Жыўнасць на лецішчы Мізулы трымаюць даўно, піша «Светлы шлях». Але куры, гусі, качкі, трусы — для здаровага харчавання, а страусы — для цікавасці, для душы.

— Купіў дваіх, а трэцяга сын на дзень нараджэння падарыў. Малыя яны тады былі зусім — па месяцы чатыры, а афарбоўка — як у дзікоў, паласатыя такія. Усё лета разам з куранятамі ў цяпліцы і пражылі, — кажа дачнік.

Пра тое, што гэта два самцы і самачка, гаспадары даведаліся нядаўна, таму што да двух гадоў знешніх адрозненняў у птушак не было. Цяпер жа, калі прыгледзецца да афарбоўкі пёраў на шыі, то можна зразумець, што ў самцоў яны з блакітнаватым адлівам.

А яшчэ «хлопцы» выдаюць незвычайныя гукі — падобныя на барабанны гук.

Ларыса Якімаўна прызнаецца, што адразу была не ў захапленні ад гэтых экзатычных гасцей у гаспадарцы. А цяпер так прыкіпела да іх душой, вельмі палюбіла.

— Падыду, абдыму, руку ў пёры апушчу — і так добра на душы становіцца. А як цікава з імі гуляць, назіраць за звычкамі.

— Пабегайце, пакажыце сябе! — жартаўліва камандуе сваім падапечным Уладзіслаў Браніслававіч. І птушкі, распушыўшы пёры, паўстаюць ва ўсёй красе.

Што ў меню ў вялікай птушкі?

Гэта цяпер у страусаў выдатныя пенаты і вялікі дворык. Гаспадар пастараўся. Праўда, плот прыйшлося два разы рабіць. Вышыню ў 1 метр 20 сантыметраў птушкі бралі з разбегу. Адзін страус уцёк, насіўся па дачах, пакуль не злавілі. Цяпер сетка ў два метры — такая вышыня птушкам не паддаецца.

Калі цёпла, страусы амаль увесь час на вуліцы. Калі душна, ім уключаюць ваду і робяць фантан, тады яны «ад радасці ногі ўверх падкідваюць, быццам лятку-енку танчаць, кажа Уладзіслаў Мізула.

Аказваецца, гаспадары ўжо пачаставаліся яйкам-дэлікатэсам, і людзям далі пакаштаваць. Ларыса Якімаўна рабіла амлет, а дачка яйка ў салату дадавала. Першае ўзважылі — паўкіло. Жаўток па памеры з добры яблык.

А сёлета вывелі страусяня. У канцы лютага малое з'явілася на свет. Паклаў яго Уладзіслаў Браніслававіч у інкубатар для вывядзення куранят, адсочваў працэс.

— Чую, на 57 дзень — яйка варушыцца, пішчыць, але праклёву няма. Прыйшлося дапамагчы. Надкалоў яйка акуратненька, а далей малы сам усё зрабіў. Да вечара ўжо нават на вуліцу выйшаў, — кажа Мізула. Унукі назвалі страусяня Бэбі. Пакуль ён дома, але хутка прывязуць на лецішча.

Кормяць сваіх страусаў Мізулы, як курэй. Гаспадар удакладняе, што зерне дае не цалкам — дробніць. Любяць страусы і траву: «амерыканку», лісце буракоў, морквы, хрэну.

«Ніколі не бачыў іх такімі худымі». Рэдкіх быкоў з адрэзаных паводкай астраўкоў пад Туравам так пакуль і не вывезлі

У Гомелі ратавальнікі ўратавалі ад вялікай вады коціка ВІДЭА

У Пінску выратавалі казулю, якая трапіла ў ачышчальныя збудаванні

Клас
15
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
2
Сумна
0
Абуральна
3