Дзеянні вагнераўцаў

Выявілася, што ваяўнічыя заявы Прыгожына не зусім блеф. Падкантрольныя яму падраздзяленні прыйшлі ў Растоў-на-Доне і ўсталявалі кантроль, прынамсі, над яго часткай.

У тэлеграм-каналах апублікавалі відэа з Яўгенам Прыгожыным у штабе Паўднёвай вайсковай акругі ў Растове-на-Доне (выглядае, што супраціву яму не аказалі). На гэтых кадрах ён вядзе перамовы з намеснікам міністра абароны Расіі Юнус-Бекам Яўкуравым.

«Мы сюды прыехалі. Мы хочам атрымаць начальніка Генштаба і Шайгу. Пакуль іх няма, мы знаходзімся тут, блакуем горад Растоў і ідзём у Маскву», — кажа Прыгожын на відэа.

Прыгожын паведаміў, што вагнераўцы захапілі штаб Паўднёвай вайсковай акругі і што расійскія самалёты працягваюць бамбіць украінцаў. Штаб яны захапілі, з ягоных слоў, каб гэтыя самалёты не бамбілі вагнераўцаў.

Таксама кіраўнік ПВК «Вагнер» паведаміў, што цалкам кантралюе Растоў, заблакаваны ўсе вайсковыя аб’екты і захоплены аэрадром.

Такі від на Будзёнаўскі праспект у Растове, дзе размешчаны штаб Паўднёвай вайсковай акругі, быў раніцай 24 чэрвеня. Уся вуліца занятая вайсковай тэхнікай.

Вайсковая тэхніка і на іншых вуліцах горада. Байцы ПВК «Вагнер» стаяць насупраць вайскоўцаў і тэхнікі Мінабароны.

Найбольшы расійскі аэрадром Мілерава пад Растовам-на-Доне, як сцвярджаецца, пад кантролем вагнераўцаў.

«Мілерава пачало лётаць па задачах. ПВК дазволіла. На борт скача адзін пэвэкашнік, каб верталёт не паляцеў, куды не трэба, і ляціць» — піша інфармаваны расійскі канал fighter_bomber.

Другі кірунак наступлення вагнераўцаў, акрамя Растова-на-Доне, — Варонеж.

Прыгожын размясціў фота раззброеных расійскіх вайскоўцаў на пагранічным пераходзе Бугаёўка ў Варонежскай вобласці. «Яшчэ 180 расійскіх вайскоўцаў і сілавікоў адмовіліся перашкаджаць дзеянням ПВК «Вагнер» і склалі зброю», — такім подпісам суправадзіў ён фота.

Калона вагнераўцаў рухаецца па Варонежскай вобласці. Там адменены ўсе масавыя мерапрыемствы.

Пры гэтым сцвярджаецца, што перасоўванню калон нібыта спрабуюць перашкодзіць Паветрана-касмічныя сілы Расіі, і вагнераўцы некалькі паветраных аб'ектаў ужо нават збілі.

Прыгожын сцвярджае, што яго найміты збілі ўжо тры паветраныя аб’екты, якія спрабавалі атакаваць іх калоны.

У расійскіх вайсковых пабліках гавораць пра два збітыя верталёты радыёразведкі і Мі-35.

«Збіта два Мі-8МТПР. Верталёты РЭБ. Парай ляцелі. Экіпажы жывыя.

Таксама быў збіты Мі-35. Ці працаваў ён па калоне, я не ведаю. Пра экіпаж не ведаю.

У сувязі з тым, што калона вагнераў едзе па трасе М-4 уперамешку з цывільнымі машынамі, працаваць верталёты відавочна не могуць.

Цяпер траса закрытая. Машыны прыбіраюць», — напісаў інфармаваны блогер Fighterbomber.

Паводле апошніх паведамленняў, сілы ПВК «Вагнер» працягваюць рухацца. Яны падышлі да вайсковага аэрадрома Бутурлінаўка ў Варонежскай вобласці.

Перакрыццё аўтамагістралі «Крым» у Маскоўскай вобласці можа сведчыць пра тое, што сілы, верныя Пуціну і Шайгу дапускаюць магчымасць выхаду вагнераўцаў на рубяжы Падмаскоўя.

На відэа з мясцовых паблікаў — зенітна-ракетныя комплексы «Панцыр» вагнераўцаў пад Бутурлінаўкай.

На тэрыторыі Варонежскай вобласці ўведзены рэжым контртэрарыстычнай аперацыі.

У Варонежы між тым звычайная суботняя раніца: вайсковай тэхнікі і ўзмоцненых нарадаў паліцыі пакуль няма. У адной з вайсковых часцей горада таксама спакойна.

Суседнія з Растоўскай і Варонежскай вобласці выступленнямі пакуль не ахопленыя, але іх кіраўніцтва напагатове ці, прынамсі, заяўляе пра гэта. У Ліпецкай вобласці, напрыклад, адмянілі ўсе масавыя мерапрыемствы, як паведамляюць мясцовыя ўлады.

Сітуацыя ў Краснадарскім краі застаецца спакойнай, дадатковыя меры бяспекі не ўводзіліся, усе аб'екты жыццезабеспячэння працуюць штатна, як паведамляецца ў тэлеграм-канале аператыўнага штаба краю.

Рэакцыя цэнтра

У мэтах «спынення магчымых тэрактаў» на тэрыторыі Масквы і Маскоўскай вобласці ўведзены рэжым контртэрарыстычнай аперацыі.

На ўездзе ў Маскву па Варшаўскай шашы — КамАЗы і мноства супрацоўнікаў паліцыі, паведаміў тэлеграм-канал «Осторожно, новости».

У Падмаскоўі ў раёне Серпухава перакрыты мост цераз Аку на аўтамагістралі М-2 «Крым». Рух у бок Масквы заблакаваны.

У Пецярбургу сілавікамі ачэплены звязаныя з Прыгожыным гатэль і рэстаран, а таксама офіс ПВК «Вагнер», там ідзе ператрус, паведамляе «Фонтанка».

Як вядома, яшчэ ўчора ФСБ завяла ў дачыненні да Прыгожына крымінальную справу паводле артыкула аб арганізацыі ўзброенага бунту. Генпракуратура пацвердзіла законнасць гэтага рашэння.

Суровы Уладзімір Пуцін выступіў у сувязі з падзеямі з пяціхвілінным зваротам.

Ëн назваў выступ вагнераўцаў «ударам у спіну» і «здрадай» і параўнаў гэты выступ з падзеямі 1917 года. «Піхаюць краіну да анархіі і капітуляцыі», — сказаў прэзідэнт Расіі.

Пуцін заявіў, што «сітуацыя ў Растове застаецца складанай». Пра тое, што пад кантролем мяцежнікаў знаходзіцца і Варонеж, ён змаўчаў.

Ëн заклікаў «не рабіць фатальную, трагічную памылку. Зрабіць адзіны правільны выбар: спыніць удзел у злачынных дзеяннях».

Рэакцыя насельніцтва, мясцовых чыноўнікаў і «лідараў думак»

Нейкая мэйнстрымная думка расіян адносна таго, што адбываецца, пакуль не праглядаецца. Усё змяшалася ў гэтыя хвіліны на вуліцах Растова-на-Доне і Варонежа.

Мясцовыя жыхары з мацюкамі каментуюць, як у іх на вачах вагнераўцы акружаюць падкантрольны Мінабароны будынак. 

Некаторыя жыхары Растова-на-Доне крытыкуюць вагнераўцаў, уступаюць у спрэчкі з імі на вуліцах.

На вуліцах Растова-на-Доне ўзнікаюць спрэчкі між прыхільнікамі і праціўнікамі ПВК «Вагнер».

З заявамі аб вернасці Уладзіміру Пуціну выступілі таксама кіраўнікі акупацыйных адміністрацый: Данецка — Дзяніс Пушылін, Херсона — Уладзімір Сальда і Запарожжа — Яўген Баліцкі.

«Гнюснай здрадай» назваў мяцеж Прыгожына кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў.

Кадыраў заявіў, што «цалкам падтрымлівае кожнае слова са звароту Пуціна і што байцы Мінабароны і Расгвардыі па Чачні ўжо выехалі ў зоны напружанасці».

У той жа час свае сімпатыі да Прыгожына асцярожна выказвае шэраг расійскіх ваенкараў.

Манархіст Ігар Гіркін (Стралкоў), былы «міністр абароны» самаабвешчанай «ДНР», які таксама вядомы ў апошні час як актыўны крытык Крамля, стаў у гэтым канфлікце на бок Пуціна:

«У гэтай сітуацыі кожны сумленны афіцэр, які памятае аб прысязе, абавязаны супрацьстаяць мяцежнікам, — напісаў Стралкоў. — Незалежна ад таго, як ён ставіцца да дзейнага прэзідэнта, міністра абароны і г. д.»

Рэакцыя звонку

Кіраўнік украінскай разведкі Буданаў пракаментаваў сітуацыю з Прыгожыным. Ён кажа, што гэта не пастаноўка, а «цалкам рэальны канфлікт».

Буданаў заявіў, што Прыгожын «часта кажа праўду» пра сітуацыю ў расійскім войску, у адрозненне ад Мінабароны РФ.

Украінскія каналы, незалежна ад палітычнай афіляцыі, з асалодай асвятляюць падзеі ў Расіі.

Так, Анатоль Шарый сцвярджае, што «праз Варонеж пачынае рух у бок Масквы другая калона ПВК «Вагнер».

Са зваротам да беларусаў звярнуўся Валерый Сахашчык.

«Дзень у Растове выдаўся цікавы», — заявіў былы камандзір 38-й дэсантнай брыгады, апрануты ў вайсковую форму.

«Прарасійскі шлях завёў нас у тупік», — заявіў прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета па абароне і бяспецы.

Ëн заклікаў «аб’яднаць сілы і ўратаваць радзіму».

«Вайскоўцы 38-й дэсантнай брыгады і іншых вайсковых часцей, настройцеся на нашу хвалю і заставайцеся на сувязі. Мы пераможам!» — закончыў Сахашчык свой зварот.

Чытайце таксама:

Ключавы момант у спробе вайсковага перавароту ў Расіі: ці пасля звароту Уладзіміра Пуціна вагнераўцы спыняцца

Мяцеж Прыгожына выбівае вялікую частку баяздольных часцей і дэмаралізуе расійскіх вайскоўцаў

Лукашэнкаўскія прапагандысты таксама не спяць і з хваляваннем сочаць за сітуацыяй у Расіі. Зрабілі для вас падборку іх выказванняў

Клас
23
Панылы сорам
2
Ха-ха
6
Ого
1
Сумна
1
Абуральна
6