Энтані Блінкен не патлумачыў, чаму ён лічыць, што на гэты раз баявыя дзеянні сапраўды будуць спыненыя, піша Бі-бі-сі.

Блінкен распавёў толькі, што дамоўленасць аб спыненні агню з ваенізаваным фармаваннем «Сілы хуткай падтрымкі» (СХП) і рэгулярнай арміяй была дасягнутая ў выніку 48 гадзін перамоваў. Агенцтва Reuters тлумачыць, што пасрэднікамі ў перамовах выступілі ЗША і Саудаўская Аравія.

СХП пацвердзілі словы Блінкена, выпусціўшы заяву, што яны гатовыя цалкам спыніць агонь.

Войска Судана праз дзве гадзіны пасля абвешчанага Блінкенам пачатку перамір'я таксама заявіла праз фэйсбук, што мае намер яго выконваць.

Падчас баёў, якія ўспыхнулі ў Судане 15 красавіка, загінулі як мінімум 400 чалавек.

З-за баёў жыхары сталіцы Судана, Хартума, вымушаныя ў асноўным сядзець па дамах, і ў іх заканчваюцца ежа і вада. У некаторых месцах пашкоджаны вадаправод, і многім хартумцам прыйшлося адпраўляцца па ваду да ракі Ніл.

Перамір'е, калі яно будзе выконвацца, дазволіць мірным жыхарам пакінуць горад. Акрамя таго, замежныя дзяржавы спадзяюцца, што яны змогуць эвакуяваць з Судана сваіх грамадзян.

У Хартуме і Судане ў цэлым няма або амаль няма і інтэрнэту: па даных групы маніторынгу сеткі NetBlocks, у цэлым па краіне ўзровень выкарыстання інтэрнэту цяпер складае 2% ад звычайнага, а ў Хартуме інтэрнэт цалкам знік з вечара нядзелі.

Баі паміж суданскай рэгулярнай арміяй і ваенізаваным фармаваннем «Сілы хуткай падтрымкі» ўспыхнулі 15 красавіка, пасля таго, як камандзір СХП, генерал Махамед Хамдан Дагала разгрупаваў сваіх байцоў па краіне, што армія ўспрыняла як пагрозу.

Як тлумачаць эксперты па Судане, у цэлым канфлікт зводзіцца да асабістага супрацьстаяння камандуючага арміяй і фактычна кіраўніка дзяржавы генерала Абдэль Фатаха аль-Бурхана і генерала Махамеда Хамдана Дагала.

Чытайце таксама:

Спроба вайсковага перавароту ў Судане. Там пачаліся сутыкненні паміж арміяй і «джынамі на конях»

МЗС параіў беларусам не ехаць у Судан

У Судане праз узброеныя сутыкненні захрас экіпаж беларускага самалёта Belcanto Airlines

Клас
0
Панылы сорам
1
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
0