Крэмль раніцай 18 красавіка апублікаваў відэа візіту Уладзіміра Пуціна ў Херсонскую вобласць і «ЛНР». Са слоў кіраўніка Расіі на першапачатковым відэа Крамля вынікае, што паездка магла адбыцца яшчэ на мінулым тыдні. Практычна адразу відэа замянілі, паведамляе «Агенцтва. Навіны».

Апублікаванае відэа пачынаецца з таго, што Пуцін выходзіць з верталёта, які стаіць з ужо заглушаным рухавіком. На борце верталёта няма бартавога нумара. Затым на заднім сядзенні японскага пазадарожніка «Таёта Лэнд Крузер» прэзідэнт Расіі даязджае да размешчанага прыкладна за 40 км ад мяжы з Крымам Генічаска. Картэж праязджае стэлу, якая стаіць на ўездзе ў горад з боку пасёлка Новааляксееўка.

З відэа можа скласціся ўражанне, што Пуцін прыляцеў у Генічаск на верталёце. Аднак паказаныя пазней кадры ад'езду Пуціна з горада могуць сведчыць пра тое, што ён перасоўваўся на верталёце толькі па тэрыторыі Крыма, а ў Херсонскай вобласці ехаў на машыне. На кадрах ад'езду Пуціна бачная гасцініца Чангар, размешчаная проста на мяжы з Крымам. Над гасцініцай кружаць некалькі верталётаў. Пасля гэтых кадраў у афіцыйнай хроніцы Крамля ідуць кадры, знятыя з верталёта.

У Генічаску Пуціна сустракае камандуючы групоўкай «Днепр» генерал-палкоўнік Алег Макарэвіч. На кадрах сустрэчы можна разгледзець нумар адной з машын у картэжы прэзідэнта — в202ав 99. Раней гэты нумар ужо з'яўляўся на форуме, прысвечаным аўтамабільным нумарам спецсерый, якія выкарыстоўваюцца ўладай. Яго сустракалі на машынах УАЗ Patriot і Renault Logan.

У суправаджэнні Макарэвіча Пуцін праходзіць у памяшканне з надпісам «групоўка войскаў «Днепр»». Спасылкі на гэтую групоўку войскаў пачалі з'яўляцца ў публікацыях некалькі месяцаў таму, аднак дагэтуль нічога не паведамлялася пра яе камандуючага.

З паведамлення на сайце Крамля вынікае, што Пуцін таксама заслухаў даклад камандуючага ПДВ Міхаіла Цяплінскага. Гэта абвяргае заявы ваенкараў аб тым, што Цяплінскі быў зняты з пасады ў студзені, а яго месца заняў Макарэвіч. На апублікаваным відэа Пуцін просіць Цяплінскага асабіста далажыць яму пра сітуацыю на фронце.

Пасля гэтага ідуць кадры з пакоя з кафлянымі сценамі, дзе Пуцін уручыў ваенным копію іконы, якая належала «аднаму з найбольш паспяховых міністраў абароны Расійскай арміі ў XIX стагоддзі». Супрацоўнік ВГТРК Андрэй Мядзведзеў выказаў здагадку, што гаворка ідзе пра графа Дзмітрыя Мілюціна.

Пры ўручэнні іконы Пуцін прамаўляе: «Цяпер вось Вялікдзень будзе, так?»

У 2023 годзе праваслаўны Вялікдзень святкаваўся 16 красавіка, і кіраўнік дзяржавы прысутнічаў на велікодным набажэнстве ў Храме Хрыста Збаўцы ў ноч з 15 на 16 красавіка. Гэтыя словы Пуціна дазваляюць зрабіць выснову, што сустрэча праходзіла да 16 красавіка (18 красавіка Дзмітрый Пяскоў заявіў журналістам, што Пуцін наведваў акупаваную Херсоншчыну і «ЛНР» учора, 17 красавіка — НН). У відэа, апублікаваным на сайце Крамля, слова «будзе» выразанае. Яно знікла і з відэа ў тэлеграм-канале прэс-службы прэзідэнта.

Пасля гэтага Пуцін аказваецца, як паведамляецца, у Луганскай вобласці. На гэтых кадрах кіраўнік расійскай дзяржавы апрануты ў іншае адзенне (чорная вадалазка замест кашулі з гальштукам). Тут ён сустракаецца з генерал-палкоўнікам Аляксандрам Лапіным у памяшканні з надпісам «групоўка войскаў (сіл) «Усход» войскаў нацыянальнай гвардыі Расійскай Федэрацыі». Гэтая сустрэча пацвердзіла паведамленні, што Лапіна вярнулі на фронт у красавіку.

Сустрэча Пуціна з Лапіным можа сведчыць пра ўзмацненне пазіцый Мінабароны і паслабленне пазіцый заснавальніка «ПВК Вагнера» Яўгена Прыгожына і кіраўніка Чачні Рамзана Кадырава. Менавіта яны настойвалі на зняцці Лапіна з пасады камандуючага групоўкай «Цэнтр» пасля здачы Лімана.

У Крамлі паведамілі, што паездкі Пуціна на анексаваныя тэрыторыі «загадзя не рыхтаваліся».

Гэта другі вядомы выпадак наведвання Пуціным анексаваных тэрыторый. Упершыню ён ездзіў у Данбас месяц таму: паводле паведамлення Крамля і заявы Дзмітрыя Пяскова, увечары 18 сакавіка ён наведваў Марыупаль.

Чытаць таксама:

Пуцін наведаў расійскія войскі на поўдні Украіны

Клас
4
Панылы сорам
6
Ха-ха
20
Ого
2
Сумна
1
Абуральна
4