На сайце ёсць аўдыякнігі па творах класікаў, сучасных аўтараў, а таксама аўдыякнігі для дзяцей. Сярод кніг, агучаных самім праектам, па праслухоўванні з вялікім адрывам лідзіруюць дзве.

Першае месца, што было чакана, займае папулярны твор Уладзіміра Караткевіча — прыгодніцкая аповесць «Дзікае паляванне караля Стаха».

Галоўны герой выпадкова становіцца сведкам злавеснага прывіду дзікага палявання з далёкага мінулага, які трымае ў страху людзей.

Аповесць, агучаная купалаўцам Алегам Гарбузам, даступная бясплатна. 

«Дзікае паляванне караля Стаха» і «Апошняя кніга пана А.» лідзіруюць па праслухоўванні сярод кніг, агучаных праектам Audiobooks.by

«Дзікае паляванне караля Стаха» і «Апошняя кніга пана А.» лідзіруюць па праслухоўванні сярод кніг, агучаных праектам Audiobooks.by

За ім следам ідзе «Апошняя кніга пана А.» Альгерда Бахарэвіча. Яна складаецца з 30 казак, якія распавядае купцу-выдаўцу пісьменнік, што трапіў у доўг. Кніга была выдадзена ў рэвалюцыйным 2020 годзе і ўжо сёлета ўнесена рэжымам Лукашэнкі ў спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Трэцяй па папулярнасці стала кніга «Мая школа» Ганны Севярынец, у якой аповед вядзецца ад імя «русіцы» з сярэдняй школы ў выдуманым горадзе.

Аўдыякнігу агучыла сама аўтарка пры падтрымцы беларускіх супрацоўнікаў кампаніі Google.

Чацвёртае месца нечакана, як прызнаюцца самі стваральнікі сайта, у зборніка апавяданняў, які выдадзены яшчэ ў 2008 годзе. Гэта «Шлях дробнай сволачы», у якой Ева Вежнавец вывела галерэю нетыповых моцных гераінь, якія спрабуюць выжыць у краіне «дробнай сволачы» і гатовыя на выпрабаванні. Магчыма, у топы кніга паднялася праз вялікі поспех апошняга выдадзенага твора аўтаркі — аповесці «Па што ідзеш, воўча?».

На пятым месцы размясціўся самы вядомы твор Мендэле Мойхер-Сфорыма, яўрэйскага аўтара з Капыля, — сатырычны раман «Падарожжы Беньяміна ІІІ» у перакладзе Паўла Касцюкевіча. Раман, выдадзены яшчэ ў 1878 годзе, распавядае пра жыхароў беларускага мястэчка, якія выправіліся ў фантастычныя краіны Усходу.

Завяршае падборку найбольш папулярных беларускіх аўдыякніг аповесць «Танцы над горадам» Уладзіміра Арлова, за якую аўтар атрымаў Літаратурную прэмію Ежы Гедройця. Героі аповесці — самнамбулы, якія ўдзень не знаёмыя паміж сабой, а ўначы ўтвараюць таемнае брацтва.

«Падарожжы Беньяміна ІІІ» і «Танцы над горадам» таксама даступныя для праслухоўвання бясплатна. 

А вось з платнымі кнігамі склалася дзіўная сітуацыя: Беларусь у гэтым спісе займае толькі шостае месца, саступаючы па продажы беларускіх аўдыякніг Польшчы, ЗША і нават Расіі.

Гэта тлумачыцца ў першую чаргу недаступнасцю ў краіне такіх шырокавядомых платных сэрвісаў, як Google Play Books, Spotify, Apple. Сёння з Беларусі кнігі можна набываць толькі праз адзін сэрвіс — Kobo, але, па-першае, не кожны захоча ставіць яшчэ адну лішнюю праграму на тэлефон, а па-другое, плаціць за некаторыя творы, прызнаныя экстрэмісцкімі, папросту небяспечна. Да таго ж у пачатку гэтага года Міністэрства інфармацыі абмежавала доступ да сайта з Беларусі.

На гэты момант на сайце сабраныя спасылкі на 523 кнігі з сайтаў «Кніжны Воз», «Беларуская палічка», «Камунікат», «Радыё Свабода», «Беларускі ПЭН-цэнтр», «Мінінфарм Рэспублікі Беларусь», а таксама ва ўласным агучванні, таму кожны зможа знайсці нешта на свой густ.

Чытайце таксама:

Улады абмежавалі доступ да сайта з беларускімі аўдыякнігамі  

Янушкевіч у «Жыцці-маліне»: Ваўкі не ведаюць, што такое дараванне 

Сем рэсурсаў, дзе можна слухаць беларускія аўдыякнігі 

Пяць крамаў, дзе можна купіць беларускія кніжкі (у тым ліку з дастаўкай за мяжу)

Клас
25
Панылы сорам
0
Ха-ха
2
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
2

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?