Аляксандр Гурнік
Мужчыну абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або ўдзеле ў такіх дзеяннях (ч. 1 арт. 342 КК), закліках да санкцый (арт. 361-1 КК) і абразе Лукашэнкі (ч. 1 арт. 368 КК).
Судовы працэс, які пачаўся яшчэ 16 лютага, вёў суддзя Дзмітрый Куроўскі, піша «Вясна».
Палітзняволены Аляксандр Гурнік — агент па нерухомасці, блогер, аўтар блога «Беларусь у акне». На ягоны TikTok-акаўнт быў падпісаны 431 чалавек. У роліках ён гумарыстычна каментаваў беларускія навіны.
Гурніка затрымалі ў канцы чэрвеня 2022 года, разбіўшы пры гэтым акно яго кватэры. З апублікаванага праўладным тэлеграм-каналам відэа бачна, што міліцыя грукала ў дзверы Гурніка кувалдай. Адчыніць яе такім чынам не атрымалася, і сілавікі залезлі ў кватэру праз акно. Аляксандра пры гэтым моцна збілі.
Аляксандра ўжо збівалі раней, у 2020 годзе: ён трапіў пад хвалю катаванняў на Акрэсціна падчас жнівеньскіх пратэстаў. Паводле апублікаванага на яго старонцы медыцынскага заключэння, мужчыну жорстка збілі падчас затрымання на выхадзе з дома 12 жніўня і на Акрэсціна, на яго целе было 47 гематом.
У ходзе разгляду крымінальнай справы ўстаноўлена, што Гурнік са жніўня па кастрычнік 2020 года «неаднаразова браў удзел у блакаванні руху транспартных сродкаў у Мінску, размяшчаў у сацыяльных сетках відэа з абразамі Лукашэнкі».
У жніўні 2021 года абвінавачаны не менш за чатыры разы накіраваў лісты прадстаўнікам Міжнароднага валютнага фонду (МВФ) з заклікамі, накіраванымі на прычыненне шкоды нацбяспецы.
Як вынік — пяць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Чытайце таксама:
На мінскай «хіміі» сілавікі зладзілі маскі-шоу
Адбыліся затрыманні на баранавіцкай чыгунцы
Пачаўся судовы працэс па справе педагога-рэпетытара Яўгена Лівянта