«Гара Вячэрняя» — адзіная беларуская навуковая станцыя ў Антарктыцы. Фота: belpolus.by

«Гара Вячэрняя» — адзіная беларуская навуковая станцыя ў Антарктыцы. Фота: belpolus.by

Беларусь не змагла атрымаць «кансультатыўны статус» па Антарктыцы, які надзяліў бы яе правам голасу па ўсіх кіраўніцкіх пытаннях антарктычнага рэгіёну. Як паведамляе навуковае выданне Research Professional News, на нядаўнім пасяджэнні па гэтым пытанні бакі не змаглі прыйсці да кансэнсусу ў тым ліку праз пазіцыю Украіны і яе саюзнікаў.

Само пасяджэнне праходзіла ў Фінляндыі яшчэ 8 чэрвеня. На ім удзельнікі Дагавора па Антарктыцы, які быў падпісаны ў 1959 годзе, абмяркоўвалі заяўку Беларусі на атрыманне права голасу ў справах Антарктыкі, якую тая падавала яшчэ ў 2021 годзе. 

У выніку бакі абмеркавання палічылі, што Беларусь зрабіла недастаткова навуковага ўкладу ў антарктычныя даследаванні і ў дадатак да гэтага разам з Расіяй парушыла Статут ААН, падтрымаўшы незаконнае ваеннае ўварванне ва Украіну.

«Згодна з Дагаворам аб Антарктыцы, кансультатыўны статус і права голасу можа атрымаць або краіна-заснавальніца Дагавора (ЗША, Расія і іншыя), або краіна, якая праводзіць значны аб'ём даследаванняў у Антарктыцы.

У выпадку ж з Беларуссю, нягледзячы на ​​яе заявы аб дастатковасці яе ўкладу ў антарктычныя даследаванні, далёка не ўсе ўдзельнікі пагадзіліся, што гэта адпавядае рэчаіснасці. Акрамя таго, па інфармацыі ўкраінскага боку, з тэрыторыі Беларусі падчас вайны быў нанесены ракетны ўдар па Нацыянальным антарктычным навуковым цэнтры ў Кіеве, што абсалютна недапушчальна», — піша Research Professional News са спасылкай на мінулае пасяджэнне і асабісты каментар выданню ад прадстаўнікоў Украіны.

Гэтае рашэнне выданню паспелі пракаментаваць і прадстаўнікі навуковай супольнасці Беларусі. Частка з іх паставілася да вынікаў пасяджэння з разуменнем, бо «ўклад Беларусі ў антарктычныя даследаванні сапраўды невялікі і міжнародная супольнасць ведае гэта лепш». 

Разам з тым знайшліся і тыя, хто раскрытыкаваў гэтае рашэнне. 

«Гэта несправядліва. Беларусь праводзіць значную даследчую дзейнасць у Антарктыцы і адпавядае ўсім крытэрыям для атрымання кансультатыўнага статусу», — заявіў Юры Гігіняк, супрацоўнік Навукова-практычнага цэнтра Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па біярэсурсах.

Сама Акадэмія навук і МЗС Беларусі адмовіліся даваць каментары выданню па гэтым пытанні. Адзначым, што Беларусь валодае адной навуковай антарктычнай станцыяй у рэгіёне (станцыя «Гара Вячэрняя») і з 2006 года з'яўляецца ўдзельнікам Дагавора аб Антарктыцы, але без права голасу.

Чытайце таксама:

Скончылася місія ўкраінскага амбасадара ў Беларусі

Міжнародная арганізацыя працы падтрымала рэзалюцыю аб пераглядзе адносін з Беларуссю

ПАРЕ падтрымала поўнае недапушчэнне беларускіх і расійскіх спартоўцаў на Алімпіяду нават у нейтральным статусе

Клас
12
Панылы сорам
1
Ха-ха
12
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?