Шаўкат Мірзіёеў. Фота: прэс-служба прэзідэнта Узбекістана

Шаўкат Мірзіёеў. Фота: прэс-служба прэзідэнта Узбекістана

Выбарчая камісія абвясціла, што больш за 90% выбаршчыкаў падтрымалі рэформу. Папраўкі павялічваюць тэрмін прэзідэнцтва з пяці да сямі гадоў і дазваляюць прэзідэнту балатавацца трэці раз. Цяпер Шаўкату Мірзіёеву 66 гадоў, ён да 83 гадоў зможа кіраваць краінай, якую ўзначаліў у 2016 годзе.

Мірзіёеў прыйшоў да ўлады пасля смерці першага прэзідэнта Узбекістана Іслама Карымава, які кіраваў краінай 26 гадоў.

Канстытуцыя Узбекістана была прынятая ў 1992 годзе. Сярод новаўвядзенняў таксама забарона смяротнага пакарання.

У цэлым змены датычаць 65% Канстытуцыі. Прэзідэнт сцвярджае, што кардынальныя рэформы ўдасканаляць кіраванне краінай і забяспечаць больш правоў для яе жыхароў, але яго крытыкі сцвярджаюць, што яны выгадныя перш за ўсё самому Мірзіёеву.

Іслам Карымаў за дзесяцігоддзі свайго кіравання ператварыў Узбекістан у адну з самых рэпрэсіўных краін у свеце. Мірзіёеў распачаў некаторыя асцярожныя крокі да паляпшэння адносін з Захадам, у прыватнасці, пры ім у краіне сталі прыцягваць турыстаў з багатых краін і адмовіліся ад найбольш адыёзных прыкладаў рэпрэсій. Адмена смяротнага пакарання ў новай Канстытуцыі ўкладваецца ў гэтае рэчышча.

Разам з тым, яго апаненты адзначаюць, што парушэнні правоў чалавека працягваюцца, у краіне няма рэальнай апазіцыі, а дзейнасць СМІ жорстка кантралюецца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
6
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
2