таго, як я адышла ад актыўнасці, стала цішэй. Можа, таму, што я больш не камунікую са сваімі роднымі. Я не ведаю, што адбываецца ў мяне дома. Я проста баюся, што з іх ізноў будуць здзекавацца. Гэта вельмі цяжка. За два гады з паловай я так і не навучылася спакойна спаць. Гэта ўсё вылілася ў праблемы са здароўем. Я прасіла родных адмовіцца ад мяне, бо гэта для іх небяспечна, але яны не пагаджаліся. Спыніць сувязь з імі — мая ініцыятыва. Мне прасцей перастаць падтрымліваць сувязь з роднымі і цешыць сябе падманам, што з імі ўсё добра.

«Калі ты робіш дабро, то мусіш умець хутка бегаць, каб гэтае дабро не дагнала цябе»

Маё валанцёрства ў Польшчы пачалося адразу з пераезду ў Варшаву. Я разумела, што сюды ад рэпрэсій едуць беларусы і ім трэба дапамагаць. Я як валанцёрка хадзіла з імі ў інстанцыі, дапамагала знаходзіць кватэры. Потым пачалася вайна, я пайшла валанцёрам у фонд «Жыве», там быў арганізаваны склад, я паўнавартасна працавала там 10—16 гадзін на дзень, дапамагала ўкраінцам і беларусам, якія прыязджалі з Украіны. Праз пэўныя абставіны я адтуль пайшла.

Праца з людзьмі — гэта заўсёды вельмі цяжка. Калі ты робіш дабро, то мусіш умець хутка бегаць, каб гэтае дабро не дагнала цябе. У пэўны момант я зразумела, што больш не магу, ні эмацыйна, ні фізічна.

«Пакрысе, вельмі цяжка, але іду да сваёй мэты — уласнага салона»

У аўтобусе з Беларусі ў Польшчу, пакуль сын спаў, я думала пра тое, чым займуся. Пастанавіла, што дакладна пакідаю будаўніцтва, бо здароўе ўжо падарвала ў Беларусі. Ісці ў псіхалогію, бо ў мяне ёсць адукацыя, я была маральна не гатовая, разумела, наколькі сама была скалечаная. І тут падумалася: у Беларусі я цікавілася манікюрам, давай, Юля, зробім гэта справай жыцця, будзем у гэтым найлепшымі, даб’ёмся поспеху, зможам зарабляць і дазваляць сабе тое, што я ніколі не магла дазволіць.

Прыехала ў Польшчу, знайшла файнага спецыяліста, украінку, каб у яе павучыцца, і гэта былі самыя дарагія курсы на той момант. Усе грошы, што я тады мела, я выдаткавала на сваё навучанне. Мне тады яшчэ дапамог сябар: ён даў грошы мне на жыццё, але я ўсё спусціла на гэтыя курсы, на набыццё ўсяго самага неабходнага. Ён доўга гэтага не разумеў, але я вельмі яму ўдзячная за тое, што ён мяне падтрымаў, што ўсе гэтыя два гады цікавіўся, што ў нас чуваць, і ніколі не папракнуў, што я патраціла яго грошы ў нікуды.

Доўгі час я працавала дома. Некалькі разоў мая кліенцкая база распадалася. Спачатку яна складалася з беларусаў, але калі я пачала выказваць пазіцыю, што я не падтрымліваю ніякіх лідараў, а падтрымліваю ідэі, мая кліенцкая база распалася, засталося толькі некалькі чалавек. Я знайшла новых кліентак, пераважна ўкраінак. Калі пачалася вайна, кліенцкая база зноў прасела, ад мяне пайшлі амаль усе ўкраінкі, хоць яны ведалі маю пазіцыю, пра маю падтрымку Украіны. Але яны не маглі змірыцца, што я беларуска. І я гэта разумею.

Я зразумела, што калі мая база зноўку распадзецца, я пайду проста жыць пад мост, бо мне не будзе чым заплаціць за кватэру, што я арандую. Вырашыла цалкам усё памяняць: зняла кабінет на дваіх, і пакрысе, вельмі цяжка, але іду да сваёй мэты — уласнага салона.

«Я зрабіла файны дызайн манікюру — і я ад гэтага кайфанула, бо пабачыла шчаслівыя вочы сваёй кліенткі»

Адкрыць фірму ў Польшчы можна за адзін дзень. Праз інтэрнэт ты дасылаеш дакументы ва ўправу на адкрыццё фірмы, наступным днём табе прыходзіць пацвярджэнне — і панеслася! Цяжкасць у тым, што тут найвышэйшы ўзровень сэрвісу. Проста адкрыць кабінет, калі ты нічога не можаш прапанаваць, нельга, бо табе будзе цяжка канкураваць з іншымі. Ты мусіш спачатку вывучыць рынак, узровень сэрвісу, які павінен быць, зразумець, наколькі ты можаш яго перасягнуць. Бо, каб да цябе ішлі, ты мусіш прапанаваць штосьці большае, чым калегі ў тваім бізнэсе.

Фота: Міра Ляселішская / «Белсат»

Фота: Міра Ляселішская / «Белсат»

Мой бізнэс спецыфічны, ён тычыцца здароўя чалавека. І ты мусіш пра гэта дбаць, а гэта ўсё дорага каштуе. Трэба было вызначыцца, які падатак я абяру. У Беларусі ты або рамеснік, або ІП. Тут такіх пазіцый хіба каля дзесяці, і ты мусіш зразумець, што з гэтага табе пасуе. Для запаўнення папер для падатковай я карыстаюся паслугамі бухгалтаркі. Але часткова вяду бухгалтэрыю сама: плачу падаткі, пралічваю свае выдаткі і патэнцыйны прыбытак.

Я працую з 8:50 да 21:00, 22:00… І так штодня, выхадны ў нядзелю, акрамя гандлёвых нядзель. У мяне яшчэ невысокі прайс, ад 100 злотых. З сакавіка мая кліенцкая база напалову напрацаваная, у большасці гэта палякі. Хацелася б, вядома, беларусаў і ўкраінцаў, але з палякамі я не так залежу ад настрояў. Для павелічэння кліенцкай базы мне не стае прасторы, мне ўжо мала нашага памяшкання: 7,5 квадрата для дваіх майстроў, плюс у нас стаіць фатэль для педыкюру. Я хачу большага: дадаць больш сэрвісу і паслуг, каб стварыць сапраўдны рай прыгажосці. Цягам года я планую памяняць памяшканне, і там з часам будзе не толькі манікюр, але цырульня, шугарынг, а яшчэ я мару, каб у маім салоне быў масажыст.

Я жыву з думкай: што б не адбывалася ў маім жыцці, я мушу заставацца чалавекам, мушу заставацца сабой. Для мяне гэты бізнэс — нешта новае, цікавае, а я люблю вучыцца, спрабаваць новае, так цікавей жыць.

Бел-чырвона-белы сцяжок у працоўным памяшканні Юліі Сліўко. Фота: Міра Ляселішская / «Белсат»

Бел-чырвона-белы сцяжок у працоўным памяшканні Юліі Сліўко. Фота: Міра Ляселішская / «Белсат»

Чалавек мусіць жыць, а не існаваць, пакутаваць ад сваіх праблем. Я вучуся, атрымліваю новыя веды, навыкі, знаёмствы. З кожнай новай праблемай ці выклікам я падвышаю сваё ўменне іх вырашаць. І я ўмею кайфаваць ад гэтага ўсяго. Я кайфую наогул ад самога жыцця. Я адправіла малога з класам у Гданьск на тры дні, хоць гэта і было для мяне дорага — 1000 злотых, але я кайфанула ад таго, што здзейсніла ягоную мару — пабачыць нейкі замак. Я зрабіла класны дызайн манікюру — і я ад гэтага кайфанула, бо пабачыла шчаслівыя вочы сваёй кліенткі. Трэба радавацца кожнай дробязі.

«Я буду жыць там, дзе будзе жыць мой сын»

Раней я казала, што вярнуся ў Беларусь пры першай магчымасці. Але цяпер мой сын кажа, што не хоча вяртацца ў Беларусь, будзе прыязджаць туды час ад часу. Мой сын Павел — гэта найлепшае, што здарылася са мной. Я выхавала мужчыну сваёй мары, і я буду жыць там, дзе будзе ён. Таму мне складана сказаць нешта пра будучыню, бо гэта залежыць ад яго.

Мой сын вельмі пра мяне клапоціцца. Я дома практычна не гатую, не прыбіраю, ката не даглядаю — гэтым усім займаецца сын. Ката, дарэчы, нам прывезлі з Беларусі, гэта наш чалец сям’і.

Я вельмі сумую без гарадзенцаў. Усе яны для мяне вельмі родныя, блізкія, свае людзі, якімі я вельмі ганаруся, якіх вельмі цаню. Я цяжка і самотна пачуваюся без іх, таму часам паглядаю ў бок Беластока, каб калісьці, магчыма, пераехаць бліжэй да іх.

Чытайце таксама:

«Баялася спытаць дарогу — па выразе твару беларусы яўна пакутуюць». Доктарка з Казахстана стала фанаткай Беларусі, а яе з трыма дзецьмі выгналі за палітыку. Але яна не журыцца

«Чаго вам на радзіме не хапала, не разумею». Беларуска напісала пра пошук працы ў Польшчы — пару каментатараў параілі ёй раскаяцца. Здагадайцеся, з якой краіны

«Бабры грызлі лес, а мы падбіралі бярвенне». Беларусы робяць у Польшчы драўляныя цацкі і набіраюць у ціктоку мільёны праглядаў

Клас
53
Панылы сорам
4
Ха-ха
6
Ого
5
Сумна
13
Абуральна
15