ААЭ

Дубай, ААЭ. Фота: pixabay

Паводле нядаўніх уцечак амерыканскіх сакрэтных дакументаў Расія і Аб'яднаныя Арабскія Эміраты пагадзіліся працаваць разам супраць спецслужбаў ЗША і Вялікабрытаніі. Пра гэта 12 красавіка паведаміла агенцтва Associated Press са спасылкай на адзін са злітых дакументаў.

Як піша агенцтва, гэты дакумент пад назвай «Расія / ААЭ: паглыбленне выведвальных адносін» змяшчае ў сабе інфармацыю аб тэлефонных званках і электронных паведамленнях супрацоўнікаў ФСБ, якія перахапілі і праслухоўвалі амерыканцы. 

ЗША лічаць, што ААЭ і Расія хочуць скарыстацца ўсё большым аддаленнем Злучаных Штатаў ад блізкаўсходняга рэгіёна.

«Паводле звестак выведкі, у сярэдзіне студзеня прадстаўнікі службы бяспекі ААЭ і ФСБ Расіі дамовіліся аб сумесным супрацьдзеянні амерыканскім і брытанскім спецслужбам. ААЭ, умацоўваючы адносіны з расійскай выведкай, магчыма, жадаюць засцерагчы сябе на фоне ўсё большага аддалення ЗША ад рэгіёна», — гаворыцца ў сакрэтным дакуменце.

Пры гэтым, як адзначае AP, у дакуменце нічога не сказана аб тым, ці было заключана паміж ААЭ і Расіяй па гэтай тэме якое-небудзь афіцыйнае пагадненне, альбо ці з'яўляюцца перахопленыя размовы агентаў ФСБ наўмыснай дэзынфармацыяй для ўвядзення ЗША ў зман.

Афіцыйныя асобы ААЭ, дарэчы, ужо паспелі адхрысціцца ад дакумента, назваўшы яго сцвярджэнні і высновы «цалкам хлуслівымі».

«Мы абвяргаем любыя сцвярджэнні адносна якіх-небудзь пагадненняў аб паглыбленні супрацоўніцтва паміж нашай службай бяспекі і спецслужбамі іншых краін супраць каго б там ні было», — прыводзіць афіцыйную заяву ААЭ агенцтва Associated Press.

ЗША ж, паводле інфармацыі агенцтва, зусім адмовіліся каментаваць змест дакумента і яго сапраўднасць.

Нагадаем, што нядаўна ў амерыканскіх уцечках выявіліся падрабязнасці аб дыверсіі ў Мачулішчах і яе магчымых арганізатарах.

Акрамя таго, злітыя дакументы распавялі аб некалькіх «неверагодных» сцэнарах далейшага развіцця вайны ва Украіне і аб паўсюдным пранікненні амерыканскай выведкі ў палітычныя і вайсковыя структуры Расіі.

Чытайце таксама:

Украіна змяніла ваенныя планы з-за ўцечкі сакрэтных дакументаў Пентагона — CМІ

Геапалітычная гульня Кітая: якую ролю выконваюць Пуцін і Лукашэнка?

Арабскі свет больш не падтрымлівае дзеянні Расіі

Клас
4
Панылы сорам
0
Ха-ха
5
Ого
2
Сумна
3
Абуральна
15