Паводле суразмоўцы «Флагштока», маці атрымала ад расійскага боку інфармацыю пра сына 20 чэрвеня і дамовілася, каб цела прывезлі ў Беларусь. Усе працэдуры па пахаванні яна запланавала на аўторак, 27 чэрвеня: замовіла на гэтую дату банкетную залу, паклапацілася пра месца на могілках. Але ў працэс нечакана ўмяшаўся бацька вайскоўца.

«Ён прыехаў з Расіі з жонкай і ўчыніў скандал. Жанчыне пачалі пагражаць, каб яна не хавала сына. Ала звярнулася ў міліцыю, але там ёй нічым не дапамаглі. Ніякай заявы ад яе не прынялі.

У аддзяленне міліцыі прыйшоў і бацька. Ён там у міліцыі пра нешта дамовіўся з імі».

Пратакол усё ж склалі ў той дзень, бо жанчына пачала тэлефанаваць у розныя інстанцыі ў Мінску. Тады ж яна накіравалася ў Мінск, каб забраць парэшткі сына, падрыхтоўка да пахавання працягвалася.

Разам з труной прыехаў суправаджальнік.

«Яны тэлефанавалі ў Растоў, там сказалі абавязкова пахаваць. Суправаджальнік павінен быў усё пракантраляваць, выдаць пасмяротна медаль і розныя дакументы. І ўсё».

Жанчына з суправаджальнікам прыйшла ў райвыканкам і падала ўсе дакументы, што яна маці загінулага салдата.

«У райвыканкаме [кіраўніца спраў] Валянціна Шлапакова арганізавала «кансіліум». Выклікалі [кіраўніка ЖКГ] Фурса. Усе сказалі, абавязкова хаваць. Ала працягнула падрыхтоўку да пахавання».

На наступны дзень блізкія і сябры загінулага прыйшлі развітацца з ім каля яго дома. Далей усе адправіліся на могілкі.

«І тут самае страшнае. Пад'язджаем да могілак, стаіць Фурс, стаіць Галя Кароль, вароты адчыненыя. І не пускаюць нас. Усе стаяць, людзей шмат стаіць, бус стаіць. А яны патрабуюць на могілках нейкія паперы. І прыехаў бацька Яраслава, Шлапакова, Кісялёў і зладзілі там такое, у нас ва ўсіх шок. Расіяне забралі з буса труну і павезлі ў невядомым кірунку».

«Расіяне на гэтых могілках раўлі. А хто такая гэтая жанчына — жонка бацькі Яраслава?

І нарад міліцыі стаяў і нічога не рабіў, улада стаяла і маўчала. Усю мясцовую ўладу паставілі гэтыя расіяне. Нахабна труну выцягнулі з буса, пагрузілі яго ў машыну рытуальных паслуг і павезлі», — усхвалявана распавядае суразмоўца.

Са слоў суразмоўцы, на наступны дзень жанчыну пачалі шукаць з розных інстанцый (з райвыканкама, міліцыі), каб яна падпісала паперу, што адмаўляецца хаваць сына ў Акцябрскім. Са слоў знаёмага Алы, нічога жанчына не падпісала.

Цяпер маці ведае, што парэшткі яе сына павезлі ў Расію. Яе знаёмы сцвярджае, што пытанне аб кампенсацыях перад жанчынай падчас усяго гэтага канфлікту не стаяла. З ягоных слоў, кампенсацыю атрымаюць у Расіі маці і бацька загінулага.

Прычыну, па якой чыноўнікі не далі пахаваць сына Алы, суразмоўца тлумачыць наступным чынам:

«Там на могілках тлумачылі, што не хапае нейкай паперы з ЗАГСа. Але яшчэ ў райвыканкаме Шлапакова тлумачыла, што гэтую паперу можна занесці ў сераду, пра ўсё дамовіліся. На якой падставе вывезлі труну? Хто дазволіў, гэтага мы не ведаем».

На гэты момант бацька загінулага тэлефон не бярэ, у Акцябрскім райвыканкаме каментаваць сітуацыю адмовіліся. У аддзеле ідэалогіі спаслаліся на тое, што гэтая гісторыя — асабістая справа сям'і, і кінулі трубку.

Праз трэціх асоб «Флагштоку» ўдалося даведацца версію боку бацькі — Віктара Асташкова.

Як аказалася, ён таксама незадаволены чыноўнікамі Акцябрскага райвыканкама, але падрабязнасці канфлікту невядомыя. У той жа час свае дзеянні Віктар тлумачыць жаданнем пахаваць сына ў Калузе «з усімі ўшанаваннямі».

Калі публікацыя «Флагштока» была гатовая, у сацсетках з'явілася інфармацыя ад таварышаў па службе Яраслава, што яго пахаваюць у расійскай Калузе 1 ліпеня.

Чытайце таксама:

«Цягаюць гэтую труну, як дурні». У Акцябрскі Гомельскай вобласці прывезлі цела загінулага ва Украіне вайскоўца, якога шукалі год, нават з экстрасэнсамі. Але так і не пахавалі

Пад Бахмутам загінуў яшчэ адзін беларус, які ваяваў за Расію

«Мама ў шоку». Што расказваюць знаёмыя пра беларуса з ПВК «Вагнер», якога ўкраінцы ўзялі ў палон

Клас
8
Панылы сорам
64
Ха-ха
60
Ого
4
Сумна
8
Абуральна
22