Ілюстрацыйны здымак. Фота: av.by

Ілюстрацыйны здымак. Фота: av.by

Дзяўчыну ў 2020-м затрымлівалі па адміністрацыйным артыкуле за пратэсты. Але раней яе на допыт на мяжы не выклікалі.

Яна ездзіла на пару тыдняў да сяброў у Еўропу і вярталася ў Мінск.

«На беларускай мяжы мы ўсе пайшлі на пашпартны кантроль з рэчамі. А ў мяне яшчэ была пакрышка для матацыкла.

Сказалі: тыя, каму дэкларацыі трэба запаўняць, і ўкраінцы мусяць быць першымі ў чарзе. Працэнтаў 20 у аўтобусе было ўкраінцаў». 

Некаторых украінцаў пасля прагляду пашпартоў папрасілі пачакаць убаку. Нашу суразмоўцу таксама.

Пазней прыйшоў кадэбіст. Украінцы засталіся ўнізе, а «падазроных» беларусаў павялі ў кабінет на другім паверсе.

«Задавалі пытанні па пратэстах, глядзелі тэлефон (галерэю, інстаграм, тэлеграм), было пытанне па сітуацыі з Украінай. Пыталіся, чаму галасавалі за Ціханоўскую. Паколькі я верніца, пыталіся, што ў царкве казалі пра выбары, хто з царквы з вамі хадзіў на несанкцыянаваныя мерапрыемствы. 

У мяне ў тэлеграме неяк застаўся бот «Вясны». Я не памятаю, магчыма, я свае пратаколы адпраўляла. І яны спрабавалі ўсё высветліць, што я адпраўляла ў чат-бот «Вясны».

Я дзёрзка гаварыла з кадэбістам, бо была стомленая, хацела есці, памыцца, хацела дадому. Яго раздражняла, што я доўга думала над адказамі, а я разумела, што абы-што адказваць нельга, бо гэта допыт».

У тэлеграме ў яе таксама нечакана выскачыла інфармацыя пра «Байсол».

«Я патлумачыла, што калі людзі губляюцца, то я званю ў 102, а пасля выкарыстоўваю ўсе спосабы, каб знайсці чалавека».

Кадэбіст пакінуў дзяўчыну пачакаць у калідоры. Праз хвілін з 20 паклікаў. Сказаў, што можа паехаць на 15 сутак за знойдзенае ў тэлефоне. Таму варыянты: або паехаць у ІЧУ, або выдаліць, што ён скажа, і больш не ўвязвацца ў палітыку. Яна выдаліла.

Аўтобус ужо не чакаў дзяўчыну, паехаў без яе.

«Я пачала разбірацца з шынай. У мяне была адмова ў дэкларацыі. І мне трэба было ці шыну аўтобусам адправіць, ці самой яе адвезці. Яна дарагая, вырашыла сама везці. Мяне пасадзілі на найбліжэйшы аўтобус.

Са мной ехаў мужчына, якога знялі з аўтобуса, калі ён ехаў з Мінска. У яго быў надгляд, а не допыт. Яго раздзявалі і здымалі на камеру. Таксама з палітыкай было звязана, ён суткі раней сядзеў».

За мяжой суразмоўца вырашыла падацца на міжнародную абарону. Яна лічыць, што прыняла правільнае рашэнне.

«Я, як верніца, магу сказаць, што гэта вялікая ласка Божая, што так абярнулася. І з гэтай шынай — калі б не шына, я б ехала ў Мінск, бо вельмі хацелася дадому».

Праваабаронцы паведамлялі таксама, што да некаторых людзей, якіх узмоцнена надглядаюць на мяжы, пасля прыходзяць з ператрусам.

Клас
13
Панылы сорам
27
Ха-ха
4
Ого
2
Сумна
17
Абуральна
115